https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Хто папоўніць спіс ганаровых грамадзян і Кнігу гонару Гродна?


Дэпутаты гарадскога Савета пагадзіліся з кандыдатурамі жыхароў абласнога цэнтра, якія папоўняць спіс ганаровых грамадзян і Кнігу гонару Гродна.
Гэтым разам абраныя алімпійскі чэмпіён, дзеяч культуры і журналіст. Працэдура ўшанавання адбудзецца падчас Дня горада.

Як паведаміла старшыня камісіі, намеснік старшыні гарвыканкама Зоя Кулеша, на разгляд паступіла дзве кандыдатуры — Канстанціна Лукашыка і Уладзіміра Сяргейчыка. Ні адна з іх не выклікала спрэчак у членаў камісіі. Адобрылі кандыдатуры і дэпутаты. У рэзюме было падкрэслена, што абодва гродзенцы зрабілі значны ўнёсак у развіццё горада. Канстанцін Лукашык — алімпійскі чэмпіён 1992 года па кулявой стральбе, неаднаразовы ўдзельнік Алімпіяды. Добра ведаюць у горадзе і Уладзіміра Сяргейчыка. Ён заснавальнік гродзенскіх ансамбляў «Гарадзенскія карункі» і «Забава». Нязменны рэжысёр сямі рэспубліканскіх фестываляў нацыянальных культур.

Такім чынам у спісе зараз амаль 40 ганаровых грамадзян. Ёсць сярод іх і некалькі алімпійскіх чэмпіёнаў, у тым ліку Вольга Корбут і яе трэнер Рэнальд Кныш.

Значная частка ганаровых грамадзян — гэта ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія вызвалялі горад, удзельнічалі ў партызанскім руху. Іх імёнамі названы вуліцы горада — Дзмітрый Карбышаў, Іван Болдзін, Герой Савецкага Саюза Іван Лебедзеў, Вольга Соламава. Дарэчы менавіта ветэраны былі ў ліку першых ганаровых грамадзян. А заснавана званне роўна 55 гадоў таму. Пазней, у пачатку 2000-х, рашэннем гарсавета было вырашана прысвойваць ганаровае званне жыхарам горада за грамадскія заслугі, вытворчую дзейнасць, дасягненні ў развіцці навукі, мастацтва, архітэктуры і спорту.

Сёння ў спісе — кіраўнікі вядомых гродзенскіх прадпрыемстваў, структур улады, дзеячы культуры. У прыватнасці, Адам Чопчыц — кіраўнік народнага ансамбля песні і танца «Нёман», заслужаны дзеяч культуры Аляксандр Шыдлоўскі, Юрый Якавенка — вядомы мастак, дыпламант шматлікіх міжнародных выставак і конкурсаў.

Дарэчы, званне ганаровага грамадзяніна існавала ў Гродне яшчэ ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя. У той час па просьбе гродзенцаў яно было прысвоена пісьменніцы Элізе Ажэшцы.

Але гэта не адзіны статус ушанавання знакамітых гродзенцаў. У горадзе ў 2007 годзе была зацверджана Кніга гонару. І яна штогод папаўняецца новымі імёнамі. Сёлета ў яе будзе занесена імя Аляксандра Ласмінскага — вядомага гродзенскага журналіста, тэлевядучага, заснавальніка першага гарадскога тэлебачання, аўтара не аднаго дзясятка фотаальбомаў аб Прынёманні.

Дарэчы, на разгляд камісіі паступіла некалькі кандыдатур. У іх ліку — былы начальнік будаўнічага ўпраўлення аблвыканкама і гродзенскі архітэктар. Большасць дэпутатаў падтрымалі кандыдатуру Аляксандра Ласмінскага. Цяпер у Кнізе гонару каля 40 чалавек, сярод іх — алімпійскі чэмпіён Іван Ціхан, генеральны дырэктар кампаніі «ЗОВ» Уладзімір Зухавіцкі, трэнер жаночага хакейнага клуба «Рытм» Ніна Дашко, майстар спорту Іван Ядэшка, скульптар Уладзімір Панцялееў, мытнік і краязнавец Віктар Саяпін.

Як адзначыла старшыня камісіі, штогод у Кнігу гонару заносіцца не больш двух імёнаў, столькі ж атрымліваюць званне ганаровых грамадзян. Для апошніх прадугледжваецца і матэрыяльнае заахвочванне — 30 базавых велічынь, а Кніга гонару — гэта прэстыжны праект без выплат.

Аўтар: Маргарыта Ушкевіч
Звязда, 13 верасня 2019
 
Дата публикации:13.09.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:149
 
Ключевые слова:
Гродна Почётный гражданин Книга Почёта
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме