https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Каля вёскі Мясата пад Маладзечнам стаіць незвычайны помнік дарозе


Каля вёскі Мясата пад Маладзечнам усталявалі помнік дарозе.
Дарога — гэта жывы арганізм, па ёй і ноччу і днём, у любое надвор`е не спыняецца рух. Дарога — гэта пачатак новага жыцця, акно ў нязведаны дзівосны свет, далёкія краіны. Дарозе прысвечана шмат вершаў, песень. 

У 1979 годзе тагачасны сакратар Маладзечанскага райкама партыі па ідэалогіі Вячаслаў Ляшковіч і дырэктар Мінскага абласнога краязнаўчага музея Генадзь Каханоўскі вырашылі, што трэба ўшанаваць Віленскі тракт. Калісьці ён звязваў Менск з Вільняй, і па ім у розныя часы праязджалі або праходзілі знакамітыя асобы, якія аказалі значны ўплыў на развіццё і станаўленне Беларусі, а таксама прадстаўнікі іншых культур — украінскай, расійскай, польскай, літоўскай. Сярод іх Сымон Будны, Тарас Шаўчэнка, Міхал Клеафас Агінскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Уладзіслаў Сыракомля, Францішак Багушэвіч, Якуб Колас, Янка Купала, Міхась Чарот, Максім Багдановіч, Мікалай Гогаль і шмат іншых.

— У 1839 годзе ў Маладзечна прыязджаў рускі пісьменнік Мікалай Гогаль, які вяртаўся з Італіі разам са сваім сябрам Міхаілам Пагодзіным, і спыніўся тут на некалькі дзён. Мікалай Васілевіч наведаў тутэйшае шляхецкае павятовае вучылішча, — расказаў супрацоўнік раённай бібліятэкі мясцовы краязнавец Міхаіл Казлоўскі. — Цяжка ўявіць, што ён думаў на самай справе пра навучальную ўстанову. Але сказаў, што гэта надзвычай добрае вучылішча. Яно і сапраўды вартае, каб пра яго памяталі. Уявіце сабе невялікае глухое мястэчка, адрэзанае ад усяго свету балотамі, дрыгвой, дзе вельмі распаўсюджанай была хвароба вачэй. Ды сюды не пабаяліся прыехаць працаваць простымі настаўнікамі вядомыя дактары філалогіі, філасофіі ды іншых навук. Гэтую ўстанову закончылі многія знакамітыя людзі, як, напрыклад, вучоны-ўсходазнавец, прафесар арабскай і турэцкай моў у Пецярбургскім універсітэце Антон Іосіфавіч Мухлінскі. Выпускнік яе і паэт-рамантык, грамадскі дзеяч Тамаш Зан, які, дарэчы, нарадзіўся ў Мясаце. За ўдзел у арганізацыі філаматаў і філарэтаў ён быў высланы ў Арэнбург без права вяртання на радзіму. Але Тамаш і там праявіў сябе: стаў даследаваць флору і мінералы Урала. І царскі ўрад злітаваўся, скасаваў прысуд і дазволіў яму вярнуцца ў Беларусь. Зан пасяліўся ў Кахачыне каля Оршы, дзе і пахаваны са сваёй жонкай Брыгідай. Па Віленскім тракце калісьці ўцякаў у Францыю сам Напалеон Банапарт і спыняўся ў Маладзечне.

Помнік Віленскаму тракту ўяўляе сабой тэматычную кампазіцыю з чатырох валуноў. На кожным з іх замацаваная памятная дошка. На адным камені змешчана карта і схема Віленскага тракта, на другім у якасці эпіграфа выбітыя словы Янкі Купалы: «Мінск, Маладзечна, Вільня — як жа знаёмы шлях гэты!». На двух астатніх выгравіраваны імёны асоб, якія трымалі кірунак на Мінск або Вільнюс гэтай дарогай.

Доктар філалогіі Адам Мальдзіс калісьці сказаў: «Калі хочаце ўшанаваць памяць нейкіх людзей, але сцвярджаеце, што не хапае сродкаў, то бярыце прыклад з Маладзечна. Сродкі лёгка знайсці, для гэтага не трэба вялікіх грошай, фінансавых укладанняў».

Сапраўды, Вячаслаў Ляшковіч, дзякуючы знаёмству з камандзірам вайсковай часці, здолеў прывезці гэтыя камяні і ўсталяваць іх каля Мясаты. Няма ў жывых заснавальнікаў гэтага незвычайнага комплексу, але ўдзячныя нашчадкі змясцілі і іх імёны на валуне.

Аўтар: Таццяна Лазоўская 
Звязда, 30 сакавіка 2019
 
Дата публикации:30.03.2019
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:202
 
Ключевые слова:
Віленскі тракт Маладзечна Вільня Краеведение Мясата Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме