«Беларусь, дзякуй за падтрымку!» — сказала Марына Васілеўская ў першым інтэрв’ю пасля прызямлення.
«Жадаю ўсім людзям на Зямлі, каб яны шанавалі і бераглі ўсё тое, што мы маем», — падкрэсліла яна.
«Мы ведалі, што нас чакаюць на Зямлі, і гэта грэла душу. Беларусь тут, я вельмі рада. Можна было яшчэ палётаць пару тыдняў, але Зямля чакае», — дадала першы касманаўт Беларусі.
Пасадка апарата адбылася штатна ў 10.17 па мінскім часе прыблізна за 150 км на паўднёвы ўсход ад горада Жезказган у Казахстане.
Палёт Марыны Васілеўскай працягнуўся 14 сутак, 12 з іх яна правяла на Міжнароднай касмічнай станцыі. На МКС Марына Васілеўская выконвала навуковую праграму, распрацаваную Нацыянальнай акадэміяй навук сумесна з «Раскосмасам» і Расійскай акадэміяй навук. Яна ўключала сем эксперыментаў — пяць навукова-даследчых і два адукацыйныя. Навуковыя даследаванні праводзіліся ў галіне біялогіі, фізіялогіі, аўтаномнага функцыянавання касмічных станцый, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі з выкарыстаннем фота- і відэаспектральнай апаратуры беларускай вытворчасці, якая знаходзіцца на МКС. Даследаваліся таксама лактаферын і прабіётыкі, вырабленыя навуковымі арганізацыямі НАН, для іх наступнага магчымага выкарыстання ў стварэнні прадуктаў харчавання для касманаўтаў.
Звязда, 6 красавіка 2024