https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Ныркі, залоза, страўнік — беларуская мэдычная лексіка спужала чыноўнікаў Нацбанку


Менск міжнародная анатамічная выстава завітала на пачатку кастрычніка. На «Мінск-Арэне» яе ўжо наведалі некалькі тысяч чалавек.
Усе стэнды на выставе падпісаныя па-расейску, але ёсьць беларускамоўныя экскурсаводы. Праўда, арганізатары выставы кажуць, экскурсію па-беларуску замовілі ўсяго адзін раз. Яе мелі правесьці для чыноўнікаў Нацыянальнага банку, якіх падзялілі на дзьве групы. У выніку адна група службоўцаў, што займаюць дзяржаўныя пасады ў краіне, ад экскурсіі на беларускай мове адмовілася. Сказалі, «баяцца не зразумець мэдычнай лексікі па-беларуску» і папрасілі правесьці экскурсію на расейскай. Другая група чыноўнікаў выслухала экскурсію без праблемаў.

Радыё Свабода вырашыла пераканацца, ці настолькі складаная беларуская мэдычная лексіка і ці разумеюць яе наведнікі.

Паслухаць экскурсію па выставе «Таямніцы цела» можна на некалькіх замежных мовах. Па-беларуску яе праводзяць усяго дзьве дзяўчыны — абедзьве студэнткі мэдычнага ўнівэрсытэту. Адна зь іх — Надзея Маліч вучыцца на чацьвёртым курсе лячэбнага факультэту і плянуе стаць доктарам. Праўда, якім дакладна, яшчэ ня ведае. Вітаецца па-беларуску, хоць штодня размаўляе па-расейску. Кажа, што хацела бы ўжываць беларускую мову ў сваёй практыцы, але ня ведае, ці атрымаецца. Экскурсію на беларускай мове Надзея праводзіць упершыню:

«Я вучылася ў беларускамоўнай школе, а ва ўнівэрсытэце ў нас былі заняткі, дзе мы вывучалі беларускую лексіку. Нават калі я рыхтавалася да экскурсіі па-беларуску, я зразумела, колькі насамрэч падобнай лексікі па-беларуску і па-расейску. Таму зусім не складана зразумець».

І сапраўды, ужо ў першай залі да нас далучыліся тры асобы, а пасьля яшчэ некалькі маладых хлопцаў і дзяўчат. Пэрспэктыва слухаць цягам некалькіх гадзінаў мэдычную лексіку па-беларуску іх не спужала. «Наадварот, — сказалі, — супэр, што па-беларуску». Толькі адзін хлопец і дзяўчына адказалі, што ім «неудобно слушать на белорусском языке» і адышлі.

Экспанаты на выставе знаходзяцца як у адмысловых празрыстых боксах, гэтак і бязь іх — проста ў залі.

«Гэта дзякуючы мэтаду палімернай пластынацыі, які адкрыў Гюнтэр фон Хагенс. Чалавечыя органы спачатку апускаюць у ацэтон, пазбаўляючы іх іншых вадкасьцяў. Пазьней ацэтон зь іх адсмоктваюць і насычаюць біяпалімерам і сіліконам. Гэткім чынам целы і органы могуць захоўвацца нават на адкрытым паветры», — распавяла дзяўчына.

Надзея папярэдзіла, што арганізатары просяць не фатаграфаваць экспанатаў з этычных прычынаў: гэта рэальныя чалавечыя целы і органы сапраўдных людзей. Паходзяць экспанаты з Ганконгу — гэтым тлумачыцца іх нізкі рост. Сярод іх толькі адна жанчына, усе іншыя — гэта выключна мужчыны. Экспазыцыя складаецца зь некалькіх заляў, якія прысьвечаныя анатоміі чалавека, унутраным органам, а таксама розным сістэмам арганізму — напрыклад, нэрвовай, стрававальнай ці крывяноснай.

Зразумець экскурсію на беларускай мове ў нашай групы атрымалася практычна без праблемаў. Некаторыя тлумачылі, што вучыліся ў беларускамоўнай школе, іншыя проста разумелі ўсё з кантэксту.

Найбольш складанымі былі словы: ныркі, залоза, страўнік і ськівіца. Іх Надзеі давялося перакладаць на расейскую. А вось «пухліна» пытаньняў не выклікала — магчыма акурат таму, што гучала ў кантэксьце дабраякасных і злаякасных захворваньняў. Зрэшты, кантэкст сапраўды быў істотны: калі проста «залозу» група не зразумела, то словазлучэньне «рак шчытападобнай залозы пасьля Чарнобылю» перакладаць ня трэба было. Часам даводзілася дубляваць тэрміны — напрыклад, «хрыбетнік» і «пазваночнік». Адметна, што і наведнікі часам падказвалі Надзеі некаторыя беларускія словы, не зьвязаныя з мэдычнай лексікай.

Надта складаных тэрмінаў Надзея не ўжывала. Выстава ж працуе для таго, каб проста і зразумела раскрыць кожнаму наведніку ўсе таямніцы ягонага цела, распавесьці, як чалавек рухаецца, дыхае, харчуецца, а таксама як і чаму хварэе.

«Вось, бачыце, гэты чалавек паліў, паглядзіце на яго лёгкія. Яны шэрага адценьня, а мусяць быць больш ружовыя. Магчыма, праблема і ў экалёгіі. Дарэчы, у нас могуць быць таксама такога колеру лёгкія з нашай дрэннай экалёгіяй. А вось у гэтай адзінай жанчыны на выставе такія шэрыя лёгкія, бо яна шмат гатавала на вогнішчы», — тлумачыць Надзея.

«А вось у гэтага мужчыны на назе прымацаваная мэталічная пласціна, бо ў яго быў такі пералом нагі, зь якім толькі гіпса недастаткова, каб косьці слушна зрасьліся. Але з такой пласьцінай вы можаце зьвінець на мэталадэтэктары, таму абавязкова вазьміце даведку».

Экскурсія заняла дзьве з паловаю гадзіны. Напрыканцы яе ўдзельнікі падзякавалі Надзеі за аповед пра таямніцы анатоміі чалавека менавіта на беларускай мове ды пакінулі такія запісы ў кнізе водгукаў:

Дарэчы, ёсьць у кнізе водгукаў і падзяка на беларускай мове ад чыноўнікаў з Нацбанку. Прынамсі тых, якія пагадзіліся выслухаць яе па-беларуску.

Анатамічная выстава «Таямніцы цела» за сем гадоў аб’езьдзіла дзясяткі краінаў, а ўнікальную экспазыцыю, якая прадстаўляе анатомію чалавека, паглядзелі каля 30 мільёнаў чалавек. У Менску выставу можна будзе паглядзець да 11 студзеня.

Радыё Свабода
17 лістапада 2014, Менск  
 
Дата публикации:17.11.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1415
 
Ключевые слова:
Беларуская мова Терминология Медицина Тайны тела Выставка Мінск
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме