https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Сёння — гадавіна тэракта ў мінскім метро


Выбух на станцыі "Кастрычніцкая" прагрымеў 11 красавіка ў 17.56. Пятнаццаць чалавек загінулі, 387 — атрымалі раненні рознай ступені цяжкасці.
І сам тэракт, і яго расследаванне атрымалі шырокі грамадскі рэзананс.

Праз суткі пасля тэракта, вечарам 12 красавіка, былі затрыманыя падазроныя, 25-гадовыя выхадцы Віцебска Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Акрамя абвінавачання ва ўчыненні тэракта ў метро пасля іх абвінавацілі ў выбухах у Віцебску восенню 2005 года і ў Мінску 4 ліпеня 2008-га.

Крымінальную справу аб тэракце ў метро разглядаў Вярхоўны суд. Канавалаў падчас працэсу сваю віну прызнаў поўнасцю. Кавалёў сваю замешанасць ва ўсіх трох выбухах адмаўляў, а таксама заявіў, што падчас дасудовага расследавання агаварыў сябе і Канавалава пад націскам следства. 30 лістапада суд прыгаварыў іх да вышэйшай меры пакарання — смяротнай кары. Канавалава прызналі вінаватым у тэрарызме, Кавалёва — у дапамаганні тэрарызму і неданясенні аб падрыхтоўцы злачынства.

Кавалёў падаў касацыйную скаргу на прыгавор і прашэнне аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі. Канавалаў, паводле афіцыйных даных, прашэнне не падаваў.

Лукашэнка ў памілаванні адмовіў, матывуючы гэта "небяспекай і надзвычай цяжкімі наступствамі для грамадства ўчыненых актаў тэрарызму".

Камітэт ААН па правах чалавека, куды паступіла скарга ад родных Кавалёва, заклікаў улады Беларусі не караць смерцю асуджанага да таго часу, пакуль скарга не будзе разгледжана. Тым не менш 17 сакавіка стала вядома, што абодва смяротныя прыгаворы прыведзеныя ў выкананне. Як вынікае з афіцыйнай даведкі аб смерці Кавалёва, гэта адбылося 15 сакавіка.

Многія ў Беларусі, у тым ліку некаторыя пацярпелыя ад тэракта, сумняваюцца ў віне Канавалава і Кавалёва. Яны ўказвалі на тое, што судовы працэс не адпавядаў прававым нормам, доказы абароны ігнараваліся. Праваабаронцы, у сваю чаргу, адзначаюць беспрэцэндэнтна хуткае пакаранне смерцю абвінавачаных у тэракце, што, паводле іх меркавання, выглядае падазрона.

Міжнародная супольнасць, у тым ліку Савет Еўропы і Еўрасаюз, асудзілі расстрэл Канавалава і Кавалёва і чарговы раз заклікалі Беларусь — адзіную ў Еўропе краіну, дзе дагэтуль прыводзяць у выкананне смяротныя прыгаворы, — увесці мараторый на смяротную кару.

Сёння ў Мінску пройдуць афіцыйныя мерапрыемствы ў памяць аб ахвярах тэракту. У 17.50 каля ўваходу на станцыю метро "Кастрычніцкая" будзе адкрыты памятны знак. У гэта ж час каля храма ў гонар Усіх Святых у памяць аб бязвінна забітых пройдзе мітынг-рэквіем, а ў крыпце храма запланавана адкрыць дошку памяці і адслужыць паніхіду.

Ускласці кветкі да месца трагедыі плануюць маладзёжныя актывісты з 19.00 да 20.00. "11 красавіка 2011 года застанецца ў памяці абсалютнай большасці беларусаў як дзень трагедыі, як дзень бессэнсоўнага забойства людзей, — сказана ў заяве васьмі маладзёжных апазіцыйных арганізацый. — І хоць "тэрарысты" былі злоўленыя, асуджаныя і расстраляныя менш чым праз год, пытанняў у грамадстве засталося куды больш, чым адказаў".

БелаПАН
Мінск, 11 красавіка 2012
 
Дата публикации:11.04.2012
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:2799
 
Ключевые слова:
Взрыв в минском метро Теракт Терроризм Смертная казнь
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме