https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Як сёлета будуць адзначаць Дзяды


У «Гістарычнай майстэрні» на вуліцы Сухой, 25 у Менску 28 кастрычніка адбудзецца прэзэнтацыя грамадзкага вэб-архіву «Вытокі», прымеркаваная да дня памяці продкаў «Дзяды».
Аўтапрабег з наведваньнем месцаў пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсій і традыцыйнае шэсьце ў Курапаты таксама адбудуцца на Дзяды — 29 і 30 кастрычніка.

Вэб-архіў «Вытокі», прысьвечаны памяці рэпрэсаваных, будзе прэзэнтаваны разам з відэаархівам успамінаў былых вязьняў ГУЛАГу. Яго сабралі сёлета здымачныя групы рэжысэра Віктара Корзуна і актывістаў кампаніі «Пакаяньне» аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя», кажа актывістка кампаніі Валерыя Чарнаморцава:

«Зараз мы будзем прэзэнтаваць першую частку гэтай працы. Мы аб’ехалі больш за 20 вязьняў ГУЛАГу, фіксавалі рэчы, якія засталіся зь лягераў. Асноўная мэта стварэньня гэтага архіву — гэта стварыць віртуальны музэй савецкіх рэпрэсій у Беларусі».

Таксама дню памяці продкаў «Дзяды» прысьвечанае наведваньне месцаў пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Менску, якое дэмакратычныя актывісты штогод ладзяць 29 кастрычніка. Менавіта ў ноч на 30 кастрычніка ў Менску былі расстраляныя больш за 100 чалавек зь ліку беларускай інтэлігенцыі: літаратары, настаўнікі, навукоўцы. Аб’езд месцаў пахаваньня — у іх памяць, кажа адна з арганізатарак Ганна Шапуцька:

«Гэта будзе адбывацца ў выглядзе аўтапрабегу. Будуць машыны ад Кальварыйскіх могілак, дзе былі расстраляныя людзі, пасьля Лошыцкі яр, пахаваньні ў Трасьцянцы, парку Чалюскінцаў. А на завяршэньне будуць Курапаты. Там будзе малітва, гісторык і дасьледчык Ігар Кузьняцоў зачытае імёны расстраляных, да крыжоў будуць ускладзеныя кветкі і запаленыя сьвечкі».

У нядзелю, 30 кастрычніка, з нагоды «Дзядоў» у Менску адбудзецца традыцыйнае шэсьце ў Курапаты, якое ладзіць Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя БНФ. Акцыя памяці праходзіць штогод, пачынаючы з 1988 году, кажа намесьнік старшыні партыі Юрась Беленькі:

«Акцыя адбудзецца, падрыхтоўка ідзе, людзі прыйдуць, дасьць Бог — усё будзе добра, як звычайна. Мы нясем наш сьвяты бел-чырвона-белы сьцяг, нясем крыжы. І жыве Беларусь, калі ёсьць людзі, якія ахвяруюць сваім выходным днём, прыходзяць і праходзяць гэты шлях. Гэта дае надзею на будучыню».

На нядзелю, 4 лістапада, КХП БНФ заплянавала правесьці таксама традыцыйнае шэсьце да месца пахаваньня ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў у Лошыцы. Аднак Менгарвыканкам пакуль ня даў дазволу на правядзеньне акцыі.

Галіна Абакунчык
Радыё Свабода
28 кастрычніка 2011
 
Дата публикации:28.10.2011
Тематика:Культура, Беларусь
Просмотров:3544
 
Ключевые слова:
Курапаты Дзяды Музей советских репрессий
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме