Кніга "Беларусь вачамі кітайцаў" - творчы праект, у якім сабраны ўражанні кітайскіх палітолагаў, вучоных, журналістаў, якія прыязджалі ў Беларусь у розныя гады. Кніга была выдадзена ў Пекіне на кітайскай мове, яе пераклад зроблены ў Беларусі з мовы арыгінала якасна, што сведчыць аб узроўні кітаязнаўчай школы ў Беларусі.
Паводле слоў кіраўніка выдавецкага дома "Звязда", 105 гадоў таму ў газеце "Наша ніва" былі ўпершыню надрукаваны кітайскія легенды, вершы з кнігі "Тысяча апавяданняў" у перакладзе будучага акадэміка, кітаязнаўца Васіля Аляксеева. Гэта былі публікацыі на беларускай мове з мовы арыгінала. У кнізе "Стагоддзе на знаёмства", прымеркаванай да той даты, сабраны творы, паэзія, проза розных гістарычных перыядаў. Акрамя таго, выдаецца паэтычная серыя "Светлыя знакі". Сёння выйшлі два першыя зборнікі, да XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу будуць выпушчаны яшчэ два.
Як расказаў Аляксандр Карлюкевіч, у выдавецтва даўні вопыт па перакладзе кітайскай літаратуры на беларускую мову. Адным з прадметаў гонару з`яўляецца кніга "Пад крыламі дракона", у якой прадстаўлены творы 100 паэтаў Кітая. Цяпер завяршаецца пераклад на беларускую мову вядомай кнігі "Кітайцы. Мая краіна і мой народ", якая ўбачыла свет у розных краінах свету на розных мовах.
Нядаўна ў выдавецтве выйшаў альбом, які расказвае аб работах вядомага скульптара Уладзіміра Слабодчыкава. У ім можна ўбачыць у тым ліку фатаграфіі скульптурных кампазіцый, устаноўленых у розных гарадах Кітая.
Кнігі выдавецкага дома "Звязда" будуць прадстаўлены на XXII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўцы-кірмашы, якая пройдзе з 11 па 15 лютага.
XXII Мінская міжнародная кніжная выстаўка-кірмаш разгорнецца ў нацыянальным выставачным цэнтры "Белэкспа" на праспекце Пераможцаў, 14. Арганізатарамі мерапрыемства выступаюць Міністэрства інфармацыі Беларусі, ААТ "Белкніга" і ПК ТАА "Макбел".
3 лютага 2015, Мінск
БЕЛТА
3 лютага 2015, Мінск
БЕЛТА