https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


На радзіме Элізы Ажэшкі закрылі школу. А настаўніца ператварыла яе ў музэй


Базавую школу імя Элізы Ажэшкі ў Мількаўшчыне зачынілі з прычыны малакамплектнасьці тры гады таму.
У былой школе ў Мількаўшчыне, якую зачынілі тры гады таму, на радзіме пісьменьніцы Элізы Ажэшкі ў Гарадзенскім раёне, былая настаўніца Тацяна Савянкова ператварыла школьны музэй вядомай пісьменьніцы ў літаратурна-краязнаўчы. Тут пануе беларуская культура.

Базавую школу імя Элізы Ажэшкі ў Мількаўшчыне зачынілі з прычыны малакамплектнасьці тры гады таму. Дзетак цяпер возяць у школу ў Скідзель, некаторыя ходзяць у суседнюю вёску Каменку. Але хоць школы і няма, засталіся гурткі для мясцовых дзетак. А зь невялічкага музэйнага пакоя ў гонар Элізы Ажэшкі вырас цэлы літаратурна-краязнаўчы музэй.

Тацяна Савянкова, якая стварыла музэй і надалей апякуецца ім, распавядае, што будынак былой школы стаіць з 1947 году. Праўда, цяпер у клясах замест партаў — музэйныя экспанаты. Паводле яе, местачкоўцы называюць музэй па старой звычцы — «імя Элізы Ажэшкі». А шостага чэрвеня рыхтуюцца, як і штогод, адзначыць дзень народзін пісьменьніцы.

Лёгка ўявіць, як у пакоях паабапал калідора месьціліся клясы. Але для музэя яны ня менш зручныя. Да таго ж тут цікавыя калярытныя печы.

Заходзім у былы кабінэт беларускай мовы. Спадарыня Тацяна распавядае:

— А цяпер тут — «Сьвет побыту колішняга сялянства». Экспанаты зьбіралі ўсёй грамадой па навакольных вёсках. Вось і стол дубовы нам дзядок мясцовы падараваў. А тут і кросны, і прасьці можна. Калаўроты, розныя глякі, збанкі, нават масла зьбіць можна. Усе гэтыя экспанаты дзейныя, і мы час ад часу такія рэчы практыкуем. Мы імкнуліся ахапіць усе бакі вясковага жыцьця.

А вось мы ў іншай клясе. Спадарыня Тацяна распавядае, што экспазыцыя прысьвечаная гісторыі самой школы ў Мількаўшчыне.

— Вось у мяне тут сабраныя і запісаныя ўсе выпускі, пачынаючы з 1947 году. Дарэчы, школа дзейнічала сьпярша як пачатковая, потым стала сямігадовай, пазьней — васьмігадовай, і нават адзін час была сярэдняй. Што цікава, увесь час навучаньне вялося ў школе толькі па-беларуску.

Спадарыня Тацяна падыходзіць да паліцаў і здымае падручнік беларускай мовы выданьня 1961 году. Побач стаяць падручнікі па фізыцы, матэматыцы, хіміі — усе на беларускай мове.

Самай знакамітай выпускніцай сваёй школы спадарыня Тацяна лічыць Любоў Русілку.

— Яна стала ганаровай настаўніцай Беларусі, але самае каштоўнае ўсё ж — яе вершы, якія вельмі кранаюць, бо шмат піша менавіта пра нашы родныя мясьціны. Яна вельмі захаплялася творчасьцю Ажэшкі. І, дарэчы, пасьля вайны, калі дом Ажэшкі перарабілі пад кватэры калгасьнікам, сямʼя Любы жыла менавіта ў гэтым доме.

А вось у былым кабінэце замежных моваў, дзе выкладаліся расейская, нямецкая і польская, зрабілі «Літаратурную гасьцёўню». Тут экспанаты, зьвязаныя з творчасьцю Элізы Ажэшкі, а таксама зь літаратурай Гарадзеншчыны.

Тацяна Савянкова кажа, што розных выданьняў тут шмат і кожны ахвотны можа прыйсьці, сесьці і пачытаць. Дзеці па ўспамінах людзей намалявалі плян маёнтку Ажэшкаў. Тут і рэфэраты школьнікаў пра жыцьцё і творчасьць пісьменьніцы.

— Вы не ўяўляеце, як школьнікі ганарыліся яе асобай, як імкнуліся знайсьці хоць якія зьвесткі пра яе жыцьцё, запісвалі старых людзей — усё гэта тут. Як цікава людзі пра яе ўзгадваюць: якая яна была даступная, простая, яшчэ ў дзяцінстве гуляла зь мясцовымі дзецьмі. Яна пачала пісаць пра простых сялянаў. Бачыла маленькую хатку, якая прасела ў зямлю, і хацела зазірнуць туды і пабачыць, як у ёй жывуць людзі. Яна вельмі шанавала людзей і ставілася да іх па-людзку. І вось гэта ў нас людзі памятаюць дагэтуль і перадаюць з пакаленьня ў пакаленьне.

Пакуль мы аглядаем музэй, прыйшла экскурсія школьнікаў. Сяміклясьнікі са Скідзельскай школы трымаюцца разьняволена, відаць, што тут не ўпершыню. Пра Элізу Ажэшку расказваюць больш, чым можна прачытаць у Вікіпэдыі. Распавядаюць пра ейны дом, адчуваецца, што чыталі творы.

Цікаўлюся: чыёй пісьменьніцай яны лічаць Ажэшку — беларускай ці польскай? Большасьць голасна крычаць, што яна беларуская, бо тут жыла і пісала пра мясцовых людзей.

А вось Алесь кажа, што яна належыць абодвум народам і абедзьвюм культурам і дзяліць яе нельга, бо яна сама гэтага ніколі б не хацела.

Спадарыня Тацяна распавядае, што экскурсіяў прыяжджае шмат, прычым як беларускіх, так і з Польшчы. Павага і любоў да Элізы Ажэшкі, паводле спадарыні Тацяны, непадробная.

На месцы былой сядзібы — толькі старыя прысады і нанова збудаваны пры савецкай уладзе дом, у якім цяпер ніхто не жыве.

Побач памятны камень з надпісам, што тут стаяў маёнтак Паўлоўскіх — гэта дзявочае прозьвішча Элізы Ажэшкі. Але мясцовая бабуля, якая побач палола гарод, сказала мне, што маёнтак насамрэч стаяў трохі воддаль.

— Тут была некалі калгасная кантора, але цяпер ніхто не жыве. Сюды прыяжджаюць часта турысты — і нашыя зь Беларусі, і з Польшчы. Вельмі шануюць Ажэшку ў нас людзі — добрая яна была, усім дапамагала. І ў нашай вёсцы, і пазьней — у Горадні калі жыла, вельмі людзкая была Эліза Ажэшка...

Шостага чэрвеня ў музэі Ажэшкі ў Мількаўшчыне штогод адзначаюць гадавіну яе нараджэньня.

Міхал Карневіч, Радыё Свабода
31 траўня 2016
 
Дата публикации:31.05.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:637
 
Ключевые слова:
Элиза Ожешко Музеи Беларуси Краеведение Беларуская мова Мількаўшчына Скідзель
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме