https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Нацыянальны мастацкі музей Беларусі прывязуць з Літвы «слуцкае золата»


паясы са збору Нацыянальнага мастацкага музея Лiтвы
З 17 лютага ў Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі будуць упершыню выстаўлены чатыры слуцкія паясы са збору Нацыянальнага мастацкага музея Літвы ў Вільнюсе.
«Заміж пярсідскага ўзору…»

Так ужо гістарычна склалася, што ў адрозненне ад суседніх Расіі, Літвы, Польшчы, Украіны ў музейных калекцыях нашай краіны знакамітыя і шырока вядомыя па літаратурных творах слуцкія паясы прадстаўлены адзінкавымі экзэмплярамі. У прыватнасці ў Нацыянальным мастацкім музеі захоўваюцца толькі два фрагменты. А ўсяго ў розных музейных зборах Беларусі налічваецца каля 20 экзэмпляраў — фрагментаў і цэлых слуцкіх паясоў.

— У культуры Вялікага княства Літоўскага пояс быў неад’емнай і важнай часткай мужчынскага касцюма эпохі сарматызму. Пояс суправаджаў чалавека ў розных жыццёвых сітуацыях і сімвалізаваў узровень ўлады і багацця яго ўладальніка, — расказала «Р» куратар выстаўкі, загадчык аддзела старажытнабеларускага мастацтва Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Алена Карпенка.

Узорнымі лічыліся вырабы майстроў з Асманскай імперыі, Персіі (Ірана), Кітая. Але прывезеныя паясы былі рэдкасцю і дорага каштавалі, так узнікла неабходнасць стварэння мясцовых мануфактур па вырабу падобных рэчаў.

Першая «персіярня» па вытворчасці паясоў усходняга ўзору, заснаваная князямі Радзівіламі, узнікла ў Нясвіжы ў 1740-х гадах. Пасля яна перамясцілася ў Слуцк, дзе традыцыя вырабу залатых тканін існавала з 16—17-га ст.ст. Першыя паясы ў Слуцку былі вытканы ў 1743 годзе. Пазней мануфактура пачала працаваць пад кіраўніцтвам запрошанага ў 1758 годзе з горада Станіслава (цяперашняга Івана-Франкоўска, Украіна) Яна Маджарскага.

Майстар армянскага паходжання родам са Стамбула навучаў свайму рамяству спачатку нясвіжскіх, пасля — слуцкіх ткачоў. Арнаменты на паясах капіраваліся з усходніх узораў. Але пазней пад уплывам мясцовай традыцыі набылі нацыянальныя рысы, і замест экзатычных усходніх букетаў на паясах пачалі з’яўляцца лёгка пазнавальныя матывы мясцовай флоры — васількі, макі, незабудкі, званочкі. Пояс, сатканы шоўкавымі, залатымі і сярэбранымі ніцямі, упрыгожвалі бахрамой, на кайме змяшчалі метку з імем майстра ці месцам вытворчасці («Слуцкъ», «Въ грдъ Слуцкъ»), што сведчыла аб прафесійнай адказнасці вытворцы і яго ўпэўненасці ў высокай якасці сваіх вырабаў. Дарэчы, два з прадастаўленых літоўскім музеем слуцкіх паясоў адносяцца якраз да перыяду працы Яна Маджарскага, адзін пазначаны меткай з яго імем.

— Слуцкія паясы — унікальная з’ява нацыянальнай мастацкай культуры. Дзякуючы выдатнаму мастацкаму густу і прыроднаму адчуванню колера беларускія майстры зрабілі велізарны ўносак у гісторыю еўрапейскага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Слуцкія паясы з іх бездакорнай кампазіцыйнай гармоніяй і своеасаблівым вытанчаным арнаментам з’яўляюцца адным з найвышэйшых дасягненняў сусветнай мастацкай культуры, ва ўсім свеце яны прызнаныя нацыянальнай рэліквіяй беларускага народа як унікальны від ручнога ткацтва, — адзначае Алена Карпенка.

Слуцкая мануфактура, якая існавала галоўным чынам дзякуючы вытворчасці паясоў, зачынілася ў 1831 годзе. У выніку канчатковага падзелу Рэчы Паспалітай і далучэння этнічных беларускіх зямель да Расійскай імперыі асартымент скараціўся. Выкарыстанне iх у традыцыйным касцюме шляхты пасля паўстання 1831 года стала знакам палітычнай нядобранадзейнасці. Слуцкі пояс выходзіць з ужытку. У другой палове 19-га стагоддзя ён становіцца прадметам калекцыяніравання.

Ірына Свірко
Рэспубліка, 15 лютага 2012
 
Дата публикации:15.02.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4478
 
Ключевые слова:
Слуцкие пояса Беларусь-Литва
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме