https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Аб`яўлены конкурс п`ес, прысвечаных першадрукару


Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі, Нацыянальная бібліятэка Беларусі і ААТ «Беларусбанк» абвесцілі конкурс твораў для драматычнага тэатра «Францыск Скарына і сучаснасць».
Свае арыгінальныя, нідзе не публікаваныя і не пастаўленыя на тэатральнай сцэне работы на беларускай ці рускай мове да 31 жніўня 2016 года можа падаць кожны паўнагадовы творца, незалежна ад грамадзянства і месца пражывання. Больш падрабязна пра ўмовы і мэты конкурсу — у нашай гутарцы з дырэктарам тэатра беларускай драматургіі Уладзімірам Карачэўскім.

Скарына ўжо неаднойчы станавіўся героем тэатральных пастановак,  але поле для творчасці ў драматургаў ёсць.

— Сучасныя драматургі пішуць не так і многа п`ес, прысвечаных гістарычным асобам, знакавым постацям, іх дзейнасці, спадчыне. Таму мы вырашылі, што нацыянальны конкурс твораў для драматычнага тэатра, цэнтральным героем якіх стане Францыск Скарына, — выдатная нагода і адзначыць юбілей беларускага кнігавыдання, які шырока будзе святкавацца ў наступным годзе, і папоўніць «багаж» айчынных п`ес для тэатра. Спадзяёмся, што гэты праект прыцягне ўвагу да імя Скарыны, яго спадчыны.

— Творчыя распрацоўкі якога кшталту будуць прымацца на конкурс?

— Каб не абмяжоўваць памкненні драматургаў, конкурс прадугледжвае розныя намінацыі. Гэта «гістарычная п`еса», у якой будуць прадстаўленыя творы гістарычнай драматургіі, што адлюстроўваюць асноўныя этапы жыцця і творчасці Скарыны; «сучасная п`еса» — для твораў, якія паказваюць непарыўную сувязь духоўнай спадчыны Скарыны з працэсамі сённяшняга нацыянальна-культурнага адраджэння Беларусі, этапамі станаўлення і развіцця нацыянальнай ідэі; «п`еса па матывах» — для п`ес, напісаных паводле твораў беларускай літаратуры пра жыццё і творчасць першадрукара, «інсцэніроўкі» — дзе аўтары прадставяць драматургічныя інтэрпрэтацыі твораў беларускай літаратуры пра Скарыну. Асобна будзем разглядаць і проста сцэнічныя ідэі — арыгінальныя задумкі па тэме конкурсу, якія патрабуюць дапрацоўкі ў садружнасці «аўтар — тэатр». Спадзяёмся, што на нашы прапановы адгукнуцца і вядомыя, і маладыя творцы. А шырыня задумкі конкурсу дае месца для ўсіх.

— Чаму менавіта Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі стаў той пляцоўкай, дзе праходзіць гэтае творчае спаборніцтва?

— Наш тэатр займаецца не толькі пастаноўкамі беларускай драматургіі, але і працуе разам з драматургамі ў кірунку стварэння п`ес для паказу іх на сцэне. Праводзіць такія конкурсы, заахвочваць маладых аўтараў — адзін з галоўных кірункаў працы нашага тэатра. Мы спадзяёмся, што ў выніку конкурсу з`явяцца творы, цікавыя для пастаноўкі на тэатральных пляцоўках, у першую чаргу на сцэне нашага тэатра. Мы сапраўды адчуваем недахоп цікавага сучаснага матэрыялу, створанага айчыннымі драматургамі. А хацелася б атрымаць п`есу, якая займее цікавае і доўгае жыццё, стане сапраўды нацыянальным прадуктам, здольным прадставіць нашу краіну і за мяжой, у тых месцах, дзе жыў і працаваў Скарына.

Спадзяюся, што драматургі зацікавяцца конкурсам. Бо ён прадугледжвае не толькі маральную ўзнагароду, але і матэрыяльную — нас падтрымаў галоўны банк краіны — Беларусбанк. Гэта добрая дапамога і для творцаў, і для тэатральнай дзейнасці краіны ў цэлым.

— У жыцці Скарыны яшчэ застаецца шмат загадак, не ўсе таямніцы яго лёсу раскрыты навукоўцамі. Ёсць і рызыка пэўнага кшталту развянчання ідэальнага вобразу першадрукара ў тэатральнай пастаноўцы. Не баіцеся гэтага?

— Не трэба гэтага баяцца. Мы ўсе жывыя людзі, зрэшты, і Скарына таксама быў проста чалавекам. Я думаю, што сёння людзі больш інфармаваныя, чым раней, таму і да жыцця ставяцца больш прагматычна. Скарына, як і ўсе мы, мог рабіць памылкі. Але тым не менш яго імя, памяць пра яго вялікую справу жыве. Спадзяюся, што з дапамогай конкурсу і сцэнічнага ўвасаблення конкурсных работ вобраз першадрукара стане нам бліжэйшым, мы на яго асобу паглядзім не толькі як на помнік, ікону. Дарэчы, мне вельмі цікава, як драматургі папрацуюць з гэтым вобразам. Можа атрымацца і бытавая, і гістарычная, і п`еса з пафасным тэкстам. А можа, аўтары адкрыюць пра Скарыну нешта настолькі цікавае, пра што мы нават не падумалі. Творцы, якія будуць працаваць з матэрыялам, змогуць звярнуцца да першакрыніц, завітаюць у Нацыянальную бібліятэку, дзе захоўваюцца арыгіналы скарынаўскіх выданняў.

— Ужо вызначаны склад журы?

— Хутка адбудзецца пасяджэнне аргкамітэта конкурсу, дзе будзе вырашана, хто ўвойдзе ў склад журы. Натуральна, у яго складзе будуць прадстаўнікі арганізатараў, але плануем прадставіць тэатральных крытыкаў, маладых, але ўжо досыць вядомых, якія добра ведаюць сучаснае айчыннае і замежнае тэатральнае мастацтва. Таксама плануем запрасіць кансультантаў-гісторыкаў, чыя прафесійная праца звязана з вывучэннем спадчыны першадрукара. Думаю, што ў журы не будзе драматургаў — каб пазбегнуць магчымых прафесійных лобі.

— А як хутка можна будзе пабачыць пастаноўку хаця б адной з п`ес-пераможцаў на сцэне?

— Наступны тэатральны сезон — юбілейны для нашага тэатра. У лепшым выпадку вынікі конкурсу, якія будуць падведзены якраз у пачатку сезона, мы зможам адразу ж прадставіць пастаноўкай на сцэне.

— Супрацоўніцтва драматургаў і рэжысёраў для вашага тэатра — справа звыклая?

— Так, Цэнтр беларускай драматургіі, што існуе пры нашым тэатры, даўно працуе з драматургамі, рэжысёрамі. Напрыклад, ужо трэці раз будзе праходзіць міжнародная лабараторыя, дзе сустракаюцца драматургі, рэжысёры, распрацоўваюцца тэмы і новыя п`есы. Але такі маштабны нацыянальны конкурс на такую сур`ёзную тэму мы праводзім упершыню.

— У рэпертуары тэатра ўжо ёсць спектаклі, прысвечаныя знакавым постацям беларускай культуры? І ў цэлым, ці патрэбны такія пастаноўкі айчыннаму гледачу?

— Такія пастаноўкі, безумоўна, патрэбны. У нашым рэпертуары ёсць эксперыментальны спектакль рэжысёра Віталя Баркоўскага «Дзённік паэта», прысвечаны Максіму Багдановічу. Ён нечаканы і неадназначны, але тым не менш цікавы. Таксама ёсць спектакль «Янка Купала: кругі раю», прысвечаны Купалу і яго творчасці. Пастаноўка, падрыхтаваная Святланай Навуменкай, створана на аснове творчасці песняра, дакументаў, звязаных з яго жыццём і працай. Спадзяюся, што хутка наш тэатр зладзіць і спектакль пра Францыска Скарыну.

З палажэннем конкурсу, дзе падрабязна акрэслены ўмовы падачы работ, можна пазнаёміцца на інтэрнэт-сайтах арганізатараў — Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі, Беларусбанка і партале Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі.

Марына Весялуха 
vesіaluha@zvіazda.by
Звязда, 7 мая 2016
 
Дата публикации:07.05.2016
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1062
 
Ключевые слова:
Францыск Скарына Первопечатник Конкурс Театр Год культуры
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме