Мерапрыемствы праходзілі ў Палацы вобласьці. Іх арганізавалі гарадзкая арганізацыя Таварыства беларускай мовы й творчы клюб «Натхненьне».
Сёлета магілёўскія рупліўцы беларускай мовы пісалі дыктоўку пяты раз. Для яе арганізатары абралі верш «Летапісец» Максіма Багдановіча.
"Вершу спаўняецца сёлета сто год і ён прысьвечаны Магілёву",- так аргумэнтаваў выбар твору для дыктоўкі адзін зь яе арганізатараў Алег Дзьячкоў.
Дыктавала Багдановічаў верш настаўніца беларускай мовы й літаратуры Ганна Бандарэнка. Вынікі дыктоўкі будуць агучаныя пазьней.
«Дзякуючы дыктоўцы Дзень роднай мовы пачалі адзначаць у Магілёве ня толькі людзі, якія дбаюць пра беларускую мову, але й улада. Летась кіраўнік гарвыканкаму Станіслаў Барадаўка павіншаваў магілёўцаў з гэтым сьвятам. Сёлета гэты дзень будуць адзначаць адмысловымі імпрэзамі ў магілёўскіх школах», — зазначыў кіраўнік гарадзкой арганізацыі ТБМ Алег Дзьячкоў.
«Беларускае пяціборства» для дарослых праходзіла ўпершыню. Штогод яго тэбээмаўцы праводзяць для школьнікаў ва ўнівэрсытэце імя Куляшова. Дарослыя, як і вучні, меліся адказаць на пяць пытаньняў — па адным па матэматыцы, геаграфіі, гісторыі ды беларускай мове й літаратуры. На выкананьне заданьняў ініцыятар «Пяціборства» Міхась Булавацкі адвёў дваццаць пяць хвілінаў. Перамог у інтэлектуальным спаборніцтве сябра ТБМ Сяргей Дымкоў. Другое месца заняла вучаніца восьмай клясы Яніна Асіпцова. Трэцяе — Алег Дзьячкоў.
На прыканцы сьвяточных мерапрыемстваў былі ўручаныя «Пасьведчаньні сябра ТБМ» дзясятку новым сябрам актывістам. Прагучалі вершы мясцовых паэтаў. Зь вітаньнем і вершамі выступіў прадстаўнік украінскай дыяспары гораду Уладзімер Цішчанка.
Радыё Свабода
19 лютага 2012