Арганізатары выставы — Беларуская філасофская прастора, Лятучы ўніверсітэт, выдавецтва "Эканомпрэс", "Цэх" — прапануюць зірнуць на старадаўнія геаграфічныя мапы Вялікага Княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Еўропы і свету і паспрабаваць убачыць сябе ў іншым гістарычным ракурсе і маштабе, акунуцца ў свет вобразаў і дыскусій, якія могуць падштурхнуць нас да пераасэнсавання сваіх уяўленняў пра "межы" Беларусі.
Рэцэнзент выставы, кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч адзначыў: "У старажытнай Еўропе карты выконвалі сакральную функцыю, быў свет, у цэнтры якога — Ерусалім, Святая Зямля. А ўсё астатняе — для ўяўлення, якія іншыя, адрозныя народы жывуць вакол гэтага цэнтра сусвету. Калі пачынаецца эпоха Адраджэння, якая супадае з эпохай вялікіх геаграфічных адкрыццяў, адраджаецца антычнае. А антычнае ўяўленне — геаграфічнае. Наш рэгіён фігуруе на старых мапах як еўрапейская Сарматыя, праз яго праходзяць Рафійскія горы, якія падзяляюць Балтыйскае і Чорнае моры. Такім чынам, рэальных геаграфічных уяўленняў было вельмі мала, і людзі аперыравалі вобразамі. Сто год — не так ужо і шмат для развіцця навукі ў той час — спатрэбілася, каб ад гэтых фантастычных уяўленняў нашага рэгіёна перайсці да адной з самых дакладных карт. З`яўляецца так званая Радзівілаўская мапа. Яе замаўляе Радзівіл Сіротка, распрацоўвае Тамаш Макоўскі, а друкуецца яна ў Антверпене. Можна сказаць, што наша частка Еўропы была адлюстравана на гэтай мапе на вышэйшым узроўні магчымага тады развіцця навукі".
Як падкрэсліў аўтар ідэі выставы Эдуард Куфцерын, большасць старажытных картаў спалучае мастацкую і дакументатыўную часткі. "Вось перад намі карта Паўночнай Еўропы Олафа Магнуса 1539 года, — паказвае ён. — Насамрэч твор мастацтва! Гэта мапа-энцыклапедыя, да яе выдадзена аўтарам яшчэ і вялізная кніга "Гісторыя паўночных народаў". І кожнай выяве, кожнаму элементу гэтай мапы ёсць тлумачэнне. Гэта, па-мойму, адзіная мапа, дзе ёсць адлюстраванне сцэны, як наша шляхта палявала на зуброў".
Паодле слоў Куфцерына, старажытныя мапы — свайго роду ключы да пераасэнсавання вобразаў, якімі мы жывем.
БелаПАН, 24 ліпеня 2014