Падведзены вынікі завочнага тура Сусветнага лінгвакультуралагічнага конкурсу. Ён праводзіцца ў межах рэалізацыі федэральнай мэтавай праграмы "Руская мова" на 2011—2015 гады сумесна Федэральным агенцтвам па справах СНД, суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, і па міжнародным гуманітарным супрацоўніцтве (Рассупрацоўніцтва) і Цэнтрам міжнароднай адукацыі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В.Ламаносава. Прысвечаны конкурс святкаванню Дня рускай мовы (6 чэрвеня).
Ён праводзіцца ў 25 краінах у два туры. Завочны тур конкурсу праходзіў з 1 па 20 сакавіка ў рэжыме анлайн. У Беларусі ў ім узялі ўдзел 486 чалавек. Па выніках завочнага тура выяўлены 30 пераможцаў, якія возьмуць удзел у вочным туры.
Вочны тур будзе праводзіцца 2 красавіка на базе Расійскага цэнтра навукі і культуры ў Мінску.
Правядзенне вочнага тура будзе праходзіць па наступным графіку: I намінацыя (для замежных вучняў агульнаадукацыйных устаноў ва ўзросце да 16 гадоў) — з 11.00 да 13.00; II намінацыя (для замежных грамадзян, якім больш за 16 гадоў і якія вывучаюць рускую мову) — з 13.30 да 15.30; III намінацыя (для расійскіх суайчыннікаў, якія жывуць за мяжой, і грамадзян Рэспублікі Беларусь) — з 16.00 да 18.00.
Удзельнікі вочнага тура павінны будуць напісаць творчую работу (сачыненне), аб`ёмам не менш за 150 слоў (I намінацыя), не менш за 200 слоў (II намінацыя) і не менш за 300 слоў (III намінацыя). Падчас кожнай намінацыі ўдзельнікам будуць прапаноўвацца тры тэмы на выбар. Час напісання работы — дзве гадзіны.
Узнагароджанне пераможцаў конкурсу адбудзецца 6 чэрвеня ў Маскоўскім дзяржаўным універсітэце імя М.В.Ламаносава.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 1 красавіка 2012