https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Зьміцер Саўка: Нашы людзі чакаюць, калі ўлады скажуць - гэта наша мова


У сьвеце налічваецца ад 6 да 7 тысяч моваў, пры гэтым больш за 2 тысячы зь іх знаходзяцца на мяжы зьнікненьня.
ЮНЭСКО занесла беларускую мову ў лік выміраючых. Апошні перапіс насельніцтва 2009 году паказаў, што на беларускай мове размаўляе толькі 30% жыхароў краіны. І ўсяго 6% менчукоў кантактуюць паміж сабой па-беларуску. Ці сапраўды беларускай мове пагражае зьнікненьне? Што рабіць, каб захаваць родную мову і прывучыць беларусаў шанаваць і паважаць яе?

Брытанскі прафэсар-беларусіст, старшыня Ангельска-беларускага таварыства Джым Дынглі: «У Вялікай Брытаніі ёсьць такія ж праблемы: з уэльскай мовай, з кельцкімі мовамі ў іншых частках нашых выспаў. Так што мы тут маем такія ж праблемы. Сумна, канечне, калі мова вымірае. Але ва ўсім сьвеце мовы розныя выміраюць».

Беларускі лінгвіст Зьміцер Саўка: «Так, я лічу, што беларускай мове пагражае выміраньне. На вялікі жаль. Гэта пэрспэктыва бліжэйшых дзесяцігодзьдзяў, калі ня зьменіцца нешта ў нашай дзяржаве ў стаўленьні ўладаў да мовы. Ну, такая мэнтальнасьць у нашых людзей законапаслухмяных. Яны чакаюць, калі ўлады скажуць: „Так, гэта наша дзяржаўная мова, гэта наша спадчына, гэта мова нашых дзядоў, і яе трэба перахоўваць, гэта самае дарагое, што мы маем“. Вось калі дзяржава так скажа і яшчэ зробіць пэўныя крокі ў пэўным кірунку — тады пэрспэктывы будуць зусім іншыя. А пакуль што — сумныя».

​​Кандыдат філялягічных навук, супрацоўніца акадэмічнага Інстытуту мовы і літаратуры, намесьніца старшыні ТБМ Алена Анісім лічыць, што амаль кожнай мове можа пагражаць зьнікненьне і ўсё залежыць ад канкрэтнай дзейнасьці канкрэтных людзей:

«Я б ня ставіла пытаньне пра зьнікненьне, а ставіла б пытаньне пра звужэньне яе выкарыстаньня і ўжываньня. Найбольшую, канечне, трывогу выклікае выкарыстаньне беларускай мовы ў афіцыйнай сфэры. Але я бачу тыя высілкі грамадзтва, асобных людзей, якія накіраваныя на тое, каб мова беларуская як культурны здабытак нашага народу ўсё ж была і пашырала сфэру ўжываньня.

​​​​​​Прафэсар Джым Дынглі, які жыве ў Лёндане, але мае жонку-беларуску і добра ведае тутэйшую сытуацыю, выказаў такое меркаваньне наконт пагрозы зьнікненьня беларускай мовы:

«Праблема ёсьць. Але я думаю, што людзі ў першую чаргу самі ня думаюць пра мову як пра каштоўнасьць, а толькі як пра інструмэнт. І калі ім зручней гаварыць па-ангельску, па-расейску — яны будуць гаварыць па-расейску, па-ангельску. Ва ўсім сьвеце так будзе. Я лічу, што гэта нармалёва.

І ў Беларусі праблема ня толькі ў дзяржаве. Што такое дзяржава, акрамя людзей, якія жывуць у дзяржаве? Дзяржава сама нічога ня робіць, робяць людзі. Людзі ў дзяржаве робяць. Так што сумна, але я ня ведаю, што рабіць, як выправіць сытуацыю…»

Алена Анісім узгадала 1990-я гады, калі ў краіне быў з боку моладзі ўсплёск цікавасьці да беларускай мовы, які, на яе думку, вызначаўся больш рамантызмам і эмацыйнасьцю. А цяпер павінны ісьці іншыя працэсы, бо пакаленьне больш прагматычнае:

«Калі яно бачыць, што мова ў нечым дапамагае менавіта, напрыклад, у сфэры бізнэсу вылучыцца сваёй адметнасьцю і тым самым нейкія дывідэнды атрымаць, то яны карыстаюцца беларускай мовай як інструмэнтам. І гэта вельмі важна, што беларуская мова адпавядае часу. І яна можа забясьпечыць тыя функцыі, скажам, і ў сфэры рэклямы, у іншых сфэрах — тое, што запатрабавана».

Іна Студзінская
Радыё Свабода, 21 лютага 2012
 
Дата публикации:21.02.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3441
 
Ключевые слова:
Международный день родного языка Белорусский язык
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме