Большасць белых буслоў ужо пакінулі Беларусь, распавёў спецыяліст па прыродаахоўных пытаннях грамадскай арганізацыі "Ахова птушак Бацькаўшчыны" Сямён Левы.
Беларусы заўважылі чароды птушак у канцы жніўня: у першую чаргу краіну пакідаюць белыя буслы, адзін з сімвалаў рэспублікі.
"Большасць белых буслоў ужо сапраўды пакінула Беларусь. Яны актыўна мігруюць з другой паловы жніўня. Сёння застаецца невялікая частка - яны адлятаюць на працягу верасня. Вядома, асобныя птушкі могуць сустракацца і зімой - да некалькіх дзесяткаў буслоў зімуюць у Беларусі", - расказаў спецыяліст.
Як нагадаў арнітолаг, буслы - не першыя птушкі, якія пакідаюць Беларусь.
"Міграцыя пачынаецца ў канцы чэрвеня - пачатку ліпеня. Аднымі з першых ляцяць зязюлі. Дзякуючы спадарожнікам мы даведаліся, што застаюцца яны ў краіне ўсяго два-два з паловай месяцы. Хутка паляцяць і маладыя зязюлі гэтага года. Дарэчы, цікава, што ў іх ад нараджэння ёсць пачуццё, калі і куды трэба ляцець. Паколькі "выхоўваюць" зязюль іншыя віды, даведацца яны пра гэта ад старэйшых не могуць - толькі прыроджанае", - адзначыў ён.
Беларускія зязюлі ў асноўным ляцяць у Анголу, частка далятае і да ПАР. Белыя буслы таксама ляцяць у асноўным у Афрыку: іх шлях пралягае па ўсходняй палове, праз Блізкі Усход і Егіпет, а таксама пустыню Сахару.
"Пакінулі Беларусь ужо большасць чорных беражанак, цвыркуноў, чарацянак, івалг. Ідзе актыўная міграцыя паўночных відаў кулікоў. Дзякуючы асобінам, якія ляцяць праз Беларусь, сёння ў нас назіраецца максімальная канцэнтрацыя відаў кулікоў. Напрыклад, з тундры прыляцеў кругланосы плавунчык - яны людзей не ведаюць і пагрозы не бачаць, таму часта можна падыходзіць блізка", - адзначыў суразмоўца агенцтва.
Вялікія і прыгожыя чароды птушак у восеньскім небе, апетыя мастакамі, па словах арнітолага, яшчэ можна будзе ўбачыць: хутка на поўдзень паляцяць шэрыя жураўлі.
"Яны збіраюцца ў тысячныя чароды і ляцяць у асноўным у другой палове верасня. Спыняюцца, дарэчы, на балотах у Ельні, а 15 верасня ў Мёрах пройдзе фестываль "Журавы і журавіны", дзе можна будзе назіраць за тысячамі жураўлёў", - дадаў Левы.
Прыгожыя віды, па словах арнітолага, могуць падарыць і вялікія чыбісы або шпакі - яны таксама неўзабаве пакінуць Беларусь і вернуцца толькі вясной.
Мінск, 4 верасня 2019
Sputnik
Sputnik