https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Канферэнцыя ў гонар Вітаўта і Грунвальда


13 лістапада ў Мінску адбылася навуковая канферэнцыя, прысвечаная 660-годдзю з дня нараджэння вялікага князя Вялікага Княства Літоўскага Вітаўта і 600-годдзю перамогі пад Грунвальдам.
Арганізатарам канферэнцыі, у якой удзельнічалі вучоныя з розных гарадоў Беларусі, выступіў рэспубліканскі грамадскі аргкамітэт па святкаванні гэтых дат на чале з доктарам гістарычных навук Анатолем Грыцкевічам.

Доктар гістарычных навук Юрый Бохан адзначыў, што Вітаўт здолеў умацаваць самастойнасць ВКЛ, дабіцца яе дыпламатычнага прызнання з боку Заходняй Еўропы і тэрытарыяльна пашырыць дзяржаву. Паводле яго слоў, дзейнасць Вітаўта з`яўлялася лагічным працягам дзяржаватворчай палітыкі ўсіх яго папярэднікаў, дазволіла захаваць падмуркі эканамічнага і палітычнага развіцця ВКЛ, а таксама падоўжыць існаванне гэтай дзяржавы яшчэ на 150 гадоў.

Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Міхаіл Касцюк адзначыў, што перамога аб`яднаных войск Польскага каралеўства і ВКЛ над арміяй Тэўтонскага ордэна пад Грунвальдам стала вынікам Вялікай вайны 1409—1410 гадоў. Паводле яго слоў, гэты вынік сведчыў, што падрыхтоўчыя дзеянні з боку Польшчы і ВКЛ былі больш грунтоўнымі, узважанымі і эфектыўнымі. "Вітаўт і Ягайла перайгралі крыжаносцаў", — сказаў вучоны. Ён звярнуў увагу на высакародныя паводзіны ўдзельнікаў вайны, якія падчас яе не праявілі вераломства і ні разу не парушылі раней падпісаных дамоў.

Доктар гістарычных навук Георгій Галенчанка падкрэсліў, што "перамога пад Грунвальдам была абумоўленая уніяй Польскага каралеўства з ВКЛ", бо, на яго думку, кожная з гэтых дзяржаў сама па сабе не магла вырашыць ваенна-стратэгічных і палітычных праблем. Да стратэгічных памылак Тэўтонскага ордэна вучоны аднёс раздробленасць арміі крыжаносцаў і планаванне вайны па-за межамі ордэна. "Наадварот, польска-літоўскае войска не драбіла свае сілы і захоўвала стратэгічную ініцыятыву, дзейнічаючы на тэрыторыі Тэўтонскага ордэна", — сказаў Галенчанка. Паводле яго слоў, аб большай актыўнасці харугваў ВКЛ на Грунвальдскім полі сведчыць той факт, што асноўныя страты ў аб`яднаным войску панеслі менавіта літоўцы.

Гісторыкі азнаёміліся з міжнароднай мастацкай выставай, арганізаванай Беларускім саюзам мастакоў да юбілейных дат.

У 19.00 у Мінскім касцёле Святых Сымона і Алены (Чырвоным касцёле) адбудзецца канцэрт духоўнай музыкі ў гонар перамогі пад Грунвальдам.
 
Дата публикации:14.11.2010
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:4401
 
Ключевые слова:
Грюнвальдская битва Грюнвальд-600 Фэст культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме