https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Чароўныя галінкі вярбы: і ад хваробы лечаць, і суджанага клічуць


У народзе лічылі, што ліхаманка, паразіты, дзіцячыя праблемы і хворыя зубы падуладны пупышкам асвечанай вярбы. Пра ўласцівасці гэтах галінак расказвае этнограф Ларыса Мятлеўская.
Вербніца — прадвесніца Вялікадня – урачыстае свята. Сімвал свята – вярба. Гэта прыгожае дрэва цэлы год застаецца непрыкметным, і раптам вясной яно пакрываецца жоўтымі духмянымі "коцікамі", над якімі танцуюць пчолы.

Але не знешнім хараством нам важная вярба. Здавён па народных павер’ях гэта дрэва лічылася ўплываючым на жыццяздольнасць і здароў’е, і хваробы. Асаблівай магічнай значнасцю надзяляліся галінкі вярбы, асвечанай у царкве ў Вербную нядзелю – за тыдзень перад Вялікаднем. Мала хто не схадзіў у нядзелю ў царкву ці да касцёлу, каб пабыць на набажэнстве і асвяціць вербы. Схадзіла ў царкву і я. Прайшлася з зацікаўленым вокам па вербным кірмашы, прыцанілася, набыла верб нямала і засталася задаволеная. Калі вярнулася дадому, сваякам і суседзям разам з чароўнымі галінкамі занесла святочны, добры настрой. А галінкі вярбы з нядзелі перад Вялікаднем і сапраўды чароўныя. На цэлы год яны годныя на ўсялякую патрэбу. Нашы бабулі верылі, што вярба лекуе і спрыяе добраму ўраджаю, засцерагае ад нечысці.

Лекавыя ўласцівасці свянцонай вярбы

З маленства памятаю, як дзед, вярнуўшыся з царквы, сцёбаў усіх хатніх галінкамі вярбы, прыгаворваючы чароўныя словы: "Не я б’ю – вярба б’е…"

Сёлета сцёбала суседак каля храма, а яны мяне, і запісвалі словы замовы, каб не забыцца. Запісвалі хто на чым, нават на накірунку ў лякарню. Ну, няхай Бог памагае!

Вярба ў народных павер’ях асэнсоўвалася як дрэва, якое ўплывае на жыццяздольнасць і здароўе, засцерагае ад нячысцікаў і хваробы.

Асаблівай магічнай значнасцю надзяляліся галінкі вярбы, асвечаныя ў царкве ў Вербную нядзелю – за тыдзень да Вялікдня. У гэты дзень па традыцыі, згодна са старажытным рытуалам, білі (пасцёбвалі) дзяцей, каб яны хутчэй раслі, з прыгаворам:

Не я б’ю — вярба б’е.

За тыдзень – Вялікдзень.

Будзь багаты, як зямля,
Будзь здаровы, як вада,
Як лёд – на ўвесь год!

Гэтай жа вярбой пахлествалі і хворых з пажаданнем ім здароўя: "Не я б’ю – вярба б’е! Хіра ў лес, а здароўе ў косці!".

Вось яшчэ некалькі замоў, якія прамаўлялі нашы бабулі. Хто ведае, калі з верай іх прамовіць, гэтыя чароўныя словы будуць вам на дабро:             

Зоры-зараніцы, гасподнія памачніцы, памагалі Богу, памажыце і мне. Раннія зоркі, вячэрнія і божы дзянёчак, святая нядзелька, прыступіце, памажыце рабу божаму Івану ад плахога глаза.

Ляцеў птах па Сіянскіх гарах, сеў на Іванавых варатах. Стаў шчабятаці, урокі сабіраці: жаночыя, хлапечыя, мужчынскія дзявочыя, падумляныя, насыланыя і прыгавараныя. Ён пашчабятаў, урокі пасабіраў, паляцеў на сіне мора. На сінім моры ляжыць белы камень. Як таго камня не пасекці, не парубіць, так у раба божага Івана уроку не бываць.

Раз, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем – наце круп вам усем.

Крупы гэтыя прымайце і здароўем надзяляйце.

Ліхаманка, паразіты і хворыя зубы падуладны пупышкам асвечанай вярбы. Для гэтага дастаткова было з`есці па дзевяць пупышак з асвечанай вярбы. Часам вярбу запальвалі і акурвалі ёю ад ліхаманкі хату, клалі вярбу ў ваду і тады, калі купалі ў ёй хворае дзіця.

Пупышкі давалі дзецям ад глістоў, попелам ад спаленай вярбы пасыпалі месца вакол калыскі навароджанага дзіцяці, каб прадухіліць усялякія негатыўныя ўздзеянні варожых сіл. 

Вярба, як зваць суджанага?

Калісці дзяўчаты, як прыйдуць з царквы, сядзелі на лаўцы, і як толькі міма праходзілі якія-небудзь хлопцы, з дапамогаю вербачкі варажылі: сцебануўшы незнаёмага хлопца, пыталі ў яго імя, каб даведацца пра імя свайго суджанага. Уяўляю, як гэта было б каля пад`езду якога дома ў горадзе. Ва ўсялякім разе весела. Дзяўчаты, чаму б не паспрабаваць!

Ідзём з вярбой на могілкі

Вось яшчэ рытуалы, звязаныя з Вербніцай, якіх сяляне стараліся прытрымвацца.

Пасля Вялікадня будзе Радуніца, дзень, калі прынята віншаваць з Вялікаднем памерлых продкаў. Гэта дзень, калі на магілы блізкіх людзей неслі галінкі вярбы, асвечаныя папярэдне ў царкве. Галінкі клалі на магілкі, такім чынам віншавалі са святам памерлых продкаў, а не букетамі штучных кветак, якімі цяпер імкнуцца ўпрыгожыць магілы блізкіх.

Каб кароўка здаровая была і давала шмат малачка

У беларусаў вярба з ядлоўцам, упрыгожаная штучнымі кветкамі і асвечаная ў царкве, служыла за магічны прадмет для выгану жывёлы ў поле на Юр’я. Ад Вербнай нядзелі яе захоўвалі на покуці за абразом.

Абрад асвячэння вярбой агарода

Вярбе прыпісвалі здольнасці апладняць зямлю, паляпшаць яе ўраджайнасць. Для гэтага пасля выгану жывёлы вярбу ўтыкалі ў зямлю (у чатырох вуглах нівы) або разламвалі галінкі і раскладвалі іх па палях.

Казалі: "Каб ураджай добры ўвосені сабраць, каб усё так хутка расло, як вярба на мяжы суседа, каб чэрві ды жукі не нападалі".

Для большай упэўненасці чыталі замовы: 

Чэр нападаіць, кор пад’ідаіць. Чэр кіпучая, чэр магучая, ідзі з нашага поля на мхі, на балоты, на гнілыя калоды, а калі ня пойдзеш, то святэй Міхайла-арханій сашлець пціц з нябес з жалезным носам. Будуць драць, кляваць, вашу жысць рашаць. Ва векі амінь.

Каб скацінка здаровая была, у дзяжы хлеб удаваўся, а хата маланкі не баялася

Для гэтага пасля набажэнства ў Вербную нядзелю абыходзілі хлявы. Кароўку, авечак і іншых хатніх жывёл сцябалі галінкамі вярбы, як і людзей, каб добра вяліся, здаровыя былі, ліхога вока не баяліся. Частку вярбы пакідалі ў хляве, а часткай пасля выганялі скаціну на пашу. 

У хаце накіроўваліся да дзяжы з мэтай яе "палячыць", калі гаспадыня заўважала, што хлебнае цеста апошнім часам у ёй не ўдаецца. Гаспадыня сцёбала дзяжу і прамаўляла: "Што ж ты мая дзежачка апошнім часам збунтавалася. Каб у табе заўжды хлеб удаваўся! Глядзі ж, каб выправілася!".

Куды дзець старую вярбу?

Вербны букецік замацоўвалі за абразамі, каб не толькі ўпрыгожваў покуць, але і засцерагаў хату ад маланкі. Летам, як толькі ў небе загрыміць, выстаўлялі ў вакно сухія галінкі вярбы, і грымоты абыходзілі сялібу бокам. Старую вярбу палілі, попел выкідалі на грады, каб спрыяў добраму ўраджаю і бараніў ад шкоднікаў. Цяпер жа для гараджан, у якіх няма лецішчаў, каля кожнай царквыстаяць скрынкі, куды можна пакласці старую вярбу.

Каб не наклікаць на сябе бяды, лічылася, што калі вярба трапіла ў хату на покуць, адорваць ёю або пазычаць камусці было ўжо нельга. 

Вось такія яны, чароўныя галінкі асвечанай вярбы! Шануйце звычаі продкаў, і яны будуць спрыяць вам штодня! 

Ларыса Мятлеўская
Sputnik, 1 красавіка 2018
 
Дата публикации:01.04.2018
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:475
 
Ключевые слова:
Религия Вербное воскресенье Традиции Христианство Вялікдзень
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме