https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


14-га лютага споўнілася 110 гадоў з дня нараджэння народнага мастака Беларусі Паўла Масленікава


Павел Васільевіч Масленікаў - прызнаны майстар пейзажнага жывапісу і тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва Беларусі XX стагоддзя.
Нарадзіўся Павел Масленікаў 14-га лютага 1914 года ў вёсцы Нізкая Вуліца Магілёўскага раёна. У 1938 годзе ён скончыў Віцебскае мастацкае вучылішча і пачаў працаваць мастаком-дэкаратарам у Дзяржаўным тэатры оперы і балета Беларусі. У 1941 годзе Масленікаў рыхтаваў афармленне оперы "Кацярына", але пачалася Вялікая Айчынная вайна, якую мастак прайшоў ад пачатку да канца. Атрымаў медалі "За абарону Масквы", "За перамогу над Германіяй", ордэн Айчыннай вайны II ступені.

У 1946 годзе пасля дэмабілізацыі Павел Масленікаў вярнуўся ў тэатр і прадоўжыў працаваць у якасці мастака-пастаноўшчыка. У 1953 годзе завочна скончыў Інстытут жывапісу, скульптуры і архітэктуры імя Рэпіна ў Ленінградзе, а ў 1954 годзе атрымаў званне заслужанага дзеяча мастацтваў Беларусі.

Каля дваццаці гадоў жыцця звязана ў Паўла Масленікава з тэатрам. Гэта час станаўлення, творчых напрацовак, сустрэч і супрацоўніцтва са знакамітымі рэжысёрамі, кампазітарамі, мастакамі і артыстамі. Тэатр стаў для яго другім домам і майстэрняй. Менавіта тэатр раскрыў усе таямніцы і сфармаваў Паўла Васільевіча як асобу.

Ён аформіў спектаклі "Трыльбі" Аляксандра Юрасоўскага, "Бахчысарайскі фантан" Барыса Асаф`ева, "Прададзеная нявеста" Берджыха Сметаны, "Салавей" Міхаіла Крошнера, "Дэман" Антона Рубінштэйна, "Іаланта" Пятра Чайкоўскага, "Страшны двор" Станіслава Манюшкі, "Цыганскі барон" Іагана Штрауса і многія іншыя. Масленікаў афармляў спектаклі таксама і ў Беларускім дзяржаўным тэатры імя Янкі Купалы і Дзяржаўным рускім драматычным тэатры Беларусі імя Максіма Горкага.

Мастак шмат падарожнічаў, з кожнай паездкі ён прывозіў жывапісныя творы. Ім створаны серыі карцін "Алтайскі цыкл", "Прыбалтыйскі цыкл", але большасць сваіх работ ён прысвяціў роднай Беларусі. У апошнія гады жыцця Павел Васільевіч працаваў над серыяй "Родны край". Яна складаецца з некалькіх пейзажаў, якія праўдзіва і пераканаўча перадаюць прыгажосць беларускай зямлі. За доўгае жыццё Павел Масленікаў стварыў шмат твораў, але ні ў адным ён не паўтарыўся.

Павел Васільевіч Масленікаў вядомы не толькі як тэатральны мастак і пейзажыст, але і як педагог, мастацтвазнавец. З 1960 па 1964 год ён быў рэктарам Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў), затым загадваў кафедрай, быў дацэнтам кафедры жывапісу. Ён значна пашырыў сістэму мастацкай адукацыі ў Беларусі: ініцыяваў адкрыццё новых спецыяльнасцей у Беларускім дзяржаўным тэатральна-мастацкім інстытуце і забяспечыў арганізацыю навучальнага працэсу неабходнай інтэлектуальнай і матэрыяльнай базай.

Павел Васільевіч стварыў падмурак для падрыхтоўкі нацыянальных кадраў па розных напрамках дэкаратыўна-прыкладнога, манументальнага, тэатральна-дэкарацыйнага мастацтва і тэорыі мастацтва. Ён стварыў кафедры мастацкага афармлення інтэр`ера і абсталявання, манументальна-дэкаратыўнага жывапісу, мастацкай апрацоўкі тканіны і мадэлявання адзення, аддзяленне мастацкай керамікі і шкла, мастацкай апрацоўкі дрэва, завочнае аддзяленне мастацтвазнаўства і тэатразнаўства.

Дзякуючы Паўлу Масленікаву была адкрыта Рэспубліканская школа-інтэрнат па музыцы і выяўленчым мастацтве (цяпер Беларускі рэспубліканскі навучальны комплекс "Гімназія-каледж мастацтваў імя І.В.Ахрэмчыка"). Кожны з вучняў мастака быў па-свойму таленавіты, меў свой характар і асаблівае ўнутранае святло. Ён выхаваў плеяду таленавітых мастакоў. Сярод іх Барыс Герлаван, Яўген Ждан, Вольга Дзёмкіна, Валянціна Маркавец-Бартлава, Міхаіл Раманюк і многія іншыя.

Грунтоўна Павел Масленікаў заняўся мастацтвазнаўчымі даследаваннямі, калі скончыў аспірантуру Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Акадэміі навук Беларусі і абараніў у 1960 годзе дысертацыю. Ён аўтар манаграфіі "Беларускі савецкі тэматычны жывапіс". Мастацтвазнаўцу належаць артыкулы ў перыядычным друку, навуковых часопісах, у пяцітомнай "Энцыклапедыі літаратуры і мастацтва Беларусі", раздзелы, прысвечаныя беларускаму жывапісу ў дзевяцітомным выданні "Гісторыі мастацтва народаў СССР", у шасцітомнай "Гісторыі беларускага мастацтва", за якую яму разам з калектывам аўтараў у 1996 годзе (пасмяротна) была прысуджана Дзяржаўная прэмія Беларусі.

Памёр Павел Васільевіч Масленікаў у 1995 годзе. У 1996 годзе быў падпісаны ўказ Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "Аб увекавечанні памяці народнага мастака Беларусі Масленікава Паўла Васільевіча", згодна з якім Магілёўскаму абласному мастацкаму музею было прысвоена імя П.В.Масленікава. Праз год там была адкрыта новая мемарыяльная экспазіцыя карціннай галерэі Масленікава, а ў скверы, недалёка ад увахода ў музей, устаноўлены бронзавы бюст мастака, які стварыў скульптар Уладзімір Лятун. Імя Паўла Масленікава прысвоена вуліцы ў Мінску.

Мастацкія творы Паўла Васільевіча Масленікава знаходзяцца ў розных музеях, галерэях, прыватных калекцыях у Беларусі і за яе межамі - у Расіі, Італіі, Францыі, Швейцарыі, Венгрыі, Японіі і іншых краінах.

Сёння ў Магілёве пройдуць юбілейныя мерапрыемствы, прысвечаныя 110-годдзю з дня нараджэння народнага мастака. У музеі адкрыецца выстава пад назвай "Пакаленні", на якой будуць прадстаўлены творы творчай дынастыі Масленікавых і вучняў майстра. Таксама адбудзецца ўскладанне кветак да бюста мастака.

14 лютага 2024, Мінск
БЕЛТА
 
Дата публикации:14.02.2024
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:149
 
Ключевые слова:
Павел Масленников Живопись Магілёў Выставка
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме