https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Тэракт у менскім мэтро


Бацька загінулага ў мэтро: Імгненная сьмерць — занадта лёгка.
Прадстаўнікі сілавых структураў працягваюць пераконваць грамадзкасьць у правільнасьці сьмяротнага выраку Дзьмітрыя Канавалава і Ўладзіслава Кавалёва. Родныя Кавалёва ўжо перадалі ў Адміністрацыю прэзыдэнта прашэньне аб памілаваньні, бок Канавалавых гэтага пакуль не зрабіў. Ці ёсьць шанец замяніць расстрэл пажыцьцёвым тэрмінам?

Першы намесьнік старшыні Камітэту дзяржбясьпекі Віктар Вягера напярэдадні заявіў, што канкрэтныя тэрміны, цягам якіх сьмяротны прысуд мусіць быць прыведзены ў выкананьне, заканадаўствам не акрэсьленыя:

«Паводле заканадаўства яны маюць права падаць кіраўніку дзяржавы хадайніцтва аб памілаваньні. Зробяць яны гэта, ня зробяць — гэта іх права. Якая далей хада падзеяў і якія гэта будуць тэрміны — мы зараз не вызначаем. Толькі пасьля разгляду хадайніцтваў, калі такія, канечне, будуць».

Падобная неакрэсьленасьць засмучае ня толькі праваабаронцаў, але і родных патэнцыйных сьмяротнікаў. Досьвед мінулых гадоў сьведчыць, што сваякам па некалькі месяцаў не паведамляюць, што іх сыноў ці бацькоў ужо няма сярод жывых. Прыкладам, летась два чалавекі былі расстраляныя нават ня гледзячы на тое, што іх справы знаходзіліся на разглядзе ў Камітэце па правах чалавека ААН. Не дае падстаў для аптымізму і заява Аляксандра Лукашэнкі, які сказаў, што канчатковае рашэньне па справе Канавалава-Кавалёва прыме самым бліжэйшым часам. Пры гэтым Лукашэнка ўдакладніў, што яму няма ў чым папракнуць суд, паколькі выбух 11 красавіка — наймацнейшы ўдар па беларускім грамадзтве:

«Я мушу падпісаць указ і пацьвердзіць рашэньне суду ці, калі чалавек зьвярнуўся па памілаваньне, павінен разглядзець гэтыя дакумэнты. Гэта самае складанае, што можа быць у працы прэзыдэнта, прынамсі у мяне. Я ўжо пра гэта думаў пасьля вынясеньня прысуду і чамусьці не сумняваўся, што суд прыйдзе да такога меркаваньня. Па-першае, тое, што адбылося, гэта анамальна для Беларусі. Па-другое, гэта недапушчальна. Па-трэцяе, загінулі людзі. Па-чацьвёртае, тая нахабнасьць, зь якой ён паводзіў сябе на допытах — а ён намагаўся забіць большую колькасьць людзей. І калі ўсё гэта складваеш... А зь іншага боку — іх бацькі, якія, канечне, перажываюць, частка грамадзтва, якая раптам стала на іх абарону і г.д. І вось пачынаеш узважваць. Я прыму рашэньне бліжэйшым часам, хоць гэта і цяжкае для мяне рашэньне па гэтых двух, ня ведаю, людзьмі іх назваць ці як».
А бабулькі ж усё ведаюць і між сабой гавораць: якімі спосабамі ты выцягнеш за такое жахлівае злачынства?

Віцебскія суседзі Дзьмітрыя Канавалава — галоўнага фігуранта справы аб тэрарызьме — слаба вераць у перагляд выраку. Пэнсіянэр Уладзімер Шмакаў лічыць, што шанцы застацца жывым у хлопца мізэрныя:

«Жанчыны тут талкавалі, калі ўся гэтая справа падыходзіла да фінішу, што нічога яму ня сьвеціць. Прыкладам, маці Кавалёва казала: я ўсімі спосабамі пастараюся яго выцягнуць. А бабулькі ж усё ведаюць і між сабой гавораць: якімі спосабамі ты выцягнеш за такое жахлівае злачынства? Так, яна нават тут дзесьці на вуліцы казала, што будзе падаваць прашэньне аб памілаваньні. Пра Канавлавых нават ня ведаю — думаюць яны пра гэта ці не? Але мяркую, што гэта пустая справа. Нават прэзыдэнт сказаў, што ні ў якім разе іх не памілуе. Гэта ж трэба, як у Беларусі ў бочку мёду вылілі такую лыжку дзёгцю. Самае страшнае злачынства ўчынілі».

У славутага штурхальніка дыска, прызэра алімпійскіх гульняў Васіля Капцюха падчас выбуху ў менскім мэтро загінуў адзіны сын — 21-гадовы Раман. Спартовец востра перажывае сьмерць любімага сына, але кажа, што сьмяротны вырак абвінавачаным ня ёсьць правільным. Калі ўжо караць — дык інакш:

«З улікам абставінаў, якія былі прадстаўленыя ў судзе, яны вінаватыя на 100% і заслужваюць, безумоўна, пакараньня. Адзінае, што я не прыхільнік сьмяротнага пакараньня. Таму што гэта вельмі проста — імгненная сьмерць — у якім бы выкананьні гэта не было ў адносінах да тых людзей, што яны зь імі зрабілі — я маю на ўвазе пятнаццаць забітых людзей, уключна з маім сынам. Нават у мяне бываюць такія імгненьні, калі я проста не хачу жыць, таму што ўсё несправядліва: людзі памерлі ні за што. Мне цяжка жыць, успрымаць гэтую сытуацыю, гэты сьвет цяпер, бо цалкам зьмянілася сьветаадчуваньне, вельмі шмат несправядлівасьці. Таму ўсё ж я гавару, што трэба, каб чалавек урэшце асэнсаваў тое, што ён зрабіў, каб гэты ўчынак мучыў яго доўгі час. Дый ці мала што: будзе шанец выправіцца, зрабіць нешта карыснае для грамадзтва. Гэта мая асабістая пазыцыя як бацькі, які страціў сына».

Тым часам беларуская і міжнародная грамадзкасьць працягвае дамагацца мараторыю на сьмяротны прысуд Дзьмітрыю Канавалаву і Ўладзіславу Кавалёву. Паводле незалежных экспэртаў, у справе шмат нестыковак, якія патрабуюць новага дэталёвага разгляду. Апроч таго, праваабаронцы называюць ганебным той факт, што Беларусь застаецца адзінай эўрапейскай краінай, дзе выконваецца сьмяротнае пакараньне.

3 сьнежня 2011
Ігар Карней, Радыё Свабода
 
Дата публикации:03.12.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:3390
 
Ключевые слова:
Взрыв в минском метро Терроризм Теракт
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме