Касцюк некалькі разоў называўся чалавекам года Кембрыджскім універсітэтам і меў міжнароднае прызнанне.
Міхаіл Касцюк быў адзіным у Беларусі гісторыкам-акадэмікам. Пайшоў з жыцця навуковец у аўторак на 79-м годзе жыцця - у той самы дзень з яшчэ адным сябрам НАН, хімікам Анатолем Лесніковічам.
Касцюк нарадзіўся ў вёсцы Масцішча Наваградскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1963-м ён на выдатна скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута. У Інстытуце гісторыі АН БСССР Касцюк працаваць пачаў у 1966 годзе.
Ужо ў 1989-м Касцюк быў абраны членам-карэспандэнтам, а ў 1996-м - акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук.
"У 1998 г. акадэмік НАН Беларусі М.П.Касцюк атрымаў дыплом сапраўднага акадэміка Цэнтральнай Еўрапейскай Акадэміі навук і мастацтва і Міжнароднай акадэміі навук Еўразіі. Па рашэнні Міжнароднага навуковага савета Амерыканскага біяграфічнага інстытута, а таксама Кембрыджскага універсітэта М.П.Касцюк прызнаваўся чалавекам года у 1999, 2002, 2005, 2006 і 2007 гадах", - адзначылі ў прэс-службе НАН.
У 2010 годзе акадэмік Касцюк атрымаў адну з вышэйшых дзяржаўных узнагарод краіны - медаль Францыска Скарыны.
"За час сваёй навуковай дзейнасці М.П.Касцюк стварыў уласную навуковую школу, асабіста падрыхтаваў 4 дактароў і каля 25 кандыдатаў гістарычных навук", - дадалі ў прэс-службе НАН.
Як паведамілі ў Акадэміі навук, Касцюк з`яўляецца адным з вядучых распрацоўшчыкаў нацыянальна-дзяржаўнай канцэпцыі гісторыі Беларусі. Акрамя мноства ўзнагарод і навуковых прац, запомніўся ён і як папулярызатар гісторыі.
"Светлую памяць пра Міхаіла Паўлавіча Касцюка захаваюць яго калегі і вучні", - заключылі ў НАН.
Мінск, 5 лютага 2019
Sputnik
Sputnik