https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Археолагі ўпершыню знайшлі цэлую бронзавую шпільку жалезнага веку ў Беларусі


Ажурнаму ювелірнаму вырабу дзве з паловай тысячы гадоў.
Беларускія археолагі ўжо не першы год вывучаюць гарадзішча Обчын у Любанскім раёне. Фактычна гісторыкі ратуюць яго для айчыннай навукі: побач з помнікам археалогіі ўзводзіцца Нежынскі горна-абагачальны камбінат, і гарадзішча трапляе на яго тэрыторыю.

У гэтым годзе вывучаецца сістэма абарончых збудаванняў старажытнага гарадзішча. Як распавядаў  кіраўнік палявых даследаванняў, навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Сяргей Ліневіч, у ходзе раскопак былі знойдзены дзве жалезныя сякеры.

Адна з іх - сякера-кельт, або утульчатая сякера. Другая сякера - правушная, якая характэрна для мілаградскай археалагічнай культуры. Папярэдне яна датуецца VI-V стагоддзямі да нашай эры, гэта значыць гэта артэфакт жалезнага веку.

Век жалезны, шпілька бронзавая

"Зусім нечакана з насыпу вала выйшаў першы бронзавы выраб - ажурная шпілька, якая датуецца VII-VI стагоддзямі да нашай эры", - сказаў навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Паводле яго слоў, большасць падобных артэфактаў было знойдзена на тэрыторыі Украіны.

"У нас (на беларускай тэрыторыі) - гэта першая падобная знаходка", - адзначыў археолаг.

Сяргей Ліневіч звярнуў увагу на добрую захаванасць шпількі, "прыгожай цікавай рэчы, якая зойме годнае месца ў музеі".

Новая знаходка, на думку навукоўцаў, адносіцца да падгорцаўскай археалагічнай культуры, хоць звычайна яна называецца мілаградска-падгорцаўскай.

Справа ў тым, што ў апошні час гісторыкі падзяляюць дзве культуры па арэале пражывання. Тэрыторыя вакол Кіева, дзе найбольш распаўсюджана была падгорцаўская культура, з`яўляецца лесастэпам. Тэрыторыя беларускага Палесся, дзе знаходзяцца помнікі мілаградскай культуры, акружаная лясамі.

Імпарт і экспарт жалезнага веку

"Носьбіты гэтых культур кантактавалі паміж сабою, і матэрыялы маглі трапляць, такім чынам, на Палессе. Такіх практычна цэлых ажурных шпілек археолагамі ў ходзе навуковых даследаванняў раней не было выяўлена ў Беларусі", - падкрэсліў гісторык.

Верагодней за ўсё, ажурная шпілька падгорцаўскай культуры з`яўляецца імпартным вырабам, таму што ў ходзе вывучэння гарадзішча Обчын і прылеглай тэрыторыі не атрымалася знайсці старажытныя цэнтры металаапрацоўкі.

"Гэта бронзавы выраб, і яго трэба ўмець адліваць. Для гэтага неабходная печ і сыравіна для вытворчасці (як правіла, гэта сплаў медзі з волавам). На тэрыторыі Беларусі вядомыя цэнтры металаапрацоўкі, але падобных артэфактаў выяўлена не было", - растлумачыў Сяргей Ліневіч.

Любанскі музей папоўніць калекцыю

Падобныя ажурныя шпількі знаходзілі ў скарбах ў Кіеўскай вобласці. Такія ювелірныя вырабы маглі сабе дазволіць не ўсе людзі - рэчы мелі статутнае значэнне. Праўда, на ўкраінскіх сайтах цяпер можна лёгка знайсці аб`яву аб продажы артэфактаў падгорцаўскай культуры, якія размяшчаюць "чорныя капальнікі".

Бронзавая ажурная шпілька, знойдзеная на гарадзішчы Обчын, не патрабуе кансервацыі, але ёй неабходная чыстка. Цяпер яна трохі пагнута, і археолагі спадзяюцца, што гэта дэфект атрымаецца выправіць.

Сяргей Ліневіч заявіў, што ўнікальны для Беларусі артэфакт зойме годнае для сябе месца ў музеі. Зараз археолагі схіляюцца да думкі, што ўсе знойдзеныя прадметы ў ходзе раскопак Обчына будуць перададзеныя ў Любанскі музей.

Што ёсць такое падгорцаўская археалагічная культура

На думку шэрагу гісторыкаў - гэта лакальны варыянт мілаградскай археалагічнай культуры, якая датуецца VII-I стагоддзямі да нашай эры. Сваю назву атрымала ад вёскі Подгорцы ў Кіеўскай вобласці.

Носьбітаў культуры часта прылічваюць да неўраў Герадота, балтаў або праславян. Людзі жылі ў селішчах, якія складаюцца з розных тыпаў пабудоў для розных рэгіёнаў. Паўзямлянкі, зямлянкі, слупковыя і зрубныя паўзямлянкі, слупковыя канструкцыі. Самі паселішчы маглі быць як ўмацаваныя, так і не мець ахоўных збудаванняў. Пахавальны абрад сінкрэтычны: практыкавалася і крэмацыя, і курганныя пахаванні.

Sputnik, 21 жніўня 2019
 
Дата публикации:21.08.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:233
 
Ключевые слова:
Археология Исследования Невры Раскопки Любань Обчын
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме