https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Смелыя арыенціры


Ў Беларусі дэпутаты ўхвалілі праграму дзейнасці Ўрада на наступную пяцігодку.
Праграму дзейнасці на 2011—2015 гады прэм`ер міністр Міхаіл Мясніковіч назваў дарожнай картай Урада па выкананні задач ІV Усебеларускага народнага сходу. Іх ён ацэньвае як беспрэцэдэнтна напружаныя. Раўненне пры гэтым — на Усход. Беларусь павінна зрабіць тэхналагічны рывок у сваім развіцці і выйсці на такія тэмпы эканамічнага росту, аналагічныя вопыту Кітая, Карэі, Сінгапура і іншых "азіяцкіх тыграў". Менавіта на гэтыя краіны Беларусі варта арыентавацца, на думку айчыннай выканаўчай улады. Краіне давядзецца гэта рабіць у посткрызісных умовах аднаўлення глабальнай эканомікі. "А працэс гэты ў свеце ідзе дастаткова марудна", — прызнае кіраўнік беларускага Урада.

Наспявае рэзоннае пытанне — за кошт чаго дасягнуць нечуванага поспеху? На думку кіраўніка Урада, давядзецца мяняць стыль і метады работы. Цэнтр прыняцця аператыўных рашэнняў вырашана змясціць на ўзровень міністэрстваў, рэгіёнаў і прадпрыемстваў. "Залішняя цэнтралізацыя некаторым гэта на руку", — канстатуе прэм`ер. Маўляў, адказнасць несці не трэба. І ў міністэрствах, паводле яго слоў, прызвычаіліся выключна да выканання даручэнняў. У той час як варта генерыраваць ідэі, мабілізоўваць кадры. Гэтым і зоймуцца, трэба меркаваць, у наступнай пяцігодцы.

У ліку ключавых фактараў развіцця прэм`ер назваў разняволенне ініцыятывы і прадпрымальнасці беларускіх грамадзян. Апорай павінны стаць усенародная нацэленасць на вынік, давяральнае партнёрства дзяржавы і бізнэсу, а таксама рашучыя структурныя рэформы. Галоўная задача — эканамічны рост. Шлях да яго пракладуць, як чакаецца, змяненне падатковага адміністравання, удасканаленне механізмаў прыватызацыі, рост прадукцыйнасці працы і экспарту.

Арыенцір у знешнім гандлі — дасягненне станоўчага сальда ў 2015 годзе. "У многіх ёсць сумненні, і небеспадстаўныя", — прызнае прэм`ер-міністр. Аднак стаўка будзе зроблена на мясцовыя сыравінныя рэсурсы, вытворчасці з высокай дабаўленай вартасцю і нізкай імпартаёмістасцю. Ва Урадзе чакаюць, што гэта дазволіць справіцца з няпростым заданнем.

Сумненне ў скептыкаў выклікае і чаканае прыцягненне інвестыцый.

— Слушна дэпутаты ставяць пытанне: столькі ўжо гаворым пра паляпшэнне інвестыцыйнага клімату, а воз і цяпер там, — згадвае М. Мясніковіч (дарэчы, паводле яго слоў, усе 60 дэпутацкіх пытанняў і прапаноў, агучаныя на папярэднім разглядзе праграмы, улічаныя Урадам пры дапрацоўцы).

Аднак задачу трапіць у 30-ку найлепшых краін па ўмовах вядзення бізнэсу ніхто не адмяняў. Тут дапаможа ў многім Дырэктыва №4. А неабходныя для яе рэалізацыі дакументы будуць падрыхтаваныя Урадам сёлета ўжо ў першым паўгоддзі, пераконвае прэм`ер-міністр. Даспадобы прыйдуцца інвестарам і палёгкі ў вядзенні справаздачнасці.

Так, прадугледжанае радыкальнае скарачэнне (з 1600 да 20) форм першасных уліковых дакументаў. З 2012 года запланаваны пераход на міжнародную сістэму фінансавай справаздачнасці — умовы, зразумелыя інвестару.

Шмат дыскусій і вакол прыватызацыі. Перасцярогі выказвалі і дэпутаты на папярэднім разглядзе праграмы дзейнасці Урада. "Галоўнае — эфектыўны ўласнік", — акцэнтуе кіраўнік Урада. "Іншых падыходаў не будзе". Ён удакладняе, што па прадпрыемствах, якія маюць стратэгічнае значэнне для краіны, рашэнні будзе прымаць толькі Прэзідэнт. Прыбыткі ад прыватызацыі, на думку прэм`ера, не павінны распыляцца на бягучыя выдаткі. Яны пойдуць на стварэнне новых прадпрыемстваў. Прадаць адно, каб стварыць іншае, не менш важнае, — прыкладна так, зыходзячы з заяў прэм`ера, можна сфармуляваць слоган айчыннай прыватызацыі. На яго думку, калі просты чалавек убачыць гэтыя працэсы, яго стаўленне да прыватызацыі будзе нармальным. "Бо і прыватызаваны завод нікуды не з`ездзе", — заўважае М. Мясніковіч. Людзі будуць працаваць там жа, і падаткі гэта прадпрыемства будзе плаціць у бюджэт Беларусі. Асаблівыя спадзяванні ўскладаюцца на Мытны саюз і фарміраванне Адзінай эканамічнай прасторы. У планы Урада ўваходзіць стварэнне пры ўдзеле беларускіх прадпрыемстваў магутных міжнародных карпарацый, здольных уплываць на рынак, уключацца ў глабальныя сеткі збыту. Паводле ўражанняў прэм`ера, Беларусь стала прыкметным гульцом на рынку харчавання. Трэба ствараць свае малочныя "Лукойлы", мяркуе кіраўнік Урада.

Кадры вырашаюць усё. І гэта не проста палітычны лозунг, а імператыў развіцця, перакананы М. Мясніковіч. Адсюль і запланаваныя новаўвядзенні па матэрыяльным стымуляванні самых працаздольных: гібкая сістэма аплаты (прычым не толькі ў гасразліковым, але і бюджэтным сектары), буйныя бонусы. Важна не толькі вызначыцца з арыенцірамі, але і прадумаць шлях да іх. "Усе раздзелы праграмы дакладна персаніфікаваныя, — канстатуе прэм`ер-міністр. — Такі падыход дазваляе адысці ад так званай калектыўнай адказнасці, калі за кожнае пытанне адказваюць быццам бы ўсе і ніхто канкрэтна". Нагадвае ён і пра тое, што трэба насамрэч жыць па сродках, а не толькі дэклараваць гэта. Абвальнага росту цэн, паводле яго запэўненняў, у краіне не будзе, як і ўразання выдаткаў па сацыяльных праграмах.

— Рост якасці і ўзроўню жыцця беларускіх грамадзян — гэта не проста задача, у гэтым сэнс работы Урада, — запэўнівае прэм`ер-міністр.

Што ж, арыенцір мы бачым — за работу!

Зоя Варанцова
Звязда 24 лютага 2011
 
Дата публикации:24.02.2011
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:3694
 
Ключевые слова:
Программа развития Беларуси 2011-2015 Экономика
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме