https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Фестываль нямога кіно пад адкрытым небам упершыню пройдзе ў Гродне


Аб гэтым паведаміў адзін з арганізатараў фестывалю і куратар праекта Cinemascope Гера Глік.
На тры вечары 27-29 чэрвеня ўнутраны двор Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі ператворыцца ў кінатэатр пад адкрытым небам. Гледачам пакажуць тры старыя кінастужкі: гадзінны нямецкі фільм "Лялька", зняты ў 1919 годзе рэжысёрам Эрнстам Любічам, савецкі фільм вытворчасці 1935 года "Касмічны рэйс" рэжысёра Васіля Жураўлёва і амерыканскі фільм 1923 года "Нарэшце ў бяспецы" Фрэда С.Ньюмеера і Сэма Тэйлара.

Арганізатары фестывалю плануюць надаць кінапаказу ўнікальную атмасферу. Фільмы будуць дэманстравацца пад жывую музыку сучасных беларускіх кампазітараў і выканаўцаў. Прычым музыканты або рыхтуюць аўтарскае музычнае суправаджэнне спецыяльна пад кожны фільм, або аднаўляюць арыгінальныя класічныя мелодыі тапёраў, якія суправаджалі нямое кіно ў 20-я гады мінулага стагоддзя.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць праект Cinemascope (Мінск), Гродзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі і Асацыяцыя маладых беларускіх кампазітараў. Як растлумачыў Гера Глік, фестываль нямога кіно не мае камерцыйнага характару. "Фестываль мае асветныя і іміджавыя мэты. Ён становіцца своеасаблівай пляцоўкай для сучаснай музыкі, дае магчымасць беларускім кампазітарам прадставіць свае творы шырокай аўдыторыі і разам з тым дае ўнікальны шанц для беларускага гледача пашырыць свой кругагляд, азнаёміцца з гісторыяй кіно, з прыкладамі нямых кінастужак розных краін і розных жанраў", - сказаў ён.

Фестывальныя паказы нямога кіно пад сучасную музыку адбудуцца таксама ў Мінску 26 чэрвеня, 3, 10 і 17 ліпеня. Фестывальнай пляцоўкай выступіць мемарыяльны музей-майстэрня З.Азгура. У сталіцы будуць паказаны 7 старых фільмаў 1912-1928 гадоў вытворчасці Японіі, Германіі, СССР, Францыі, ЗША. У планах Cinemascope гэтым летам арганізаваць такія фестывалі ў Магілёве і Брэсце.

23 чэрвеня 2014, Гродна
Таццяна Вішнеўская - БЕЛТА
 
Дата публикации:23.06.2014
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:1599
 
Ключевые слова:
Фэст культуры Кинематограф Гродна
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме