https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Маці Уладзіслава Кавалёва звярнулася да прэзідэнта


Яна просіць Аляксандра Лукашэнку “як сына, бацьку і чалавека” захаваць жыццё ейнаму сыну і Дзмітрыю Канавалаву.
Зварот быў агучаны на прэс-канферэнцыі, якую зладзілі прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання”.

“Не ведаю, ці пачуеце вы гэты зварот, або ад вас зноўку схаваюць праўду. Не дайце пазбавіць жыцця сыноў, чыя вінаватасць выклікае вялікі сумнеў”, – агучыла свой зварот Любоў Кавалёва. Жанчына адзначае, што апошняе слова ў гэтай справе застаецца за прэзідэнтам, і просіць Лукашэнку не спяшацца з пакараннем, а запатрабаваць, каб ягоныя падначаленыя правялі дадатковае расследаванне.

Удзельнікі прэс-канферэнцыі – праваабаронцы Людміла Гразнова, Алег Волчак і Андрэй Палуда – таксама падкрэслілі, што следства і суд у справе аб выбуху ў менскім метро не былі ясныя і пераканаўчыя, падчас іх быў дапушчаны шэраг працэсуальных парушэнняў. Як зазначыў праваабаронца Андрэй Палуда, грамадскасць не пачула адказу на самае галоўнае пытанне – які быў матыў у так званых тэрарыстаў.

Праваабаронцы лічаць, што захаваць жыцці Кавалёву і Канавалаву неабходна і дзеля грамадскай бяспекі, бо гэта людзі, якія маюць каштоўную інфармацыю пра акалічнасці трагедыі. На меркаванне ж Алега Волчака, смяротны вырак абвінавачаным стане сведчаннем таго, што ўлады хаваюць дзейнасць добра арганізаванай ваенізаванай структуры, удзельнікі якой і зладзілі выбух у менскім метро. Яны ж спрычыніліся і да выбуху 2008 г., што прагучаў у Менску ў ноч з 3 на 4 ліпеня.

Паводле праваабаронцы, да гэтай высновы пасля вывучэння матэрыялаў справы яны прыйшлі разам з былым следчым пракуратуры Дзмітрыем Петрушкевічам і былым камандзірам менскага спецназу палкоўнікам Уладзімерам Барадачом. “Менск перастаў быць бяспечным горадам. Хутчэй за ўсё, красавіцкі выбух – гэта падрыхтоўка да больш сур’ёзных падзеяў”, – падсумаваў Алег Волчак.

“Баюся, што лёс майго сына Уладзіслава Кавалёва і Дзмітрыя Канавалава ўжо вырашаны. Але ўсё ж жыву надзеяй, што нашыя галасы будуць пачутыя”, – зазначыла напрыканцы Любоў Кавалёва.

Вырак Уладзіславу Кавалёву і Дзмітрыю Канавалаву суд агучыць 30 лістапада. Дзяржаўны абвінаваўца Аляксей Стук запатрабаваў для падсудных смяротнай кары. Ён лічыць, што віна жыхароў Віцебску ў здзяйсненні тэракту ў менскім метро сёлета 11 красавіка цалкам даказаная.

belsat.eu
28 лістапада 2011
 
Дата публикации:28.11.2011
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:3359
 
Ключевые слова:
Взрыв в минском метро Терроризм Теракт
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме