https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзень пажарнай службы ў Мінску адсвяткавалі яскравым парадам


Дзень пажарнай службы ратаўнікі адзначаць толькі ў чацвер, 25 ліпеня. Але маштабнае святкаванне было вырашана ўжо па сталай традыцыі правесці ў апошнюю суботу перад знамянальнай датай.
Разлік быў скіраваны на тое, каб у парку Горкага і яго ваколіцах уздоўж праспекта Незалежнасці сабралося як мага больш людзей.

Перад іх вачыма літаральна крыху больш чым за 20 хвілін ужывую праехала ўся гісторыя пажарнай справы ў нашай краіне. Святу спрыяла і надвор’е – парад адбываўся ў цёплы сонечны дзень, які пакуль што рэдкасць у гэтым ліпені.

Святкаванне пачалося з праходжання парадных разлікаў. Перад публікай ішлі сцягавыя групы, курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны, афіцэры Мінскага абласнога і гарадскога ўпраўленняў у баявой вопратцы, прадстаўнікі Беларускага дабравольнага пажарнага таварыства, юныя ратаўнікі, ветэраны…

А затым рух пачала калона тэхнікі. На чале яе быў коннік у чорнай форме пажарнага 19 стагоддзя ў даўняй касцы з меднай трубой. За ім паехаў воз з бочкай на борце і званочкам – менавіта так выглядаў транспарт брандмайстараў у дааўтамабільную эпоху. А затым з’явіліся экспанаты эпохі пажарнай аховы СССР, якія знаёмы людзям больш сталага ўзросту – матацыклы, старэнькія аўтацыстэрны, перапампавальныя станцыі… Адна з аўтацыстэрн размяняла ўжо сёмы дзясятак год. У параўнанні з сучаснымі грузавікамі, якія вязуць на сабе за раз 10-12 тон вады, гэтая пажарная тэхніка здаецца лялечнай. Але і на яе рахунку не адна тысяча патушаных пажараў і выратаваных жыццяў.

Парадную частку скончыў плац-канцэрт узводу ганаровай варты Універсітэта грамадзянскай абароны ў суправаджэнні духавога аркестру Мінскага гарадскога ўпраўлення па надзвычайных сітуацыях.

– Гэтае свята не толькі наша. Яно для ўсіх жыхароў горада, яго гасцей, - адзначыў міністр па надзвычайных сітуацыях Уладзімір Вашчанка. - Падобныя мерапрыемствы пройдуць на наступным тыдні і ў іншых гарадах Беларусі. Мы хочам прыцягнуць увагу да пытанняў бяспекі. А заадно і паказаць, што наша служба развіваецца, нягледзячы ні на што. У нас самая сучасная тэхніка, створана ўся патрэбная навучальна-трэніровачная база. Але галоўнае для нас – гэта ўсё-такі прафілактыка надзвычайных сітуацый. І мы вельмі хочам, каб мы выкарыстоўвалі свае ўменні толькі на трэніроўках, у тым ліку і вучэннях, і ўрачыстых святах.

А затым эпіцэнтр свята перамясціўся ў парк Горкага на акваторыю Свіслачы. Авіятары і вадалазы зладзілі цэлую выратавальную аперацыю. Было чым заняцца і дзецям – ім дазвалялі пацэліць вадой з пажарнага ствала, узняцца на вышыню ў баявой экіпіроўцы, паказвалі, як правільна паводзіць сябе ў задымленай палатцы і сфатаграфавацца разам з лабрадорамі з кіналагічнага падраздзялення, паўдзельнічаць у шматлікіх конкурсах.

– Водны парад – гэта наша «разынка», - зазначыў афіцыйны прадстаўнік Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Віталь Навіцкі. – Што да авіяцыі, то верталётаў, на першы погляд, у нас не так і шмат. Але ёсць задачы, якія здольныя выканаць толькі нашы пілоты.

Таму калі вы не патрапілі на парад ратаўнікоў сёлета – не прапусціце яго налета!

Аўтар: Валяр`ян Шкленнік
Звязда, 20 ліпеня 2019
 
Дата публикации:20.07.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:157
 
Ключевые слова:
День пожарной службы Мінск МЧС Парад
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме