У Беларусі сабрана амаль мільярд тон прамысловых і бытавых адходаў, для перапрацоўкі якіх у краіны пакуль няма тэхналогій і сродкаў.
Паводле яго слоў, прыблізна мільярд тон адходаў ляжаць на зямлі, уключаючы адвалы "Беларуськалія" і Гомельскага хімзавода, які выпускае фасфатныя ўгнаенні. Прамысловыя адходы складаюць 96% усіх адходаў у краіне, яшчэ 4% — бытавое смецце, якога прыкладна 40 млн. тон. "Галоўнае пытанне — калійныя адходы, з якімі пакуль не ведаем што рабіць", — зазначыў міністр.
За гэту пяцігодку ў Беларусі павінны пабудаваць 11 заводаў па перапрацоўцы смецця, працуюць пакуль шэсць, у сувязі з чым сартуецца і перапрацоўваецца толькі малая частка бытавых адходаў.
"З пункту гледжання запасаў вады, нам і нашым унукам хопіць яе на многія стагоддзі, зможам яшчэ і прадаваць, — зазначыў Цалко. — А вось над яе якасцю трэба працаваць, хаця тая пітная вада, якую мы ўжываем, — у межах норм. Ёсць праблема з ачышчальнымі збудаваннямі, якія былі пабудаваны 30-40 гадоў таму і тэхналагічна састарэлі. Згодна з дзяржаўнай праграмай водаспажывання і водаадвядзення, найбліжэйшымі гадамі мы павінны пабудаваць дзясяткі ачышчальных збудаванняў, станцый абезжалезвання, новыя сістэмы водаправодаў".
Паводле слоў міністра, за апошнія гады Беларусь значна скараціла выкіды ў атмасферу забруджвальных рэчываў — іх удзельны паказчык складае 7,8 тоны на кв. км (для параўнання: у Еўропе — ад 5,5 да 8 т/кв. км, у краінах былога СССР — ад 8 да 19 т/кв. км).
БелаПАН, 1 чэрвеня 2012