https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Някляеў назваў "лухтой і фальшыўкай" фільм тэлеканала "Беларусь 1" аб фінансаванні Польшчай кампаніі "Гавары праўду!"


Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі Уладзімір Някляеў абвяргае інфармацыю аб тым, што грамадзянская кампанія "Гавары праўду!", якую ён узначальвае, фінансавалася Польшчай.
Такая інфармацыя прагучала ў фільме "Урокі польскай", што быў паказаны 12 лютага ў вячэрнім эфіры тэлеканала "Беларусь 1", са спасылкай на дакументы, апублікаваныя на сайце Wikileaks. Сцвярджалася, у прыватнасці, што МЗС Польшчы распарадзілася выдаць Някляеву з фонду польскага пасольства ў Беларусі 80 тысяч еўра, якія нібыта і пайшлі на арганізацыю мітынгу ў Мінску 19 снежня 2010 года і на "куплю трох тысяч баявікоў".

У фільме згадваўся яшчэ адзін дакумент, апублікаваны на Wikileaks, паводле якога 20 верасня 2011 года пасол Польшчы Лешак Шарэпка сустракаўся з Някляевым і нібыта падчас гэтай сустрэчы ішла гаворка аб выдзяленні Польшчай гранта ў 28 тысяч еўра на нейкі праект. "Лічым, што сума завышана. Рэальная сума расходаў не перавысіць 15 тысяч. Астатнія 13 тысяч чарговым разам могуць быць прысвоены Някляевым і яго людзьмі", — сцвярджалася ў фільме.

У пасольстве Польшчы каментаваць фільм адмовіліся.

Някляеў, у сваю чаргу, назваў прыведзеныя тэлеканалам лічбы "лухтой". "Восемдзесят тысяч на падрыхтоўку акцыі і куплю баявікоў — гэта лухта. Калі падзяліць названую суму на тры тысячы, то атрымаецца крыху больш за 25 еўра на штурмавіка. Знайдзіце мне таго, хто за 25 еўра будзе займацца штурмам урадавага будынка", — аргументаваў палітык у каментарыі БелаПАН.

Паводле слоў Някляева, ніякіх грошай ад Польшчы ён не атрымліваў. "Я разумею, што 80 тысяч еўра, паводле нашага мерання, — вялікія грошы, сума ўражвае. Але і 80 тысяч, і 28 тысяч — гэта ўсё гэта фальшыўка. Ніякага фінансавання з боку Польшчы кампанія "Гавары праўду!" не мела", — падкрэсліў экс-кандыдат.

Ён нагадаў версію, абвешчаную ў свой час Аляксандрам Лукашэнкам, аб тым, што "Гавары праўду!" фінансуе Крэмль. Някляеў адзначыў: на момант заявы Лукашэнкі "ворагам была Расія, таму яе абвінавацілі ў фінансаванні". "Зараз вораг — Польшча, значыць, яна "фінансуе". Калі з-за нейкіх прычын Беларусь пасварыцца з Кітаем, то ў фінансаванні "Гавары праўду!" абвінавацяць Кітай, калі пасварыцца з Венесуэлай — то Венесуэлу", — рэзюмаваў палітык.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
13 лютага 2012
 
Дата публикации:13.02.2012
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:2863
 
Ключевые слова:
Экспорт демократии Оппозиция в Беларуси Некляев Выборы в Беларуси Беларусь-Польша
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме