"Мы ганарымся тым, што менавіта на нашым інфармацыйным полі створаны своеасаблівы мост паміж рознымі краінамі і журналісцкімі згуртаваннямі", — адзначыла перад журналістамі першы намеснік міністра інфармацыі Беларусі Лілія Ананіч.
Сёлета ўнікальная інфармацыйная пляцоўка збярэ ўжо не 17, як летась, а 20 краін свету. Да нас прыедзе каля 80 журналістаў з Польшчы, Латвіі, Літвы, Венгрыі, Германіі, Францыі, Італіі, Кітая, Турцыі, Ізраіля, ЗША, а таксама Расіі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Украіны, Узбекістана, Таджыкістана. Шэраг журналістаў запрашала непасрэдна Міністэрства інфармацыі, а некаторыя самі заявілі пра сябе праз Міжнародную канфедэрацыю журналісцкіх саюзаў і Беларускі саюз журналістаў. Наогул арганізатарамі медыяфоруму выступаюць Міністэрства інфармацыі і Беларускі саюз журналістаў пры падтрымцы Міждзяржаўнага фонду гуманітарнага супрацоўніцтва дзяржаў—удзельніц СНД, Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы, Выканаўчага камітэта СНД, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры, Міністэрства абароны, Мінгарвыканкама, Мінаблвыканкама, Еўразійскай акадэміі тэлебачання і радыё, Аналітычнага цэнтра Ecoom.
Непасрэдна 22 чэрвеня ўдзельнікі медыяфоруму ўскладуць вянок да абеліска на плошчы Перамогі, з тэматычнай экскурсіяй праедуць па Мінску, наведаюць гісторыка-культурны комплекс "Лінія Сталіна" і пабываюць на канцэрце "Памяць сэрца" ў Белдзяржфілармоніі. 23 чэрвеня ў Інстытуце журналістыкі БДУ будзе працаваць "Летняя школа журналістыкі" — майстар-класы вядучых журналістаў і экспертаў Беларусі і краін Еўразіі. 24 чэрвеня ў Нацыянальнай бібліятэцы адкрыецца пленарнае пасяджэнне з тэматычнымі дыскусіямі "Рэспубліка Беларусь у кантэксце сучасных геапалітычных працэсаў", "Цывілізаванае адзінства як аснова суверэннага развіцця дзяржаў Садружнасці" і "Новая роля СМІ ў фарміраванні палітычных рэалій".
— У кожнай краіны ёсць свой унікальны вопыт развіцця, і мы павінны дзяліцца ім, расказваць, якіх поспехаў дасягнулі тыя ж медыйныя структуры, — адзначае Лілія Ананіч. — Неабходна абмеркаваць ролю СМІ ў новых палітычных і эканамічных умовах. Гэтая роля будзе акрэслена ў выніковай рэзалюцыі медыяфоруму. Сутнасць такога дакумента ў тым, каб прызнаць адказнасць за лёс сваіх народаў, каб свята шанаваць гістарычнае мінулае і бачыць, што ў новым вялікім свеце ўсім краінам трэба шукаць агульнае, духоўнае, здольнае аб`ядноўваць людзей. Задача журналістаў — выпрацаваць сваю стратэгічную лінію паводзін у імя развіцця як сваіх краін, так і дзеля агульнага добрасуседства...
25 чэрвеня ўдзельнікі форуму наведаюць замкавы комплекс "Мір" і Нясвіжскі палацава-замкавы комплекс. Мяркуецца, што ахвотным журналістам будзе дадзена магчымасць наведаць і некаторыя нашы прамысловыя і аграрныя прадпрыемствы.
Святлана Барысенка, Звязда
21 чэрвеня 2011