Паводле інфармацыі прэс-службы ФПБ, на працягу гадзіны бакі абмяркоўвалі эканамічную сітуацыю ў краіне, перспектывы і ўмовы давання Беларусі стабілізацыйнага крэдыту.
Калядзіну цікавіла меркаванне федэрацыі "як прадстаўніка інтарэсаў абсалютнай большасці працоўных краіны" адносна пытання давання гэтага крэдыту.
Кіраўнік ФПБ адзначыў, што федэрацыя "цалкам падтрымлівае ўрад у яго просьбе даць стабілізацыйны крэдыт".
"Мы разумеем, што гэтыя сродкі будуць накіраваныя на падтрымку бягучага рахунку плацежнага балансу, — сказаў ён. — Але ў той жа час гэта дасць магчымасць іншыя рэсурсы накіраваць на падтрыманне рэальнага сектара эканомікі і сацыяльнай сферы, у якой пазіцыя прафсаюзаў застаецца нязменнай — павінны быць захаваны працоўныя месцы і стабільны ўзровень даходаў працоўных".
Козік, паведамляе прэс-служба федэрацыі, станоўча ацаніў працу ўрада краіны па выпраўленні крызіснай сітуацыі ў эканоміцы і на валютным рынку. Ён адзначыў, што "нягледзячы на крызіс, ужо з`яўляецца ўпэўненасць у тым, што, як сказаў прэзідэнт краіны, сітуацыя з кожным днём будзе змяняцца да лепшага".
Беларусь разлічвае прыцягнуць ад 3,5 да 8 млрд. долараў у межах новай праграмы супрацоўніцтва з МВФ. Заяўку ў МВФ на даванне стабілізацыйнага крэдыту ўрад і Нацыянальны банк накіравалі 31 мая.
Захар Шчарбакоў, БелаПАН
Мінск, 5 ліпеня 2011