https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Пэўны тон


У Заслаўі беларускую культуру вызначалі гукамі і фарбамі.
Марозік кусаецца, але сонца. Ёсць у гэтым гармонія, якая не дае засумаваць і трымае ў тонусе. Тон, танальнасць, тонус — тое, што мацуе чалавека і дазваляе яму адчуць, што ён жыве. І што можа гэтае жыццё ўпрыгожыць сам. І ніякія жудасныя маразы не перашкодзяць, калі ёсць жаданне нешта ствараць ці дакрануцца да стварэння. І хто сказаў, што гэта можна рабіць толькі ў сталіцы, дзе нібыта віруе жыццё?..

Свята музыкі, якое адбываецца кожную зіму ў Заслаўі ўжо дванаццаць гадоў, дае магчымасць дакрануцца да творчасці не толькі тым, хто яе прывозіць у гэты старажытны горад па волі мастацкага кіраўніка прафесара Міхаіла Фінберга. Свята гэтае ў нейкім сэнсе інтэрактыўнае. Калі ты на яго прыйшоў, то ўжо прыйдзецца ў яго ўвайсці, паглыбіцца і далучыцца ўласнымі пачуццямі. А то і дзеяннямі.

Тон


За вокнамі — зіхатлівы белы. Затое буйства фарбаў на выставе ў Заслаўскай дзіцячай школе мастацтваў. Мастак Віктар Ціханаў ладзіць майстар-клас літаральна на вачах у прысутных. Яны далучаюцца — могуць узяць пэндзаль і рознымі фарбамі пакідаць мазкі ад сябе асабіста. Асабліва шчыруюць дзеці: калі яшчэ будзе такая магчымасць паўдзельнічаць у стварэнні сапраўднай карціны? Белае палатно пакрываецца плямкамі: хлопчык пакінуў зімовы блакіт у кутку, маленькае дзяўчо дадае сонечны жоўты па ўсёй карціне — у спалучэнні ўсё падобна на сённяшні дзень. Пакуль незразумела, што атрымаецца: усе колеры існуюць нібыта асобна. Але чым больш людзей падыходзіць да мальберта і бярэцца за пэндзаль, тым больш разумееш: штосьці вымалёўваецца. Агульнымі намаганнямі, пад кіраўніцтвам майстра, які адным рухам рукі ўмудраецца звязаць усе рознакаляровыя плямкі пэўным сюжэтам. Атрымліваецца арганічна.

Для Заслаўя арганіка яшчэ і ў тым, што Майстра прапануе творчы дыялог. Адна справа — прывезці і выставіць карціны. Але прыадкрыць таямніцу таго, як яны ўзнікаюць, паказаць, што любы чалавек, у прынцыпе, можа быць стваральнікам, што кожны мазок на палатне — гэта як кожны след у жыцці: усё невыпадкова, усё патрабуе думкі (дзе і як гэты след пакінуць), усё патрабуе гармоніі (што, як і ў якіх прапорцыях спалучыць). Але пакуль усё неакрэслена, людзі стаяць у чарзе, каб узяць пэндзаль. А Майстра назірае і чакае часу, калі ў асобных штрыхах убачыць вобраз і звяжа розныя колеры, ператварыўшы відавочны хаос у стройны момант жыцця. Усё-такі ён аўтар, але дае магчымасць кожнаму, хто пажадае, пакінуць свой след у мастацтве.

Танальнасць

Услед за фарбамі за справу бяруцца гукі. І ў вонкавай маўклівасці белага дня ты ўлоўліваеш асобную мелодыю. Гукі падаюць у паветра, як колеры на палатно. І ты разумееш, што ў іх таксама няма выпадковасці, што і тут усё падуладнае Майстру.

Сёлета Майстрам, чыя музыка гучала ў Заслаўі, быў Леў Абеліёвіч. Кампазітар ХХ стагоддзя, лёсам якога стала менавіта Беларусь. Ураджэнец Вільні, чалавек, які пачынаў як музыкант выхоўвацца ў Варшаве, але ў 1939-м годзе прыйшоў у Мінск, ратуючыся ад фашыстаў. Беларусь яго не толькі ўратавала, але дала магчымасць раскрыць свой талент. Ён шчодра аддзячыў. Творчая спадчына Абеліёвіча ўзбагаціла беларускую сімфанічную музыку, якая з`яўляецца паказчыкам вышыні, сусветнага ўзроўню культуры краіны. Мы можам казаць пра высокі ўзровень, які забяспечылі кампазітары мінулага стагоддзя. Але казаць — адно. Іншая справа, гэты ўзровень дэманстраваць і тым самым сведчыць пра яго. Для гэтага патрэбны канцэрты, дзе б гучала гэтая музыка. Але іх амаль няма. З задавальненнем слухаючы сусветную музычную класіку, мы такім чынам застаёмся адлучанымі ад сваёй класікі. І гэта, напэўна, не зусім справядліва ў адносінах да саміх сябе: ці можа быць народ без мінулага? Без культурнага мінулага, якое ўвасабляе багацце і самавітасць гэтага народа?

Таму я буду заўсёды дзякаваць тым музыкантам, якія бяруцца іграць музыку, якая не папулярная, і пра яе шмат хто не ведае наогул. Буду дзякаваць хоць бы за сам факт таго, што бяруцца яе іграць. Сімфанічны аркестр Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі і малыя ансамблі, якія існуюць у яго складзе, прадставілі творы Льва Абеліёвіча, якому сёлата споўнілася б 100 гадоў.

Так, ужо сёння варта нагадваць музычны твар ХХ стагоддзя, лічыць прафесар, даследчык музыкі Вольга Дадзіёмава:

— Мы жывём у час разрыву традыцый, адбываецца змена эпох. — Мы нібыта імкнёмся наперад, што натуральна. Але важна падчас такога імкнення не згубіць мінулага. Я кажу гэта, узгадваючы, як мы вярталі музыку мінулых эпох, пра якую краіна на доўгі час забылася: Агінскага, Карловіча, Казлоўскага, Радзівілаў і іншых кампазітараў, якіх нават перасталі ўспрымаць як нашых. Дык цяпер можа скласціся сітуацыя, што тое ж здарыцца з музычнай спадчынай ХХ стагоддзя. Яна можа стаць Атлантыдай, якую калі-небудзь прыйдзецца вяртаць з небыцця. Але гэтыя фестывалі, імпрэзы, дзе ёсць магчымасць выконваць беларускую музыку, усё-такі не дазваляюць забываць. Тут выхоўваецца моладзь: сярод выканаўцаў і сярод слухачоў. На мой погляд, інстынкт працягу больш важны, чым інстынкт самазахавання. Таму што працяг дае падмурак для будучыні.

Тонус

Працяг — гэта і маленькія музыканты, якія сёння толькі вучацца ў музычных школках. Але і для іх ужо ладзяцца конкурсы, іх слухаюць прафесійныя музыканты, даюць парады і адзначаюць лепшых. Маленькія дзеці ехалі ў Заслаўе ў такі мароз, каб іграць музыку на конкурсе! Іх мамы ехалі разам з імі, можа, не толькі таму, што спадзяваліся на ўзнагароды і адзнакі, на граматы і добрыя словы. Напэўна, сярод гэтых людзей (малых і дарослых) ёсць сапраўды тыя, хто дзеля творчасці гатовы цярпець, гатовы шмат часу займацца, каб усё-такі лепш разумець гэтую загадкавую музыку. Сёлета менавіта яны — маленькія музыканты — у Заслаўскай школе мастацтваў стварылі ўяўленне пра будучыню, напоўнілі свята музыкі рухам. Яны пакуль атрымалі свае граматы. Але, можа, неўзабаве стануць атрымліваць узнагароды міжнародных конкурсаў. Галоўнае, што, аднойчы паслухаўшы тых, хто супрацьстаіць музычнаму забыццю, яны не будуць задумвацца пра тое, што калі музыка напісана, то яна павінна гучаць.

— Мы даўно маглі паставіць кропку ў справе вяртання імёнаў, значных для беларускай культуры, — гаворыць Міхаіл Фінберг. — Але чым больш працуеш, тым больш разумееш, што ёсць пра што размаўляць. Мы павінны рабіць так, каб наша музычная спадчына гучала ў залах. Нашаму калектыву сёлета 25 гадоў. Вялікая частка нашага жыцця прысвечана менавіта выступленням у малых гарадах Беларусі, дзе людзі накіраваны на культурныя адкрыцці і з задавальненнем прыходзяць на канцэрты. Гэтае выступленне ў Заслаўі — 140-е па ліку, якое мы праводзім у малых гарадах. А сёлета іх колькасць павялічыцца: мы далучым да музычнага жыцця яшчэ і Горкі, дзе шмат студэнтаў, ёсць вышэйшая навучальная установа, значыць, павінна быць культурнае жыццё для людзей, якія неўзабаве пачнуць працаваць дзеля краіны. Наша імпрэза мае навуковы падмурак, мы, акрамя таго, што іграем музыку, імкнёмся яе прадставіць у кантэксце — гістарычным (калі прафесар Вольга Дадзіёмава распавядае пра кампазітараў і іх час) і сучасным, калі нашы суайчыннікі могуць жывіцца тым, што створана ў беларускай музыцы. Гэта даволі дзейсная формула, нездарма мы бачым вынік: сёння на нашы канцэрты прыводзяць сваіх дзяцей тыя, хто сам яшчэ дзіцем наведваў першыя нашы фестывалі.

Ларыса Цімошык
Звязда, 7 лютага 2012
 
Дата публикации:07.02.2012
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3259
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Музыка Заслаўе Композиторы Беларуси
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме