Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, падчас рабочай сустрэчы разгледжаны вынікі развіцця рэгіёну ў 2011 годзе, ход выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы, планы і перспектывы на будучыню.
Асаблівую ўвагу Лукашэнка звярнуў на аграрную сферу ў сувязі з кліматычнымі зменамі. "Гомельшчыну трэба прыстасоўваць да клімату з пункту гледжання сяўбы сельскагаспадарчых культур і вядзення сельскай гаспадаркі ў цэлым", — мяркуе ён.
Дворнік паведаміў пра стан спраў у сельскай гаспадарцы вобласці, у тым ліку ў жывёлагадоўлі. У рэгіёне пайшлі на павелічэнне ў севазвароце долі засухаўстойлівых культур, найперш кукурузы. Гэта дазволіла нарыхтаваць дастаткова кармоў для стабільнага павелічэння аб`ёмаў прадукцыі жывёлагадоўлі.
Абмяркоўвалася развіццё ў першую чаргу заходняй часткі Гомельскай вобласці і ўсходу Брэсцкай.
Як зазначыў Дворнік, паводле вынікаў 2011 года толькі два з 16 прагнозных паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага развіцця (будаўніцтва жылля і прыцягненне інвестыцый) аказаліся ніжэйшымі за леташні ўзровень. Разам з тым прамых замежных інвестыцый за мінулы год прыцягнута ўтрая больш, чым у 2010-м, — звыш 200 млн. долараў. На 2012 год ужо сфарміраваны інвестыцыйны партфель, які, як чакаецца, дазволіць павялічыць гэты аб`ём, заявіў чыноўнік.
Паводле яго слоў, дадатковы імпульс развіццю рэгіёну павінен надаць праект па распрацоўцы Петрыкаўскага радовішча калійных соляў. "Для Гомельскай вобласці гэта будзе велізарны рывок у прамысловасці, і для людзей будуць створаны добрыя ўмовы", — сказаў Дворнік.
Сяргей Пульша, БелаПАН
Мінск, 27 лютага 2012