https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Горад праз стагоддзі


Пяцісотгоддзе з часу надання магдэбургскага права адзначае старажытны Навагрудак.
Гэта гарадское права, якое рэгламентавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гарадской улады, суда, пытанні ўласнасці, гандлю, рамес­ніцтва, парадак падаткаабкладання і іншыя, — існавала ў Еўропе з XII—XIII стагоддзяў і давала гарадам права на самакіраванне. З XIV стагоддзя яно распаўсюдзілася на гарады Вялікага княства Літоўскага, што азначала ўключэнне іх у агульнаеўрапейскі кантэкст эканамічнага і грамадскага жыцця. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі магдэбургскае права, вызваляліся ад феадальных павіннасцей, суда і ўлады ваявод і іншых дзяржаўных чыноўнікаў.

 — Навагрудак атрымаў магдэбургскае права ў ліпені 1511 года на Брэсцкім сейме, аб чым сведчыць прывілей, які захоўваецца ў Нацыянальным гістарычным музеі Літоўскай Рэспублікі ў Вільнюсе, — паведаміў дырэктар Дома-музея Адама Міцкевіча Мікалай Гайба. — Горад, які лічыўся адным з асноўных у ВКЛ, з 1507 года быў ваяводскім цэнтрам. Згодна з прывілеем, у ім усталёўвалася структура сама­кіравання, уводзіліся пасады войта, бурмістраў, радцаў і лаўнікаў. Гараджане вызваляліся ад вялікакняжацкай улады і падсуднасці. У той жа час яны мелі і пэўныя абавязкі. Штогод уносілі ў гарадскую казну 50 залатых, сярэбшчызну, плату з карчмы, рамеснай дзейнасці, лавак. Раз у тыдзень пастаўлялі ў замак мяса, пры неабходнасці выдзялялі падводы, ахову.

Асновай жыцця старажытнага горада ў XVI стагоддзі былі рамёствы і гандаль. Пачынаючы з 1597 года ў Навагрудку двойчы ў год ладзіліся кірмашы, на якія прыязджалі купцы з Вільні, Віцебска, Магілёва і іншых месцаў. Тут налічвалася да трох дзясяткаў відаў рамеснай вытворчасці.

У другой палове XVIII стагоддзя, калі многія беларускія гарады страцілі магдэбургскае права, Навагрудак гэты прывілей захаваў. Яно яшчэ раз было пацверджана ў 1776 годзе і дзейнічала да 1795-га, калі было цалкам скасавана ў Заходняй Беларусі.

9—10 верасня ў Навагрудку святочна адзначаць пяцiсотгоддзе падзеі, што адбылася ў ліпені 1511-га. У гэтыя дні тут адбудзецца ўрачыстае адкрыццё памятнага знака, прысвечанага 500-годдзю атрымання Навагрудкам магдэбургскага права, з выявай гістарычнага герба, які актуальны і сёння, гадзінніка і ключоў ад горада. Аўтарам яго з’яўляецца вядомы скульптар Генадзь Буралкін.

У раённай бібліятэцы пройдзе навуковая канферэнцыя «Чалавек і ўлада», удзел у якой прымуць знакамітыя беларускія навукоўцы-гісторыкі, супрацоўнікі музеяў рэспублікі, краязнаўцы. Запрошаны таксама вучоныя з Польшчы і Германіі.

На цэнтральнай плошчы выступяць творчыя калектывы Гродзенскай абласной філармоніі, артысты Навагрудчыны і іншых раёнаў рэгіёна. На Малым Замку — пляцоўцы ля Замчышча — пройдзе выстава рамёстваў, а ля помніка Адаму Міцкевічу адбудзецца канцэрт камерных калектываў.

Для маленькіх наведвальнікаў свята ў гарадскім парку будуць працаваць атракцыёны, ладзіцца гульнёва-забаўляльная праграма спачатку для дзяцей, а пазней для моладзі.

Непаўторную атмасферу старажытнага горада ўзновіць выстава старых фота­здымкаў «Ваяводскі Навагрудак» у гісторыка-краязнаўчым музеі.

Госцем урачыстасці стане Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.

Прыгожы горад з багатай і славутай гісторыяй
запрашае на свята і рыхтуецца гасцінна прыняць яго ўдзельнікаў.

Лілія Навіцкая, Рэспубліка
8 верасня 2011
 
Дата публикации:08.09.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4480
 
Ключевые слова:
Навагрудак Магдебургское право История Беларуси Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме