За 11 месяцаў 2015 года органамі пагранічнай службы Беларусі за парушэнне заканадаўства аб дзяржаўнай мяжы затрымана больш як 7,5 тыс. асоб, у тым ліку 860 парушальнікаў мяжы, а таксама 10,3 тыс. замежных грамадзян за парушэнне заканадаўства аб прававым становішчы замежных грамадзян і асоб без грамадзянства.
Найбольшая актыўнасць парушальнікаў мяжы адзначана на беларуска-літоўскім участку мяжы, дзе затрымана 386 асоб. На беларуска-латвійскім і беларуска-польскім участках мяжы гэтыя паказчыкі ў 3-4 разы ніжэйшыя (затрымана 113 і 87 чалавек адпаведна).
У Дзяржпагранкамітэце адзначаюць, што значна пачасціліся спробы міжнародных злачынных груп наладзіць устойлівы трансгранічны крымінальны бізнес на кантрабандзе людзей, які прыносіць мільённыя дывідэнды. У прыватнасці, кошт незаконнай пераправы ў краіны Заходняй Еўропы аднаго мігранта складае 10 тыс. долараў ЗША.
За 2015 год больш як у два разы выраслі маштабы арганізаванай злачыннай актыўнасці на каналах незаконнай міграцыі. Так, супрацоўнікамі пагранічнай службы прадухілена больш за 40 каналаў незаконнай транзітнай міграцыі (у 2014 годзе — каля 20), затрымана 70 (у 2014-м — 30) арганізатараў (саўдзельнікаў) незаконнай транзітнай міграцыі, у ліку якіх грамадзяне Расіі, Кыргызстана, Таджыкістана, Арменіі, Узбекістана, Ірака, Лівана, Літвы, Турцыі, Грузіі, Украіны і Беларусі.
Сёлета органамі пагранічнай службы распачата больш як 145 крымінальных спраў у дачыненні прыкладна да 170 асоб.
Асноўную колькасць затрыманых мігрантаў склалі грамадзяне В`етнама — больш як 360 асоб (у 2014 годзе — 111). За апошнія тры гады колькасць затрыманых парушальнікаў мяжы з ліку грамадзян В`етнама павялічылася ў 10 разоў. Сярод затрыманых парушальнікаў мяжы былі таксама грамадзяне Афганістана, Ірака, Ірана, Турцыі, Сірыі, Індыі, Грузіі, Арменіі і Таджыкістана.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 22 снежня 2015
Мінск, 22 снежня 2015