На цырымоніі прысутнічалі ўдава паэта Валянціна Быкава, родная сястра народнага пісьменніка Беларусі Васіля Быкава, пісьменнік, апазіцыйны палітык Уладзімір Някляеў, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі і мясцовыя жыхары.
Помнік уяўляе сабой валун з высечаным крыжам і надпісам "Рыгор Барадулін. Сын. 1935—2014". Барадулін пахаваны на ўшацкіх могілках побач з маці. Устаноўка валуна — гэта выкананне волі Рыгора Барадуліна. У 1995 годзе ён напісаў верш "Прашэнне", у якім былі такія радкі: "Калі я адыду, пастаўце мне валун сівы і крыж на валуне". Праца над помнікам ішла паўгода, крыж Еўфрасінні Полацкай высек на камені скульптар Ігар Зосімавіч. Камень вагой 2,5 тоны дастаўлялі на магілу паэта верталётам МНС з вёскі Кублічы Ушацкага раёна — у гэту вёску хадзіў у школу Васіль Быкаў.
Помнік створаны на грошы грамадскасці. У лютым міністр культуры Барыс Святлоў заявіў, што грошай на стварэнне помнікаў Рыгору Барадуліну, Васілю Быкаву і Генадзю Бураўкіну сёлета не будзе. Пытанні увекавечання памяці гэтых вядомых беларусаў будуць разгледжаныя "найбліжэйшым часам, калі з`явіцца магчымасць", сказаў ён. "Найбліжэйшым часам — гэта можа быць і год, і два, і тры. Што датычыцца канкрэтнага тэрміну, то ўсё залежыць ад грошай. Вы ведаеце пра фінансавае, эканамічнае становішча", — дадаў кіраўнік Міністэрства культуры.
Тым не менш на сённяшняй цырымоніі адзін з ініцыятараў стварэння помніка журналіст Глеб Лабадзенка адзначыў унёсак мясцовых улад у справу ўстаноўкі помніка — яны арганізавалі будаўнічыя работы. Пяру Рыгора Барадуліна належыць больш за 70 паэтычных зборнікаў, прыкладна 30 зборнікаў перакладаў, шмат крытычных артыкулаў і эсэ. Яго творы перакладзеныя амаль на 40 моў. Паэт памёр у Мінску 2 сакавіка 2014 года ў 79 гадоў.