Кансультацыі з настаўнікамі пра магчымасьць выкладаньня ў сярэдніх школах па-беларуску гісторыі і геаграфіі пачнуцца ў канцы студзеня. Пра гэта паведаміў міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў, адказваючы на пытаньне, чаму дагэтуль не рэалізаваныя прапановы Аляксандра Лукашэнкі наконт пашырэньня беларускай мовы ў сыстэме адукацыі.
«Мы ў прынцыпе вырашылі, што, магчыма, на будучым тыдні ў Менску зьбяруцца прадстаўнікі школ, каб абмеркаваць пытаньне аб выкладаньні па-беларуску гісторыі і геаграфіі. Гэта наша, Міністэрства адукацыі, цьвёрдая пазыцыя. Таксама ў абмеркаваньні возьмуць удзел прадстаўнікі раённых упраў адукацыі. То бок, безумоўна, ёсьць пэўны пералік дысцыплін, якія неабходна выкладаць па-беларуску, бо гэта няправільна — гаварыць пра гісторыю Беларусі не па-беларуску. Мы гэта ўвядзем».
У 2014 годзе Аляксандар Лукашэнка некалькі разоў казаў пра моўны дысбалянс у Беларусі і выказваў заклапочанасьць станам беларускай мовы. Гэтак, падчас сустрэчы з настаўнікамі і на сустрэчы зь пісьменьнікамі Лукашэнка прапанаваў увесьці ў навучальную праграму дадатковую гадзіну па беларускай мове і літаратуры.
Барацьба за пашырэньне беларускамоўнага выкладаньня школьных дысцыплін, у тым ліку гісторыі і геаграфіі, вядзецца ўжо каля 10 гадоў. Яшчэ ў 2007 годзе ТБМ прапаноўвала Мінадукацыі зноў перайсьці на выкладаньне па-беларуску гэтых дысцыплін, але тады чыноўнікі адказалі, што «гэта немэтазгодна».
Таксама рупліўцы беларускай мовы шмат гадоў прапаноўваюць вярнуць родную мову ў выкладаньне ў вышэйшых навучальных установах. А тут ці можна чакаць рэальных зьменаў? Новы міністар адукацыі Міхаіл Жураўкоў на гэтую тэму выказваецца больш асьцярожна. Паводле назіраньняў спадара Жураўкова, інтарэс да навучаньня па-беларуску сярод студэнтаў павялічваецца, яго ўжо выяўляюць студэнты ня толькі традыцыйна беларускамоўных факультэтаў, прыкладам, філялягічных, але і тэхнічных. Пераход да шырэйшага навучаньня па-беларуску, на думку міністра, — справа часу:
«На мой погляд, мы прыйдзем да таго, што большасьць дысцыплін будзе выкладацца па-беларуску. Гэта нармальна, і гэта трэба заахвочваць».
Карэспандэнт: «Але пакуль уражаньне такое, што Міністэрства адукацыі знаходзіцца ўбаку ад гэтага працэсу. Ці ня так?»
«Мяркую, такое ўражаньне склалася звонку. Насамрэч мы сапраўды разглядаем гэтыя пытаньні. Паколькі я нядаўна прыйшоў з БДУ, дык паведамлю, што там таксама гэтае пытаньне пастаянна разглядаецца. Магчыма, яго не афішуюць, але гэта так. Прыкладам, на вялікай радзе ўнівэрсытэту абмяркоўвалі перавод шмат якіх дысцыплін на беларускую мову. Прыкладам, гісторыі БДУ, якая выкладаецца ня толькі на гістфаку. У выніку рэкамэндавалі гэтак рабіць».
Што да пераходу ўсяго навучаньня на беларускую мову, Міхаіл Жураўкоў гэтага не падтрымаў. На ягоную думку, у беларускім грамадстве замацавалася дзьвюхмоўе, і з гэтага трэба зыходзіць.
Радыё Свабода, 21 студзеня 2015