https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дэпазіты на сямейны капітал у Беларусі адкрыты больш як на $660 млн


Аб гэтым паведаміла намесніца начальніка ўпраўлення народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Марына Арцёменка, каментуючы Пасланне Прэзідэнта беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу.
У Беларусі на сённяшні дзень адкрыта больш за 66 тыс. дэпазітных рахункаў на сямейны капітал на суму звыш $660 млн. 

"Шматдзетныя сем`і карыстаюцца асаблівай падтрымкай дзяржавы, яны ў цэнтры гэтага клопату. Паколькі выгадаваць траіх і больш дзяцей - складаная і адказная задача. І з 2015 года ў нас дзейнічае маштабная праграма доўгатэрміновай падтрымкі шматдзетных сем`яў - сямейны капітал. Ён назначаецца ў выглядзе аднаразовай выплаты ў памеры $10 тыс. пры нараджэнні (пасля 1 студзеня 2015 года) трэцяга і наступных дзяцей. За гэты перыяд адкрыта больш за 66 тыс. дэпазітных рахункаў на суму звыш $660 млн. І мы бачым, што праграма апраўдала чаканні: за 2015-2018 гады рост долі трэціх дзяцей у агульнай колькасці нараджэнняў склаў 137 працэнтаў у параўнанні з папярэднімі 2011-2014 гадамі, калі сямейны капітал не дзейнічаў", - расказала Марына Арцёменка.

Права распараджэння сродкамі сямейнага капіталу надыходзіць пасля дасягнення дзіцем 18 гадоў. Выкарыстоўваць іх можна па пяці напрамках: на паляпшэнне жыллёвых умоў, на паслугі ў сферы адукацыі, медыцыны, сацыяльнага абслугоўвання, а таксама накапляльную пенсію маці. Акрамя таго, можна выкарыстоўваць капітал датэрмінова на атрыманне платных медыцынскіх паслуг ва ўстановах аховы здароўя па пераліку і на ўмовах, зацверджаных Міністэрствам аховы здароўя.

Праграма завяршаецца 31 снежня 2019 года. Але эфектыўнасць гэтай меры падтрымкі шматдзетных стала падставай для разгляду магчымасці прадаўжэння праграмы на новую пяцігодку. Адпаведнае даручэнне ўраду даў у час Паслання Прэзідэнт Беларусі. Акрамя таго, Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся рэфармаваць праграму сямейнага капіталу: перагледзець тэрміны, пасля заканчэння якіх сям`я зможа распараджацца грашамі, а таксама пашырыць пералік патрэб, на якія гэтыя сродкі могуць быць накіраваны.

Марына Арцёменка адзначыла, што значныя інвестыцыі таксама накіроўваюцца на падтрымку будаўніцтва жылля для шматдзетных. Гэта самае актуальнае пытанне для сем`яў, што паказваюць і сацыялагічныя даследаванні. Бацькі могуць рашыцца на нараджэнне чарговага дзіцяці, калі няма жыллёвых праблем. У гэтых мэтах дзяржава прадастаўляе льготныя крэдыты, субсідыі на пагашэнне крэдытаў, выдадзеных на агульных падставах. Пры выхаванні траіх дзяцей субсідыяй пагашаецца 95 працэнтаў ад сумы асноўнага доўгу па выдадзеным крэдыце, чацвярых і больш - 100 працэнтаў.

Спецыяліст прывяла і іншыя прыклады падтрымкі шматдзетных сем`яў. Сем`ям, у якіх выхоўваецца трайняты ва ўзросце да 3 гадоў, бясплатна прадастаўляюць паслугі няні па 40 гадзін у тыдзень, для двайнят - 20 гадзін. Акрамя таго, дзейнічае сістэма адраснай сацыяльнай дапамогі, у тым ліку прадастаўленне бясплатных прадуктаў харчавання дзецям ва ўзросце да 2 гадоў (для сем`яў, якія выхоўваюць двайнят і трайнят - без уліку даходаў), што вельмі запатрабавана. Таксама штогод прадастаўляецца дапамога да новага навучальнага года. Цікавая мера дзейнічае ў сістэме працоўных адносін. Бацькі, якія выхоўваюць траіх і больш дзяцей ва ўзросце да 16 гадоў, маюць права на адзін дадатковы выхадны ў тыдзень, які аплачваецца ў памеры сярэдняга дзённага заработку.

У цэлым, у Беларусі створана разгалінаваная сістэма падтрымкі сем`яў з дзецьмі. Усе яе віды накіраваны на задавальненне галоўных патрэб і патрэбнасцей сем`яў: гэта дзяржаўныя дапамогі, адрасная сацыяльная дапамога, прававыя гарантыі ў сферы працоўнага, пенсійнага і падатковага заканадаўства.

"У першую чаргу можна вылучыць сістэму дзяржаўных дапамог, якая ўключае 11 відаў. Самай значнай з`яўляецца дапамога ў сувязі з нараджэннем дзіцяці. Яна складае Br2169 пры нараджэнні першынца, Br3037 - пры нараджэнні другога і наступных дзяцей. Дапамога па доглядзе дзіцяці ва ўзросце да 3 гадоў, якая назначаецца ў роўных памерах і застрахаваным, і не застрахаваным грамадзянам. Яе памер увязаны з велічынёй сярэднямесячнай заработнай платы па краіне: па доглядзе перашага дзіцяці - Br362, другога і наступных - Br414. Пры выхадзе маці на работу на ўмовах няпоўнай занятасці (не больш за палавіну нормы рабочага часу) дапамогу прадаўжаюць выплачваць у поўным памеры. Таксама ёсць дапамога на дзяцей ад 3 да 18 гадоў, калі ў сям`і, акрамя таго, выхоўваецца дзіця ва ўзросце да 3 гадоў, памер якой складае Br108", - сказала Марына Арцёменка.

22 красавіка 2019, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:22.04.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:681
 
Ключевые слова:
Соцзащита в Беларуси Семейный капитал Материнство и детство Послание Президента Демография
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме