"У выніку праведзеных мерапрыемстваў беларускія праваахоўнікі выявілі 143 факты нелегальнага абароту тавараў, у тым ліку тых, што мелі прыкметы кантрафактнасці і парушалі правы на аб`екты інтэлектуальнай уласнасці, — цытуе сайт МУС старшага оперупаўнаважанага па асабліва важных справах ГУБЭЗ Аляксандра Пагоскага. — Канфіскавана прадукцыя на суму каля мільёна еўра (13,3 млрд. рублёў) — у два разы больш, чым падчас папярэдняй аперацыі "Чорны Пасейдон".
Прадметамі незаконных здзелак у большасці выпадкаў з`яўляліся электратавары, мабільныя тэлефоны і аксесуары да іх — правапарушальнікі пазбавіліся 1.752 адзінак тавару коштам больш за 3,3 млрд. рублёў. Напрыклад, на складзе ў аднаго з прадпрымальнікаў у Ждановічах праваахоўнікі выявілі 309 прадметаў бытавой тэхнікі, якая захоўвалася без дакументаў, што пацвярджаюць легальнасць яе набыцця. Яшчэ амаль 700 штук падобнай прадукцыі імпартнай вытворчасці супрацоўнікі Слонімскага РАУС знайшлі ў "Мерседэсе" жыхара Баранавічаў, які таксама не змог пацвердзіць законнасць увозу гэтых тавараў з-за мяжы.
Не меншым попытам сярод гандляроў нелегальным таварам карыстаюцца адзенне і абутак — падчас аперацыі затрымана каля васьмі тысяч адзінак гэтай прадукцыі на суму больш за 3,2 млрд. рублёў.
У поле зроку аператыўнікаў Добрушскага РАУС, напрыклад, апынуўся "Форд Транзіт", у якім знаходзілася 475 пар абутку кітайскай вытворчасці, не прамаркіраванай ва ўстаноўленым парадку. Уладальнік партыі не прадставіў і неабходных для транспарціроўкі таварна-транспартных накладных.
Падчас аперацыі таксама канфіскавана 323 кг тытуню і 171 тыс. пачак цыгарэт коштам больш за 1,5 млрд. рублёў. Пры перасячэнні беларуска-польскай мяжы ў пункце пропуску "Брузгі" супрацоўнікі УБЭЗ УУС Гродзенскага аблвыканкама і рэгіянальнай мытні затрымалі грузавы аўтамабіль, які належыць адной з камерцыйных арганізацый. У прычэпе фуры пад выглядам пліт ДСП у тайніках было схавана амаль 170 тыс. пачак цыгарэт айчыннай вытворчасці.
Акрамя таго, праваахоўнікі канфіскавалі каля 7,5 тыс. адзінак незаконнай для рэалізацыі аўдыё- і відэапрадукцыі (коштам 1,36 млрд. рублёў), тысячу кніг (140 млн.), прыкладна 300 найменняў аўтазапчастак (282 млн.), 410 гадзіннікаў (52 млн.). Нелегальныя гандляры таксама пазбавіліся больш за дзевяць тысяч прадметаў касметыкі, біжутэрыі і бытавой хіміі на суму больш за мільярд рублёў. Буйную партыю гэтых тавараў, якія не мелі адпаведных дакументаў, у адным з гандлёвых павільёнаў Гомеля канфіскавалі супрацоўнікі Навабеліцкага РАУС. А іх калегі з Рагачова, дарэчы, знайшлі ў абсталяваных у сценах і даху затрыманага "Мерседэса" тайніках больш за дзве тысячы літраў вадкасці з утрыманнем спірту. Усяго падчас "Чорнага Пасейдона — 3" канфіскавана 3,7 т алкагольнай прадукцыі коштам 737 млн. рублёў.
Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 14 снежня 2014
Мінск, 14 снежня 2014