https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сяргея Каваленку накіроўваюць на комплексную псіхіятрычную экспертызу


Судовая калегія Віцебскага абласнога суда 10 красавіка прызначыла Сяргею Каваленку комплексную псіхіятрычную экспертызу ва ўмовах стацыянара. У хуткім часе апазіцыянер будзе адпраўлены ў рэспубліканскую псіхіятрычную бальніцу ў Навінках (Мінск).
Да атрымання вынікаў экспертызы разгляд касацыйнай скаргі Каваленкі на прыгавор суда Першамайскага раёна Віцебска прыпынены. Пра гэта паведаміў праваабаронца Валянцін Стэфановіч, які прысутнічаў на разглядзе касацыйнай скаргі Каваленкі.

"Суд прыняў гэта рашэнне з уласнай ініцыятывы. Нібыта ўзніклі рознагалоссі: калі Сяргей знаходзіўся ў Мінску, псіхіятр выдаў яму заключэнне аб тым, што ён адэкватны, а ў псіхіятрычным аддзяленні калоніі "Віцьба-3" псіхіятр мяркуе, што ў яго расстройства здароўя", — сказаў Стэфановіч.

Паводле слоў праваабаронцы, экспертыза павінна даць адказ на чатыры пытанні: ці не пакутаваў Каваленка ад псіхічнага захворвання ў момант учынення крымінальнага злачынства 7 студзеня 2010 года, ці мог ён асэнсоўваць свае дзеянні; ці пакутуе падсудны ад псіхічнага захворвання зараз; ці патрэбны яму меры прымусовага лячэння; ці мае Каваленка індывідуальныя асаблівасці псіхічнага стану.

Дата наступнага судовага разбору не прызначана.

Жонка апазіцыянера Алена Каваленка баіцца, што яе муж можа не перанесці этапаванне ў Навінкі.

"Я не ведаю, як у яго стане, у стане галадоўкі, ён перанясе этап, — сказала яна ў каментарыі БелаПАН. — У мяне ёсць толькі дзве думкі пра гэта. Першая — ён памрэ па дарозе, і тады здымаюцца ўсе пытанні. Другая — прызнаюць, што ў яго поўнасцю адсутнічае памяць, дыскрэдытуючы тым самым ідэі, за якія ён змагаецца, і прызначаць прымусовае лячэнне ў духу савецкіх часоў і карнай псіхіятрыі".

Алена непакоіцца з-за таго, што ўжо прыблізна трое сутак ніхто са сваякоў і блізкага атачэння Сяргея яго не бачыў. "Учора, 9 красавіка, да яго не дапусцілі адваката. Сёння яго не прывезлі ў суд. Сёння ж яго ў калоніі "Віцьба-3" паспрабавала наведаць маці, аднак урач калоніі заявіў, што Сяргею ўкалолі нейкі седатыўны сродак, ён спіць і праспіць да вечара", — паведаміла жонка актывіста.

Нагадаем, Сяргей Каваленка абскарджвае прыгавор, вынесены яму 24 лютага судом Першамайскага раёна Віцебска. Суд прызнаў яго вінаватым ва ўхіленні ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі (арт. 415 КК). Гаворка ідзе пра пакаранне, вынесенае апазіцыянеру ў маі 2010 года за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай навагодняй ёлцы Віцебска, — тры гады пазбаўлення волі ўмоўна. Каваленка быў затрыманы 19 снежня 2011 года і з таго часу знаходзіцца ў зняволенні.

У знак пратэсту супраць дзеянняў улад актывіст КХП-БНФ абвясціў галадоўку, падчас якой страціў палову сваёй вагі. Зараз, паводле слоў жонкі, ён важыць прыблізна 45 кілаграмаў замест ранейшых 83. Каваленку ўтрымліваюць у псіхіятрычным аддзяленні бальніцы на тэрыторыі віцебскай папраўчай калоніі "Віцьба-3".

1 красавіка яго пачалі прымусова карміць. Прымаць ежу самастойна ў турэмных умовах апазіцыянер адмаўляецца, нягледзячы на шматлікія ўгаворванні родных і просьбы прадстаўнікоў грамадскасці і апазіцыйных палітыкаў. Пры гэтым Каваленка заяўляе, што спыніў бы галадоўку, калі б яго перавялі ў звычайную цывільную бальніцу.

Вызвалення віцебскага апазіцыянера патрабуюць праваабаронцы і міжнародныя арганізацыі.

Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 10 красавіка 2012
 
Дата публикации:10.04.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2622
 
Ключевые слова:
Оппозиция в Беларуси Сергей Коваленко Голодовка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме