«Крыж і цярпенні заўсёды спадарожнічалі і спадарожнічаюць чалавеку. Нездарма ў Святым Пісанні гаворыцца, што жыццё чалавека — гэта даліна слёз. Чалавек нараджаецца з плачам. Усё яго жыццё напоўнена рознымі праблемамі і клопатамі», — адзначыў Мітрапаліт. Перыяд Вялікага посту дадзены, каб зразумець, што трэба несці крыж пакаяння. Вернікі прыступаюць да сакрамэнту споведзі, каб суперажываць крыж Езуса Хрыста. Мітрапаліт Кандрусевіч заахвоціў прысутных, падыходзячы да крыжа і ў цішыні сэрца адаруючы яго, спытацца ў сябе: ці нясем мы гэты крыж пакаяння?
Па словах іерарха, каб крыж сапраўды быў для нас знакам жыцця, «неабходна ўзнесці яго ў сваёй душы». «Недастаткова ставіць яго толькі на скрыжаваннях вуліц, вешаць на сценах нашых памяшканняў, насіць на шыі, апраўляць у золата і дарагія камяні. Неабходна ўвесці закон крыжа ў нашае жыццё, неабходна кіравацца яго мудрасцю, неабходна дазволіць любові крыжа дзейнічаць у нашых сэрцах і валодаць намі», — адзначыў арцыпастыр.
catholic.by
7 красавіка 2012