https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Таямніцы Друцкага кургана


Археолагі — самыя сапраўдныя следчыя па вывучэнні нашага мінулага. Іх высновы грунтуюцца не на думках і меркаваннях, а на канкрэтных знаходках, якія шмат пра што сведчаць.
Назіраем за логікай археалагічнага даследавання

Калі супаставіць усё з інфармацыяй, змешчанай у летапісах і дакументах, вымалёўваецца зусім ясная карціна! Разам з загадчыцай цэнтра археалогіі і старажытнай гісторыі Беларусі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, доктарам гістарычных навук, прафесарам Вольгай Ляўко мы зладзілі такую ўяўна-дакладную вандроўку ў наша мінулае. Спадарыня Вольга расказала, якім чынам удалося адшукаць астанкі прапраўнука князя Усяслава Чарадзея.

«Гэтыя знаходкі былі зроблены намі яшчэ ў 2009 годзе ў Друцку. Напярэдадні я працавала там на працягу некалькіх палявых сезонаў (і прайшло 35 гадоў з таго моманту, як скончыў раскопкі маскоўскі археолаг Аляксееў, а ён капаў каля 10 сезонаў; таму шмат матэрыялу знаходзілася ў Расіі).

Спачатку я раскапала гарадзішча, таксама навакольны горад, пасад і курганны могільнік — захаваўся адзін падоўжаны курган, на які мы асаблівых надзей не ўскладалі. Але ўсё-такі ўскрылі яго, і там нас напаткала вялікая нечаканасць. У адным кургане выявілася 38 пахаванняў — гэта было калектыўнае пахаванне, прычым зробленае ў чатыры слаі.

Самае ніжняе пахаванне — у труне пад каменнай плітой, апушчанай у зямлю, — зроблена па хрысціянскім абрадзе. Надмагільная пліта ляжала наверсе, вакол яе — некалькі шкілетаў людзей дастаткова высокага росту, з сечанымі ранамі на касцях. З каўнярамі візантыйскага шыцця, вытканымі залатымі ніткамі, з пазалочанымі гузікамі. Гэта былі людзі дастаткова знатныя. Іх перакрываў слой зямлі, і зверху ляжала, атрымліваецца, ужо трэцяя ступень пахавання. Там былі і жаночыя, і дзіцячыя, і мужчынскія пахаванні, але шараговыя. Па наканечніках стрэл, якія захраслі ў касцях людзей гэтых абодвух радоў пахавання, было бачна, што яно змяшчае вынікі бітвы. Гэты пласт таксама перакрылі слоем глебы. З самага верху знаходзіліся пахаванні рабоў (ёсць некаторыя прыкметы, па якіх мы зазвычай выдзяляем такія пахаванні ў адносінах да іншых сацыяльных слаёў). А сама надмагільная пліта была выкананая з вапняку ў выглядзе падоўжанага шчыта. Пліту разам з дзвюма падстаўкамі, на якіх яна стаяла, мы перадалі ў Віцебскі краязнаўчы музей (яе можна ўбачыць у экспазіцыі).

У магіле быў выяўлены чэрап дзіцяці, некалькі невялікіх костачак і адзін пазалочаны гузік. Драўляны тлен контурам паказвае, што там ляжала драўляная труна. Мы аддалі чэрап на даследаванне, і па ім аднавілі воблік дзіцяці — яму было паміж 4 і 6 гадамі. Затым зрабілі адліўку галавы — вынік можна пабачыць у музеі Інстытута гісторыі.

Адшукаўшы гэту пліту і перадаўшы яе ў музей, я пачала гартаць спецыялізаваную літаратуру. І зразумела, што аналагічныя надмагільныя пліты былі знойдзены ў княскіх пахаваннях у Галіцка-Валынскай зямлі. Гэтыя пліты былі прывезены з Візантыі. А нашы полацкія князі ў ХІІ стагоддзі былі таксама сасланыя ў Візантыю — і там праходзілі вайсковую службу. У 1140-х гадах яны вярнуліся на радзіму — натуральна, што прывезлі з сабой адзенне (тканіны візантыйскага ўзору, як ужо згадвалася, былі на каўнярах у пахаваннях), і пліту, і, пэўна, загатоўкі пліт.

Мы зрабілі выснову, што ў гэтым кургане быў пахаваны прадстаўнік княжацкай дынастыі са сваёй світай — і з людзьмі, якія складалі яго дружыну, і дружыннае атачэнне, таксама з тымі, хто быў яго вольнай абслугай і рабамі. Усе размяшчаліся ў адпаведнай градацыі. І самае адметнае, што адзіным, зробленым па хрысціянскай традыцыі, было пахаванне маленькага княжыча, а ўсе астатнія — па паганскім звычаі. І княжыч усё адно ляжыць у кургане, які з`яўляецца паганскім спосабам пахавання. Калі прыйшло хрысціянства, гэты абрад пачаў адміраць, і ўжо ў канцы ХІІІ стагоддзя рабіліся грунтавыя пахаванні без курганоў.

Вяліліся размовы, хто гэта такія, чаму адначасова пахавана 38 чалавек, з чым гэта можа быць звязана?.. Я пачала вывучаць дакументальныя матэрыялы, летапісы, аналізуючы рэчыўны матэрыял, знойдзены ў кургане, і пабачыла, што гэта курган другой паловы ХІІ стагоддзя. А па летапісных звестках было зафіксавана, што ў 1151 годзе мінскі князь Расціслаў Глебавіч шляхам інтрыг звергнуў з полацкага прастола свайго стрыечнага брата друцкага князя Рагвалода Барысавіча і пазбавіў яго і яго дружыну «жыцця», як было напісана ў летапісе. У той час пад «жыццём» мелася на ўвазе маёмасць. Гэта значыць, ён разрабаваў Друцкую воласць і пасадзіў там аднаго са сваякоў. А мясцовы князь апынуўся ў выгнанні, ён папрасіў дапамогі ў чарнігаўскіх сваякоў. Тыя прыйшлі, і ў 1158 годзе адбылася міжусобная бітва паміж друцкім князем і мінскімі князямі, якія занялі яго тэрыторыю. Напісана, што бітва была крывавая. Пасля гэтага мінскія князі зноў былі вернуты ў Мінскую зямлю. Палачане прыйшлі да друцкага князя і сказалі: «Княжа, мы перад табой вінаватыя. Мы цяпер гатовыя схапіць мінскага князя і пасадзіць яго ў лёхі ці аддаць у твае рукі — рабі з ім што хочаш. А ты вярніся назад на прастол у Полацк». Што ён і зрабіў, вярнуўся назад на княжанне.

Невядома, якія меры былі прынятыя да якіх князёў, але застаецца факт, што была бітва. І вось пытанне: хто быў пахаваны ў друцкім кургане? Гэта прадстаўнікі друцкага князя, яго атачэнне, ці прадстаўнікі мінскага князя? Пра дзяцей у летапісах зазвычай нічога не пішуць, калі гэта не мае нейкага прынцыповага значэння.

Разам з Андрэем Вайцяховічам, які таксама капаў гэты курган, мы паглядзелі на апоры, на якіх ляжала каменная пліта, на адной з іх ёсць высечаны знак. Ён падобны на крыж з выявы знака мінскіх князёў. Мы зрабілі верагодную выснову, што гэта маглі быць мінскія князі, якіх перамог друцкі князь, вярнуўшы сабе маёмасць і княства.

Але паколькі яны родныя і размова вядзецца пра загінулага княжацкага прадстаўніка, то пахаванне адбылося па княжацкай традыцыі, па ўсіх правілах.

Усе князі былі хрышчоныя, таму дзіця паклалі па хрысціянскім абрадзе. Але паколькі паганскі дух захоўваўся нават у княжацкім асяроддзі даволі трывала, то ўся світа разам з князем былі пахаваныя пад курганом.

Так і атрымліваецца, што калі дзіця з`яўляецца сынам Расціслава Глебавіча ці яго родных братоў па лініі мінскіх князёў (а Глеб быў сынам Усяслава Полацкага), то малы з`яўляецца прапраўнукам Усяслава. Другое пытанне, хто гэта быў — прадстаўнік мінскага роду ці друцкага роду Усяславічаў?

У самым версе насыпу, які перакрыў усё, мы знайшлі свінцовую пячатку. Гэта выява візантыйскіх князёў святых Канстанціна і Алены. Гэта яшчэ адно сведчанне таго, што з Візантыі было прывезена шмат рэчаў пасля вяртання са ссылкі. Можа, пячатка трапіла туды выпадкова, а можа, яе наўмысна кінулі ў курган, калі закрывалі яго, з рытуальнай мэтай.
Надмагільная пліта
Надмагільная каменная пліта захоўваецца ў віцебскім музеі. Бачны знак — крыжык і двузубец. У мінскіх князёў уверсе на адным з зубцоў быў такі ж крыжык. І тое дае нам магчымасць меркаваць, што гэта былі ўсё-такі мінскія князі».

Аўтар: Ніна Шчарбачэвіч
Звязда, 11 кастрычніка 2018
 
Дата публикации:11.10.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:403
 
Ключевые слова:
Друцк Усяслаў Чарадзей Археология Расціслаў Глебавіч
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме