https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У стацыянарах Беларусі знаходзяцца 254 чалавекі з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй


Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе Міністэрства аховы здароўя.
"У Беларусі рэгіструецца паступальнае павелічэнне колькасці хворых на COVID-19. Большасць выпадкаў - гэта выяўленыя кантакты 1-га і 2-га ўзроўняў", - адзначылі ў прэс-службе.

Цяпер 254 чалавекі знаходзяцца на стацыянарным лячэнні з пацверджанай каранавіруснай інфекцыяй. У большасці выпадкаў захворванне праходзіць у лёгкай або сярэдняй форме. 11 пацыентаў маюць патрэбу ў падтрымцы апарата штучнай вентыляцыі лёгкіх, праведзены медыцынскія кансіліумы з удзелам вядучых інфекцыяністаў і анестэзіёлагаў-рэаніматолагаў. Іх стан ацэньваецца як стабільны. Зарэгістравана 4 выпадкі смерці пацыентаў ва ўзросце, у якіх былі шматлікія хранічныя захворванні, паводле папярэдніх даных, ускладненыя каранавіруснай інфекцыяй.

Паправіліся і выпісаны з медыцынскіх устаноў 46 пацыентаў.

Пад медыцынскім наглядам як кантакты 1-га і 2-га ўзроўняў знаходзяцца 9 тыс. 299 чалавек. З іх 1 тыс. 943 - у стацыянарных умовах.

Каб выявіць усе магчымыя выпадкі COVID-19, у дапаўненне да цяжкіх пнеўманій пачалі тэсціраваць усіх пацыентаў з сярэднецяжкім праходжаннем захворвання. Прычым выконваюць забор матэрыялу з ніжніх дыхальных шляхоў, а не толькі мазок, што значна павышае дакладнасць выяўлення захворвання.

Цяпер ёсць як айчынныя, так і імпартныя тэст-сістэмы - у запасе больш як 11 тыс. тэстаў для правядзення лабараторных даследаванняў. Працуюць 9 лабараторый, яшчэ тры будуць запушчаны пры неабходнасці.

У медустановах краіны сфарміраваны неабходны ложкавы фонд. Міністэрствам аховы здароўя сумесна з аблвыканкамамі і Мінгарвыканкамам зацвердзілі планы па перапрафіляванні бальніц у залежнасці ад эпідэміялагічнай сітуацыі, з дакладнай маршрутызацыяй пацыентаў з інфекцыяй COVID-19, а таксама кантактаў 1-га і 2-га ўзроўняў.

"Пры перапрафіляванні ложкавага фонду адным з асноўных крытэрыяў з`яўляецца таксама аказанне ў поўным аб`ёме ва ўстановах аховы здароўя хуткай (экстраннай і неадкладнай) дапамогі пацыентам з іншымі саматычнымі і хірургічнымі захворваннямі, - адзначылі ў прэс-службе. - Аб`ёмы аказання такой дапамогі не зніжаны ні ў адным рэгіёне рэспублікі аж да цэнтральных раённых бальніц".

Часовае абмежаванне планавай дапамогі цяпер не аказвае ўплыву на медыка-дэмаграфічныя паказчыкі.

Прымаемыя меры, накіраваныя на стрымліванне распаўсюджвання інфекцыі за кошт правядзення санэпідрасследаванняў і шпіталізацыі ўсіх пацыентаў, нават з бессімптомным носьбіцтвам, кантактных асоб, даюць магчымасць стрымліваць лавінападобны рост захваральнасці, які характэрны для суседніх краін. "Галоўная мэта такой работы - своечасова выявіць усіх, хто, магчыма, інфіцыраваны і можа стаць крыніцай небяспекі для сваіх блізкіх", - рэзюмавалі ў прэс-службе.

У Міністэрстве аховы здароўя настойліва рэкамендуюць усім, у каго з`явіліся сімптомы (павышэнне тэмпературы, кашаль, цяжкае дыханне, заложанасць носа), заставацца дома і патэлефанаваць у рэгістратуру, стол даведак або кол-цэнтр установы аховы здароўя па месцы жыхарства (месцы знаходжання). Трэба паведаміць, што непакоіць, пакінуць кантакты (прозвішча, імя, імя па бацьку, адрас, тэлефон), пасля чаго з абанентам звяжацца медработнік, які дасць указанні.

У амбулаторна-паліклінічных установах арганізаваны асобныя ўваходы і кабінеты для прыёму пацыентаў з тэмпературай і сімптомамі вострай рэспіраторнай інфекцыі.

Рэкамендуецца часова адкласці праходжанне дыспансерызацыі, рэабілітацыі, лабараторныя і інструментальныя даследаванні ў планавым парадку, у тым ліку флюараграфію органаў грудной клеткі, ЭКГ, холтараўскае манітарыраванне, увядзенне ін`екцыйных лекавых сродкаў праз працэдурны кабінет.

Тым, хто мае патрэбу ў выпісцы рэцэптаў на лякарствы для пастаяннага прыёму, раней назначаныя ўрачом, трэба патэлефанаваць у рэгістратуру, стол даведак або кол-цэнтр паліклінікі па месцы жыхарства, пакінуць кантакты. Пасля гэтага перазвоніць медыцынскі работнік, які арганізуе выпіску і дастаўку рэцэптаў дадому.

Міністэрства аховы здароўя дало рэкамендацыі людзям старэйшым за 60 гадоў, якія маюць патрэбу ў аглядзе медработніка з-за пагаршэння самаадчування. Ім таксама трэба патэлефанаваць ва ўстанову аховы здароўя па месцы жыхарства і пакінуць кантакты. На працягу працоўнага дня на сувязь выйдзе медыцынскі работнік і ўзгодніць час для візіту дадому.

"Пазбягаючы планавага наведвання ўстаноў аховы здароўя, вы дазволіце ім працаваць больш эфектыўна і дапаможаце абараніць вас і іншых ад магчымага заражэння і распаўсюджвання COVID-19", - рэзюмавалі ў міністэрстве.

2 красавіка 2020, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:02.04.2020
Тематика:Новости, Беларусь
Просмотров:105
 
Ключевые слова:
Здравоохранение Лечение в Беларуси Статистика Коронавирус
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме