Cвяткаванне распачалося канферэнцыяй для сем’яў, якую правёў кс. Эрвін Вячорак (рух Equipes Notre-Dame). Падчас адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту вернікі нясвіжскай парафіі і яе госці дзякавалі Богу за святыню, яе мецэнатаў і святароў, якія тут працавалі.
Пра гісторыю нясвіжскага касцёла і парафіі прысутныя маглі даведацца з рэферата навуковага супрацоўніка Нацыянальнага гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Нясвіж» Аляксандра Храмога.
Кульмінацыйны момант святкавання — святая Імша — распачалася са словаў прывітання арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага. Канцэлебравалі літургію шматлікія святары і прысутны а. Фернандо Вера, член прэлатуры «Opus Dei».
Падчас літургіі іерарх удзяліў вернікам сакрамэнт канфірмацыі, а два вернікі (ахрышчаныя ў Царкве) аднавілі сакрамэнт бежмавання.
У гаміліі іерарх заахвочваў заўсёды быць з Езусам, прысутным у Эўхарыстыі. «Мы павінны прыходзіць да Бога і казаць: „Я, Ян. Я вітаю Цябе, Езус“», — адзначыў Мітрапаліт.
Пасля вернікі прайшлі ў эўхарыстычнай працэсіі па вуліцах горада.
Ва ўрачыстасцях прынялі ўдзел святары і сёстры законныя з розных куточкаў Беларусі, прадстаўнікі Таварыства несвіжан за межамі краіны, Надзвычайны пасол Рэспублікі Польшча ў РБ, прадстаўнікі мясцовай улады. Міністр культуры Павел Латушка накіраваў нясвіжскай парафіі віншавальны ліст.
Пасля малітвы наступіў час супольнага адпачынку. Як вялікая сям’я, парафіяне і госці ўрачыстасці сабраліся за супольным сталом на абед, які быў арганізаваны на вуліцы.
Завяршылася святкаванне дабрачынным канцэртам мінскага Тэатра оперы і балета.
________________________
Камень на будаўніцтва езуіцкага касцёла ў Нясвіжы быў асвячоны ў 1589 г. біскупам Віленскім Юрыем Радзівілам, родным братам Радзівіла Сіроткі, ініцыятара пабудовы. Асвяціў жа касцёл Папскі нунцый Клаўдыё Рангоні 7 кастрычніка 1601 г.
Славіцца святыня і сямейнай усыпальніцай, трэцяй па велічыні ў Еўропе. Тут знаходзяцца 69 саркафагаў. Першым быў пахаваны Радзівіл Сіротка ў 1616 г., апошняе пахаванне адбылося ў 1936 г. У 2000 г. з Лондана была дастаўлена урна з прахам Антонія Мікалая Радзівіла.
Гісторыя святыні цікавая, гераічная, а часам і трагічная. Але на працягу чатырох стагоддзяў касцёл у Нясвіжы ніколі не зачыняўся, і цела Хрыста заўсёды прабывала ў святыні.
catholic.by
27 чэрвеня 2011