https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Лукашэнка правядзе нараду па пытаннях амністыі


12 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка правядзе нараду па пытаннях амністыі, паведаміў сайт кіраўніка дзяржавы.
Падрыхтаваць праект закона аб амністыі Лукашэнка публічна распарадзіўся, выступаючы са штогадовым пасланнем да народа і парламента 8 мая. Ён даручыў ураду распрацаваць такі дакумент аператыўна, каб прымеркаваць амністыю да "галоўнага дзяржаўнага свята — Дня незалежнасці" (3 ліпеня. — БелаПАН.) "Я ўжо аб гэтым гаварыў: дастойныя людзі пакутуюць у засценках, а нягоднікаў мы выпускаем — пад націскам ці не пад націскам", — заявіў Лукашэнка.

23 мая ўпраўленне інфармацыі і грамадскіх сувязей МУС паведаміла, што дэпартамент выканання пакаранняў (ДВП) падрыхтаваў і ўнёс на разгляд Савета міністраў праект закона аб амністыі, які ўзгоднены з усімі зацікаўленымі дзяржорганамі. Паводле папярэдніх ацэнак, з месцаў пазбаўлення волі можа быць вызвалена каля 2,8 тыс. чалавек. Больш чым 7 тыс. асуджаных у рамках амністыі плануецца скараціць на год тэрмін пакарання.

Калі прапанаваны варыянт закона будзе ўхвалены кіраўніком дзяржавы, то ўжо ў ліпені на волю выйдуць непаўналетнія, цяжарныя жанчыны, жанчыны і адзінокія мужчыны, якія маюць непаўналетніх дзяцей, інваліды I і II груп, хворыя на анкалагічныя захворванні, удзельнікі ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС і пацярпелыя ад катастрофы на ЧАЭС, а таксама ветэраны баявых дзеянняў на тэрыторыі іншых дзяржаў. Акрамя таго, ад пакарання могуць быць вызвалены асобы, якія ўчынілі злачынствы, што не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі, і злачынствы, што адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх, але пры ўмове кампенсавання прычыненага ўрону.

Амністыя, згодна з праектам закона, не распаўсюджваецца на тых, да каго раней прымяняўся адпаведны закон. Не падлягаюць амністыі асобы, якія не кампенсавалі ўрон, прычынены злачынствам, і грамадзяне, якія не вярнулі дзяржаве даход, атрыманы ад незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Не варта спадзявацца на вызваленне і асобам, якія дапусцілі асабліва небяспечны рэцыдыў. Таксама не выйдуць на волю тыя, хто не кампенсаваў расходы на дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Не будзе паслабленняў і аб`яўленым у вышук у сувязі з ухіленнем аб адбывання пакарання па прыгаворы суда.

У ДВП асабліва падкрэслілі: амністыя не распаўсюджваецца на асоб, якія злосна парушаюць устаноўлены парадак адбывання пакарання.

Гэта будзе ўжо 12-я амністыя з 1991 года. У выніку леташняй амністыі на волю выйшлі 2.300 чалавек.

На думку аналітыкаў, вялікая верагоднасць таго, што ў ходзе амністыі будуць вызвалены калі не ўсе, то хаця б некаторыя палітзняволеныя. Амністыя дае ўладам магчымасць выканаць асноўнае патрабаванне Еўрасаюза, захаваўшы пры гэтым твар, адзначаюць эксперты.

Аднак самі палітзняволеныя настроены больш песімістычна. Так, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч нават не спадзяецца трапіць пад амністыю — аб гэтым ён заявіў у тэлефоннай размове з жонкай.

Яшчэ адзін палітзняволены, прадпрымальнік з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч, у лісце сябру адзначыў: "Па-першае, гэта немагчыма, бо ўсім палітзняволеным "зроблены" парушэнні, і яны не могуць трапіць пад амністыю. Па-другое, размова аб амністыі з`яўляецца прыдуманай гульнёй для еўрапейцаў. Еўрапейцы павінны гэта разумець і не наступаць у чарговы раз на тыя ж граблі".

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 12 чэрвеня 2012
 
Дата публикации:12.06.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2430
 
Ключевые слова:
День Независимости Амнистия Политзаключённые
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме