https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Дзяржава падзякавала бізнесу, што ўкладае ў культуру


Ушаноўванне мецэнатаў — адна з нямногіх абсалютных вартасцяў, якія адбываюцца па ініцыятыве Міністэрства культуры, і слова крытыкі не можа быць.
Шматлікія прапановы, мерапрыемствы, фестывалі, што маюць месца ў нашай краіне, магчымыя дзякуючы ў тым ліку дапамозе банкаў, прадпрыемстваў, арганізацый, беларускія яны альбо міжнародныя, а таксама пасольстваў. Дык вось ужо восьмы год бачна, што дзяржава гэтую дапамогу цэніць. І адзначае падзякай на адмысловай цырымоніі ўшаноўвання лаўрэатаў рэспубліканскай акцыі «Мецэнат культуры Беларусі», якая гэтым разам адбылася 10 красавіка ў блакітнай зале Палаца прыёмаў.

Больш за тое, па словах міністра культуры Юрыя Бондара, дзяржава бачыць сэнс у далейшай распрацоўцы заканадаўства, у якім будуць закладзены стымулы і заахвочванні для тых, хто займаецца «гэтай высакароднай дзейнасцю».

Па справаздачы міністэрства, у 2018 годзе ў параўнанні з 2017-м аб`ём аказанай дапамогі вырас прыкладна на чатырыста тысяч рублёў і ў выніку склаў амаль сем мільёнаў (6,8, калі быць дакладным). Гэтыя грошы пайшлі, напрыклад, на кінафестываль «Лістапад», форум тэатральнага мастацтва «ТЭАРТ», Калядны конкурс вакалістаў і Калядны оперны форум у Вялікім тэатры (ды і проста новыя пастаноўкі), фестываль Юрыя Башмета, Ноч музеяў у Нацыянальным мастацкім (і асобныя выстаўкі), «Славянскі базар у Віцебску». Далёка хадзіць не трэба: на рэтраспектыву японскага кінакласіка Ясудзіра Одзу. Ды, вядома ж, многія іншыя мерапрыемствы.

Асаблівую нішу займае захаванне нацыянальнай спадчыны, напрыклад, рэстаўрацыя сядзібы Агінскага, бо тут мецэнацтва павінна мець яшчэ больш бескарыслівы настрой. Міністэрства культуры адзначае, што свае спонсары знайшліся і ў справе рамонту Шайцараўскага сельскага Дома культуры, набыцця раяля для Маладзечанскага музычнага каледжа імя Агінскага, абсталявання для Светлагорскага цэнтра культуры. То-бок высакароднае мецэнацтва датычыцца не толькі буйных укладаў у мерапрыемствы — увагі вартая кожная скрыпка.

«За той час, што прайшоў з першай акцыі ў 2012 годзе, бескарыслівая дапамога культуры ў Беларусі стала неад`емнай часткай сацыяльна адказнай дзейнасці айчыннага бізнесу.

У імкненні памножыць культурнае багацце краіны і падтрымаць высілкі дзяржавы ў захаванні духоўнай спадчыны ўсе мы разумеем, як важна ўзнаўляць найлепшыя традыцыі мецэнацтва і дабрачыннасці», — сказаў Юрый Бондар на цырымоніі.

Па яго словах, кола спонсараў культуры за апошнія гады пашырылася, а ў цэлым лаўрэатамі акцыі стала больш за сто трыццаць банкаў, прадпрыемстваў, кампаній і прыватных асоб. Шмат якія назвы падчас агучвання лаўрэатаў «Мецэната культуры», што прыемна, гучалі ў гэтым кантэксце не ўпершыню. Падзякі атрымалі Белінвестбанк і «Белавія», Mаstеrсаrd у Беларусі і «Камунарка», Беларуская чыгунка і Мінскі трактарны завод — усяго каля шасцідзесяці прадстаўнікоў сваіх брэндаў.

Цырымонія не магла абысціся без прадстаўніцтва, напэўна, найбольш заўважнага ў сферы культуры бізнес-гульца — Белгазпрамбанка, што не толькі падтрымлівае чужыя ініцыятывы, але і стварае свае.
____________________________________

З сябрам праўлення і дарадцам старшыні праўлення Уладзімірам Сажыным мы пачалі размову з ролі культуры, якую банк для сябе вызначае, і прычынах у ёй зацікаўленасці.

— У шырокім сэнсе ўсё, што робіць чалавек, — гэта культура, у тым ліку такі паважаны кірунак, вельмі папулярны ў Беларусі, як фізічная культура. Грошы робяць жыццё чалавека лепшым у матэрыяльным плане, а культура робіць яго больш эмацыянальна насычаным. Яна, як я гэта для сябе вызначаю, надае жыццю сэнс. Мы хочам, каб людзі вакол нас, асабліва нашы дзеці, не проста жылі ў лепшых матэрыяльных умовах — мы хочам зрабіць лепшай і тую частку, якая датычыцца сапраўдных культурных праяў, у прыватнасці мастацтва. Праз жаданне зрабіць жыццё больш эмацыянальным мы, магчыма, яго і паляпшаем. Нам, як і ўсім, хочацца нечага большага за базавыя патрэбнасці, таму мы падтрымліваем мастацтва ў меру нашага разумення і любові да яго канкрэтных відаў — выяўленчага, якое вучыць нас, што такое праўда і прыгажосць, тэатра, які расказвае пра сучаснае жыццё, бо, напэўна, больш актуальнага мастацтва няма, і агульнай культуры, дабрачыннасці.

— За той час, што вы займаецеся культурай, вы задаволены тым, як працуюць вашы ўкладанні?

— Здаровы канфлікт рухае развіццё, у нас заўсёды ёсць незадаволенасць зробленым, але кірунак падаецца безумоўна правільным. Мы назіраем рост агульнай цікавасці да культуры і нясціпла звязваем нейкую нітачку і са сваёй дзейнасцю, напрыклад, вяртаннем шэрагу карцін мастакоў, якія тут нарадзіліся, на радзіму. Мы надаём гэтай нітачцы важнейшае значэнне, яна мусіць быць працягнута з гістарычнага мінулага ў будучыню праз нашае пакаленне. Гэта нітка неаднаразова, асабліва ў мінулым стагоддзі, перарывалася, а нам бы хацелася, каб людзі разумелі, што яна бесперапынная. Булгакаў казаў, што нітачку можа перарэзаць толькі той, хто яе падвесіў. Грамадства павінна бачыць, што, нягледзячы на ўсе жахі, праз якія прайшлі нашы бацькі і асабліва дзяды, гэта бесперапыннасць культурнага жыцця Беларусі захоўваецца. Чым больш мы будзем падтрымліваць гэтую ўпэўненасць, тым больш будзе сапраўдных грамадзян, што ўспрымаюць сябе не толькі элементам, які прыходзіць і сыходзіць, але і тымі, хто таксама працягвае гэтую самую нітку.

— Па чым вы бачыце, што расце цікавасць да культуры?

— Ва ўсялякім выпадку мне падаецца, ад неразумення сэнсу падобных акцый, як «Мецэнат культуры», з боку дзяржавы мы перайшлі да перыяду, калі гэта безумоўна і глабальна выдзяляецца. Бо ёсць розніца паміж правядзеннем культурных акцый і бачаннем у іх сэнсу. Вы бачыце, прыняцце і падтрымка мецэнатаў, тым больш у фармаце падзякі, мае толькі васьмігадовую гісторыю. І потым мы лічым колькасць людзей на нашых мерапрыемствах раней і цяпер і звязваем іх павелічэнне не толькі з ростам дабрабыту ў ІT-краіне, але і пашырэннем унутраных патрэб.

Аўтар: Сафія Палянская
Звязда, 13 красавіка 2019
 
Дата публикации:13.04.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:545
 
Ключевые слова:
Меценатство
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме