Як паведамляе сайт Мінгандлю, устаноўленыя факты распаўсюджвання праз паштовыя скрыні ў жылых дамах Мінска і Магілёва неналежнай рэкламы "Здаровая сям`я", выкананай у выглядзе газетных старонак. "Названая рэклама з`яўляецца рэкламай бальзаму "Алтайскі лекар", комплексаў "Каменнае масла +7", "Сібірская лістоўніца +7" і крэму "Дабрадзея жывічны +7". Гэтая прадукцыя, паводле звестак Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь, не зарэгістраваная на тэрыторыі нашай краіны ні ў якасці лекавых сродкаў, ні ў якасці вырабаў медыцынскага прызначэння", — паведамляе сайт Мінгандлю.
"Разам з тым гэтая рэклама ўтрымлівае інфармацыю пра лячэбныя ўласцівасці гэтай прадукцыі — шматлікія спасылкі на фармакатэрапеўтычныя эфекты, якія аказвае гэтая прадукцыя, а таксама на іх лячэбнае дзеянне, — адзначаецца ў паведамленні. — Таксама рэклама ўтрымлівае водгукі фізічных асоб пра вынікі прымянення імі рэкламаванай прадукцыі ў лячэнні шырокага кола захворванняў, што таксама з`яўляецца інфармацыяй аб лячэбных уласцівасцях гэтай прадукцыі".
Пры правядзенні разбору было ўстаноўлена, што рэкламадаўцам і распаўсюджвальнікам рэкламных улётак "Здаровая сям`я" з`яўляецца ТАА "Алтайскі знахар", паведамляе Мінгандлю.
Паводле ацэнкі спецыялістаў ведамства, названая арганізацыя парушае патрабаванні закона "Аб рэкламе", згодна з якім рэклама не павінна ўтрымліваць указанне на лячэбныя ўласцівасці аб`екта рэкламавання, за выключэннем рэкламы лекавых сродкаў, метадаў аказання медыцынскай дапамогі, работ і (або) паслуг, якія складаюць медыцынскую дзейнасць, а таксама вырабаў медыцынскага прызначэння і медтэхнікі.
Мінгандлю вынесла парушальніку прадпісанне аб устараненні парушэння заканадаўства аб рэкламе, а Мінгарвыканкам накіраваў у суд два пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях за размяшчэнне неналежнай рэкламы на тэрыторыі Мінска і на сайце alt-znahar.by.
БелаПАН
Мінск, 6 красавіка 2014