https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Беларусі будзе стварацца археалагічная мапа


Калі Скарына прыехаў у Кракаў, і як выглядаў малы Рагвалодавіч.
Толькі за апошнія дзесяць гадоў навукоўцамі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук адкрыты і даследаваны сотні археалагічных аб`ектаў па ўсёй краіне. І ў найбліжэйшы час перад даследчыкамі стаіць задача па стварэнні археалагічнай мапы на падставе суцэльнага вывучэння ўсёй тэрыторыі краіны. На яе будуць нанесены ўсе вядомыя помнікі археалогіі і зоны аховы.

Таксама наспела пытанне аб прысваенні археалагічным фондам статусу нацыянальнага здабытку.

Археолагамі інстытута праведзены шырокамаштабныя выратавальныя даследаванні ў зонах будаўніцтва Гродзенскай і Віцебскай ГЭС, атамнай станцыі, Нежынскага калійнага камбіната, другой Мінскай кальцавой аўтадарогі, а таксама падчас добраўпарадкавання абласных і раённых цэнтраў краіны. Развіваюцца новыя кірункі — напрыклад, падводная і архітэктурная археалогія...

Калі ў нас з`явіліся славяне?

Як развівалася тэрыторыя Беларусі ў перыяд Вялікага перасялення народаў, хто прыбываў на нашы землі, адкуль узяліся славяне, ці паўплывалі вікінгі на фарміраванне першых дзяржаўных славянскіх утварэнняў — вось толькі некаторыя тэмы, што цікавяць беларускіх навукоўцаў.

Як паведала падчас ІV Міжнароднага кангрэса гісторыкаў, прысвечанага 90-годдзю Інстытута гісторыі НАН Беларусі, загадчыца сектара археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар Вольга Ляўко, ўжо назапашаны пэўны матэрыял, які дазваляе не толькі ставіць пытанні, але і даваць на іх адказы, набліжацца да сучаснага разумення тых далёкіх гістарычных эпох і іх узаемасувязі.

За апошнія тры гады даследчыкамі знойдзена багата матэрыялу, які неабвержна сведчыць, што славянскі этнас фармаваўся і на тэрыторыі паўднёва-заходняй Беларусі. Прычым выяўлена даволі многа комплексаў, а гэта паказвае, што рассяленне насельніцтва, якое мае славянскія рысы, было дастаткова інтэнсіўнае...

Выяўлены і сістэматызаваны раней невядомыя помнікі славянскай гісторыка-культурнай спадчыны ў Дзяржынскім раёне (комплекс «Васілеўшчына»). Сенсацыйным стала адкрыццё Кардона на Шуміліншчыне — гэты ўнікальны для Усходняй Еўропы помнік VІІІ—Х стагоддзяў на шляху «з варагаў у грэкі», на 200 гадоў старэйшы за шырокавядомае Гнёздава пад Смаленскам.

У Жыткавіцкім раёне адкрытыя самыя старажытныя славянскія матэрыялы, якія датуюцца ІV стагоддзем нашай эры і сведчаць, што славяне з`явіліся на тэрыторыі Беларусі на 200 гадоў раней, чым лічылася дагэтуль. Праведзеныя за апошнія два гады даследаванні на тэрыторыі іншых раёнаў пацвярджаюць гэта адкрыццё.

Упершыню ў айчыннай гістарычнай навуцы цалкам даследаваны ўнутраная пляцоўка і абарончыя ўмацаванні на гарадзішчы мілаградскай культуры каля вёскі Вобчын Любанскага раёна. На археалагічным комплексе Асавец у Бешанковіцкім і Сенненскім раёнах атрыманы ўнікальныя касцяныя і бурштынавыя артэфакты. Важныя для археалагічнай навукі матэрыялы знойдзены падчас раскопак каля вёскі Бірулі ў Докшыцкім раёне і на археалагічным комплексе на рацэ Менка (у Мінскім раёне).

Інавацыі ў пошуку

За апошняе дзесяцігоддзе супрацоўнікамі Інстытута гісторыі ўведзены ў навуковы абарот сотні раней невядомых дакументальных крыніц, што дазволіла значна пашырыць тэмы навуковых даследаванняў, удакладніць ранейшы змест і ўяўленні па многіх праблемах гісторыі, археалогіі і антрапалогіі.

Так, выяўлены дакументы, якія дазволілі ўдакладніць час паступлення Францыска Скарыны ў Кракаўскі ўніверсітэт, два раней невядомыя дакументы Сімяона Скарыны (сына Францыска), а таксама паперы, якія сведчаць аб сустрэчы Францыска Скарыны з Марцінам Лютэрам, аўтограф і выява асабістай пячаткі беларускага гуманіста Васіля Цяпінскага.

З 2012 года сумесна з калегамі з Цэнтра напалеонаўскіх даследаванняў Францыі ладзіцца археалагічная экспедыцыя на месцы пераправы войскаў Напалеона цераз Бярэзіну падчас вайны 1812 года.

Вайсковымі гісторыкамі інстытута ўпершыню сабраны і ахарактарызаваны комплекс айчынных і замежных дакументальных і гістарыяграфічных крыніц, якія адлюстроўваюць маштабы і ступень удзелу беларусаў і жыхароў рэспублікі ў войнах і ваенных канфліктах ХХ стагоддзя. Варта згадаць пра зборнік дакументаў у шасці кнігах «Краіна ў агні». Над гэтым праектам акадэмічныя гісторыкі сумесна з расійскімі калегамі працавалі амаль дзесяць гадоў.

Наогул, за апошняе дзесяцігоддзе навукоўцы інстытута апублікавалі звыш 300 кніжных выданняў, больш за чатыры тысячы навуковых артыкулаў.

Адзін з інавацыйных праектаў, якім могуць пахваліцца супрацоўнікі Інстытута гісторыі, звязаны з Нацыянальным паркам «Белавежская пушча».

Упершыню ў гістарычнай навуцы выяўлены шэраг унікальных гістарычных, археалагічных, этнаграфічных матэрыялаў. Да таго ж выпрацаваны канкрэтныя рэкамендацыі па практычным выкарыстанні гісторыка-культурнай спадчыны. Як вынік, папулярны ў турыстаў куток Беларусі пачаў знаёміць гасцей не толькі з прыроднымі багаццямі, але і з тутэйшай гісторыяй.

У Белавежскай пушчы з`явіўся археалагічны музей пад адкрытым небам, аналагаў якому яшчэ не было ў суседніх дзяржавах. Гарадзішча позняга бронзавага і ранняга жалезнага веку, пабудаванае на аснове навуковых даследаванняў, — толькі пачатак вялікага праекта. У далейшым тут можна будзе знаёміцца з пабудовамі і прадметамі побыту розных археалагічных культур, даведвацца пра матэрыяльнае і духоўнае жыццё старажытнага насельніцтва.

Падчас маштабных работ па добраўпарадкаванні радзівілаўскага палаца ў Нясвіжы даследчыкамі ўпершыню былі вывучаны канструктыўныя асаблівасці планіроўкі профілю рва і сцен бастыёнаў, на аснове якіх распрацаваны і рэалізаваны праекты іх рэканструкцыі па стане на ХVІ—ХVІІ стагоддзі.

Акадэмічнымі антраполагамі ўпершыню рэканструявана аблічча малалетняга прадстаўніка полацкай княжацкай дынастыі Рагвалодавічаў, чые парэшткі былі выяўлены археолагамі ў кургане ХІІ стагоддзя ў Друцку Талачынскага раёна. Навукоўцы таксама выявілі характэрныя антрапалагічныя рысы старажытнага і сучаснага насельніцтва полацкай зямлі.

Навукоўцы працягнуць развіваць антрапалагічную рэканструкцыю з выкарыстаннем сучасных камп`ютарных тэхналогій. Таксама камп`ютары будуць выкарыстоўвацца для стварэння электронных фондаў інстытута — баз даных, архіваў, публікацый, справаздач, графічных матэрыялаў, што дазволіць павялічыць інфармацыйную забяспечанасць даследаванняў.

Аўтар: Алена Дзядзюля
Звязда, 14 лістапада 2019
 
Дата публикации:14.11.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:326
 
Ключевые слова:
Технологии Антропология Археология История Беларуси Исследования
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме