https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Купальскае кола сяброў, або Свята пад адкрытым небам


Міжнародны open-aіr фестываль «Купальскае Кола 2016» восьмы раз збярэ сваіх прыхільнікаў 25-26 чэрвеня ў загарадным комплексе «Камарова».
Фэст прысвечаны старажытнаму народнаму святу — Купаллю, прымеркаванаму да дня летняга сонцастаяння, калі дасягаюць найвышэйшага росквіту жыватворныя сілы зямлі.

Ужо шмат гадоў у рамках гэтага мерапрыемства на адной сцэне сустракаецца мноства знакамітых таленавітых гуртоў, аўтэнтычна- і сярэднявечна-фолкавых калектываў, а таксама прадстаўнікоў фолк-мадэрновага і эксперыментальнага кірункаў.

За гады існавання «Купальскае Кола» зрабіла значны крок наперад, і сёння фэст прадстаўляе выдатную альтэрнатыву многім летнім музычным мерапрыемствам, як, напрыклад, «Metal Crowd» (Беларусь), «CAMF» (Украіна) і «Kilkim Žaibu» (Літва).

А ў 2015 годзе найбуйнейшы беларускі музычны фэст са шматгадовай гісторыяй выйшаў на новы, больш маштабны ўзровень і атрымаў яшчэ большую прастору для развіцця. Open-aіr фестываль «Купальскае Кола», які быў арганізаваны ў музейным комплексе «Дудуткі», наведалі больш за 3000 гасцей з Беларусі і краін блізкага і далёкага замежжа.

Падчас свята праходзіла мноства разнапланавых мерапрыемстваў, аб`яднаных адной агульнай ідэяй, і, канешне, быў арганізаваны вялікі двухдзённы канцэрт з удзелам знакавых калектываў беларускай сцэны і зорак замежнага фолку і металу! Напрыклад, можна было пачуць выступленне такіх гуртоў, як Omut, FRAM, Палац, Стары Ольса, Gods Tower і некаторых іншых.

«Купальскае Кола» можна разглядаць не толькі як фестываль, які збірае на адной сцэне музычных монстраў з «першага дывізіёна», але і як пляцоўку для станаўлення і папулярызацыі менш вядомых айчынных гуртоў.

Штогод да ўдзелу ў фэсце далучаецца ўсё больш выдатных замежных калектываў разнастайных кірункаў, а таму імпрэза набывае сапраўды інтэрнацыянальны характар і прэтэндуе на фармат буйнога міжнароднага фестывалю.

З інфармацыяй пра тое, што чакае наведвальнікаў на гэты раз і чым былі адметныя мінулыя святочныя сустрэчы, усе ахвотныя могуць пазнаёміцца на сайце: http://www.kupalskajekola.com.

Як адзначаюць арганізатары, 8-ы open-aіr фэст «Купальскае Кола» рыхтуе для гасцей і ўдзельнікаў шмат цікавага.

Вас будуць чакаць канцэртныя пляцоўкі, дзе выступяць музычныя калектывы folk / folk-rock / pagan і сумежных кірункаў і толькі жывы гук;
горад майстроў (рамесныя майстэрні: кузня, ганчарная майстэрня, саломапляценне, абрадавая лялька, ткацтва);
кірмаш з вырабамі традыцыйных рамесных майстэрняў ручной працы, таксама посуд, адзенне, упрыгожванні, вырабы з лёну;
і яшчэ — актыўная і этна-пляцоўка, на якіх можна будзе паўдзельнічаць у правядзенні традыцыйных купальскіх гульняў, пляценні і запуску вянкоў па вадзе і ў многіх іншых мерапрыемствах.

У канцэртнай частцы фестывалю сёлета прымуць удзел больш за 20 калектываў, у прыватнасці: Стары Ольса, Znіch, Gods Tower, Omut, Горынь, Рутвіца (Беларусь), Krusher (Польшча), Тролль гнет ель (Расія), Nokturnal Mortum (Украіна) і г.д.

Аўтар: Алена Драпко 
drapko@zviazda.by
Звязда, 17 чэрвеня 2016
 
Дата публикации:17.06.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:949
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Купалле
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме