https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


У Мінску масава прадаюць і закрываюць кафэ, бары і рэстараны, адзначаюць эксперты


Пра гэта гаворыцца ў паведамленні кампаній "Завод Бульбашъ" і "Твая сталіца", якія займаюцца даследаваннем рынку грамадскага харчавання.
У Мінску масава прадаюць і закрываюць кафэ, бары і рэстараны: зараз шукаюць новых уладальнікаў або рыхтуюцца да закрыцця больш як 100 устаноў.

На думку прадстаўнікоў кампаній, у найбліжэйшыя два гады Мінск сутыкнецца з перадзелам рэстараннага бізнесу: невялікія кафэ і рэстараны са слабымі гандлёвымі маркамі закрыюцца, а на іх месца прыйдуць вядомыя сеткі хуткага харчавання. Ужо зараз недастаткова раскручаныя ўстановы завяршаюць працу, а на рынак выходзяць міжнародныя брэнды — Burger King, KFC, Hesburger. Пры гэтым актыўна пашыраюць свае сеткі ўжо прадстаўленыя ў краіне аператары, такія як McDonald`s. 

Як адзначаюць эксперты, масавы продаж аб`ектаў грамадскага харчавання дасягнуў піку ў чэрвені гэтага года. Асноўная прычына — спад пакупніцкай здольнасці: зніжаецца як колькасць наведвальнікаў, так і сярэдні чэк. Пры гэтым даражэюць прадукты харчавання, растуць зарплаты кухараў і афіцыянтаў. З-за недастаткова высокай колькасці наведнікаў некаторыя аб`екты грамадскага харчавання не могуць пакрыць арэндныя стаўкі, гаворыцца ў паведамленні. 

Паводле ацэнак ТАА "Завод Бульбашъ", многія рэстараны ў Мінску гатовыя змяніць уладальнікаў, а сярод піцейных устаноў паспяхова працуюць прыблізна палова. "Новыя ўстановы ў Мінску адкрываюцца часта, аднак многія з іх і хутка закрываюцца. Адбіваецца як дэфіцыт наведнікаў, так і адсутнасць арыгінальных канцэпцый", — лічыць дырэктар па маркетынгу гандлёвай маркі "Бульбашъ" Андрэй Бутоўскі. 

"У еўрапейскіх гарадах аб`екты грамадскага харчавання шмат у чым існуюць за кошт турыстаў, у Мінску паток турыстаў значна меншы. Што да мясцовых жыхароў, то, хаця культуры спажывання па-за домам актыўна развіваецца, яна значна ніжэйшая, чым, скажам, у Парыжы, Празе або Берліне. Мінску не хапае дэмакратычных кафэ з даступнымі цэнамі і стравамі складанейшымі за піцу і гамбургер. Установы з беларускай кухняй і зусім можна пералічыць па пальцах", — падкрэсліў эксперт. 

На яго думку, "у канчатковым ліку выжывуць тыя, хто правільна выбраў фармат, перайшоў на правільную цэнавую палітыку, эфектыўна наладзіў лагістыку і пабудаваў моцны брэнд". "Гэта тычыцца як міжнародных сетак, так і беларускіх аператараў, якім удалося знайсці сваё месца на рынку і штосьці супрацьпаставіць сусветным гандлёвым маркам", — падкрэсліў Бутоўскі. 

Пры гэтым, адзначыў ён, на рынку ўсё яшчэ ёсць вольныя нішы, а найбольшыя перспектывы назіраюцца ў сетак хуткага харчавання, арыентаваных на людзей з сярэднім і нізкім дастаткам. "Але нават ім не варта разлічваць на рост прыбытку — у цяперашніх умовах больш важна павялічыць сваю долю на рынку, як гэта робяць міжнародныя брэнды", — лічыць ён. 

Як адзначыў кіраўнік праектаў па гандлёвай нерухомасці "Твая сталіца. Нерухомасць для бізнесу" Дзмітрый Дробышаў, у Мінску павялічваюцца вольныя плошчы пад аб`екты грамадскага харчавання, а арэндныя стаўкі з пачатку года зніжаюцца. "Знайсці памяшканне ў гандлёвым цэнтры або жылым доме для адкрыцця кафэ і рэстарана стала прасцей. Уласнікі, як правіла, гатовыя ісці на саступкі, у тым ліку ўстанаўліваць прымальныя стаўкі і прапаноўваць арэндныя канікулы. Усё гэта ў сярэднетэрміновай перспектыве дазволіць рэстараннаму бізнесу ўздыхнуць больш свабодна", — лічыць эксперт рынку нерухомасці.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 29 чэрвеня 2015
 
Дата публикации:29.06.2015
Тематика:Бизнес, Беларусь
Просмотров:801
 
Ключевые слова:
Общественное питание Мінск Недвижимость
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме