Масавыя гулянні ў беларускай сталіцы ў навагоднюю ноч прайшлі на 25 адкрытых пляцоўках ва ўсіх раёнах, святочныя вуліцы пачалі пусцець каля трох-чатырох гадзін раніцы, а ў 10 гадзін 1 студзеня цэнтр горада быў практычна бязлюдным. Вуліцы былі ўжо прыбраны пасля навагодніх гулянняў.
Як распавялі супрацоўнікі камунальнай службы, якая адказвае за ўборку вуліц, на пляцоўках, дзе прайшлі гулянні, прыбіралі ўсю ноч. "Смецця было шмат, асабліва на сталах - быў пакінуты пластыкавы посуд, рэшткі ежы", - распавёў суразмоўца агенцтва.
Паводле яго слоў, асабліва "дасталося" начной змене дворнікаў, якім давялося прыбіраць смецце, калі народ яшчэ гуляў. "Мы заступілі ў 7 раніцы, мяцем, прыбіраем, выцягваем мяшкі з смеццем са скрыняў, а спецтранспарт вязе яго на перапрацоўку", - сказаў дворнік.
Па стане на 10 гадзін раніцы ў мінскім метро ўжо пачаўся павялічвацца пасажырапаток. Па словах супрацоўнікаў метрапалітэна, колькасць пасажыраў на станцыях вырасла з дзевяці гадзін раніцы.
"Метро працавала сёння да 4 раніцы, праз пару гадзін мы зноў адкрыліся, трэба было давесці да ладу станцыі. Было мала пасажыраў, але паступова горад пачаў прачынацца. Едуць на вакзал, у госці, вяртаюцца з гасцей", - распавялі карэспандэнту Sputnik на адной са станцый метрапалітэна супрацоўнікі беларускі падземкі.
У Мінску 1 студзеня практычна не працуюць буйныя прамтаварныя крамы, аднак працуюць харчовыя, але рана раніцай 1 студзеня і ў іх практычна няма наведвальнікаў. У адным з цэнтральных універсамаў сталіцы, дзе заўсёды людна - бо там прадаюць каву, чай, прысмакі, гарачыя і халодныя бутэрброды, а таксама спіртныя напоі ў разліў, раніцай было ўсяго некалькі наведвальнікаў. "Нікога няма, ды наўрад ці сёння будзе шмат наведвальнікаў. Усе адпачываюць дома", - растлумачыў бармэн.
Нягледзячы на тое, што горад яшчэ адпачывае ад навагодняй бурнай ночы, супрацоўнікі міліцыі патрулююць вуліцы і праспекты беларускай сталіцы - яны да 2 студзеня будуць працаваць ва ўзмоцненым рэжыме.
У праваслаўных і каталіцкіх храмах рана раніцай прайшлі службы. Праваслаўныя прыйшлі на споведзь, на прычасце - яны рыхтуюцца да сустрэчы Божага Нараджэння, у іх працягваецца пост. А ў каталіцкіх храмах - працягваюцца святочныя калядныя службы.
Акрамя гэтага, праваслаўныя вернікі рана раніцай правялі традыцыйны Хросны ход цвярозасці.
Sputnik, 1 студзеня 2019