Згодна з пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый, з 20 мая па 31 жніўня ў дзённы час сутак (з 11.00 да 21.00) пры тэмпературы паветра вышэй за 25°С абмяжоўваецца рух транспартных сродкаў з нагрузкай на адзіночную вось больш як 6 тон па рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах з асфальтабетонным пакрыццём.
Рух згаданага аўтатранспарту дазволены ў начны час з 21.00 вечара да 11.00 раніцы.
Варта зазначыць, што часовыя абмежаванні не распаўсюджваюцца на перавозкі пасажыраў, жывых жывёл, кветак, грузаў гуманітарнай дапамогі, бетонных і асфальтабетонных сумесяў, небяспечных грузаў, скорапсавальных грузаў, насеннага фонду і перавозак, звязаных з прадухіленнем або ліквідацыяй надзвычайных сітуацый.
На аўтамабільных дарогах устаноўлены часовыя дарожныя знакі, для транспартных сродкаў, якія трапляюць пад абмежаванні, вызначаны пляцоўкі і месцы адстою. За перамяшчэннем "цяжкавагавікоў" арганізаваны пастаянны кантроль. "За пашкоджанні дарог, выкліканыя перамяшчэннем з парушэннем абмежаванняў, вінаватыя будуць прыцягвацца да адказнасці ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам", — падкрэслілі ў "Белаўтадары".
Як патлумачылі ў дэпартаменце, абмежаванні абумоўленыя тым, што пры высокіх станоўчых тэмпературах дэфармацыйныя і трываласныя ўласцівасці дарожных пакрыццяў істотна пагаршаюцца. Прасцей кажучы, асфальтабетоннае пакрыццё ў гэты час пад уздзеяннем павышаных восевых нагрузак транспарту дэфармуецца, што прыводзіць да стварэння ўвагнутасцяў, зрухаў, бугроў і ўпадзін, да з`яўлення каляін. У выніку народная гаспадарка нясе ўнушальныя страты. Апрача таго, ствараецца зусім рэальная пагроза бяспецы дарожнага руху. Таму пастановы аб абмежаванні руху аўтатранспарту прымаюцца штогод.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 20 мая 2012